Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Брэшуць толькі сабакі, а на Радыё Свабода людзі працуюць"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 4 чэрвеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Хацелася б адказаць на словы Беленькага, хто ня любіць Беларусь. Менавіта, Беларусь ня любіць Мілінкевіч. Беларусь ня любіць Лябедзька. Той жа Беленькі. І ўсе, хто падарожнічае па Захаду, прадае Беларусь за “зялёныя” і за “эўра”. Што тут яшчэ можна абмяркоўваць?!”

Віктар Бутто, Менск: “Відаць, што толькі генэрал Фралоў ці Аляксандр Казулін могуць быць сур’ёзнымі сапернікамі прэзыдэнту Лукашэнку. Ім саступае нават Аляксандр Мілінкевіч, у якога пакуль больш рэйтынг. Але ў яго і вельмі вялікая хіба – Аляксандр Мілінкевіч не жадае ці баіцца б’яднаць нацыю, але пры гэтым дабіваецца аднаасобнага лідэрства, як Лябедзька, Калякін, Статкевіч і іншыя падобныя палітыкі, у якіх рэйтынг менш за 1 %”.

Спадар: “Згодзен з тымі, хто прытрымліваецца думкі, што на сучасны момант уся дэмакратычная апазыцыя павінна аб’ядноўвацца не вакол лідэра, а вакол ідэі, вакол галоўнай задачы. І такой задачай, на маю думку, зьяўляецца барацьба за зьмяненьне выбарчага заканадаўства, пачынаючы са скасаваньня датэрміновага галасаваньня і канчаючы выбарамі пра прапарцыянальна-мажарытарнаму прынцыпу, як гэта зроблена і ў іншых краінах, у тым ліку і ў Расеі. Гэтая барацьба павінна весьціся на ўсіх напрамках і кожны дзень. Калі будзе зьменена выбарчае заканадаўства, тады і можна будзе разьлічваць на перамогу. А калі не, то ніякі лідэр не пераможа”.

Спадар: “На Вашым радыё кожны дзень чую запіс званка аднаго слухача, які сказаў: “На наш народ так брахаць! Непрыгожа Вы робіце…” Хацелася б сказаць гэтаму таварышу: брэшуць толькі сабакі. А на Радыё Свабода людзі працуюць. Калі Вам так хочацца сапраўдную брахню пачуць, уключайце беларускае радыё і тэлебачаньне. Вось дзе ўмеюць брахаць. У гэтым ім проста роўных няма. Вось ім і пазваніце і скажыце, каб не брахалі. Толькі наўрад ці Вас там пачуюць. Ім загадана брахаць, і яны будуць гэта рабіць”.

Інвалід-вазочнік: “Вось сяджу і мяркую аб тым, каб хоць на кропельку палепшылася жыцьцё інваліда-калясачніка. Сам таі. З гісторыі па кінастужках ведаю, што ахова правадыра сусьветнага пралетарыяту Ўладзімера Леніна складалася з адной асобы. Хацелася б ведаць, колькі яе і якая абслуга ў нашага “бацькі” Аляксандра Рыгоравіча. Дзесьці чытаў, што ў яго ёсьць шыкоўны Боінг – дзесьці аж 100 мільёнаў даляраў і мноства “мэрсэдэсаў”. Мяркую, за ўсе гэтыя грошы можна, напрыклад, у Менску паўсюль зрабіць пандусы: на пераходах, у дамах, крамах і гэтак далей. Таксама зрабіць пляцоўкі, пад’ёмнікі на людзкім транспарце, таксам ліфты на пад’земку ў мэтро для інвалідаў-калясачнікаў”.

Аляксандр, Маладэчна: “Чаму Вы Мілінкевіча называеце “лідэрам апазыцыі,” калі ён такім не зьяўляецца? Ён нават ня стаў сустаршынёю аб’яднанай апазыцыі. То бок атрымліваецца, што ён сам сябе прадстаўляе. Магчыма, гэта праект заходніх спэцслужбаў. Ёсьць падставы гэта сьцьвярджаць, таму што нехта ж яго фінансуе. Дык усё ж чаму Вы яго называеце лідэрам беларускай апазыцыі?”

Ларыса, Менск: “Хачу параіць нашаму ўраду зьвярнуць увагу на праблему алькагалізму сярод нашага насельніцтва. Трэба, каб была праграма ўраду, дзе павінны былі б быць прыцягнутымі мэдыцынскія работнікі. Алькаголікі – гэта мужчыны і жанчыны маладога ўзросту, якія часам пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Вось гэтыя дзеці і трапляюць у дзіцячыя дамы, і дзяржава выдаткоўвае шмат сродкаў на ўтрыманьне гэтых дзяцей. А дзеці павінны выхоўвацца ў сям’і. Гэту праблему трэба вырашаць ураду. І ўрад павінен падтрымліваць апазыцыю. Бо ў краіне ідзе пэўная дэградацыя насельніцтва. Гэтых жа людзей нічога не цікавіць, а ўраду трэба клапаціцца пра здароўе нацыі. Здаровыя бацькі – здаровыя дзеці”.

Спадарыня: “Вы паведамлялі, што работнікам цукровых заводаў Беларусі загадана вярнуць набытыя імі акцыі сваіх прадпрыемстваў дзяржаве. Гэтай дзяржаве не патрэбныя рабочыя ўласьнікі, якія па-гаспадарску думаюць пра звод і пра свой заможны дабрабыт. Застаецца думаць пра гарэлку ды слухаць эмацыйныя імправізацыі кіруючага на любую палітычную тэму. І ня толькі на тэмы палітычныя.На што ж самім яшчэ думаць?! Гэтай дзяржаве не патрэбен і ўласьнік на вёсцы – фэрмэр, прадпрымальнік, не патрэбна нацыянальна сьвядомая адукаваная моладзь і многае іншае, што падымае да высокага слова Нацыя. Дзякуй. Усяго найлепшага ў працы”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Шчыра вітаю Вас, дарагія сябры! Для “Начной Чытанкі” гучыць адзін з маіх вершаў, які называецца “Салігорскія шахцёры”: Калі на небе гаснуць зоры, І месячык забег за хмары, Выходзяць з-пад зямлі шахцёры, Ад працы стомленыя твары. Ідуць у касках зь ліхтарамі Сыны любімай Беларусі Да дому позна вечарамі. Заўсёды імі ганаруся. Я ганаруся родным краем. Наш край вядомы і багаты. Соль тут у шахце здабываем, Калійныя ёсьць камбінаты. Я ганаруся Салігорскам, Людзьмі, якія тут жывуць, У нашым горадзе шахцёрскім, Бо іх шахцёрамі завуць.

Спадарыня: “Я хачу папрасіць Лукашэнку, каб ён не здымаў льготы з пэнсіянэраў. Бо мы і так савецкаю ўладаю былі пакрыўджаныя і ёсьць. І я хачу сказаць Маскве, каб яны не падавалі руку Беларусі, бо мы ня хочам, каб яны былі ў нас, ня хочам, каб яны камандавалі. І мы просім Лукашэнку не цягнуць нас да Расеі. Бо мы ня можам жыць пры савецкай уладзе, бо яна вяртаецца назад. А мы Эўропа і хочам быць у Эўропе. Учора з Эўропы прыехалі высокапастаўленыя людзі сказалі, што не аддадуць Беларусь Расеі: “Беларусь – гэта Эўропа, і мы забярэм Беларусь”. Я такая ўсьцешаная была. Дзякуй ім. І яшчэ я чула па Радыё Свабода, што ў Вас будуць прымачы даваць як прыз людзям. Я проста пазайздросьціла. Мне трэба. Ну, дзякую Вам за ўвагу”.

Спадар: “Рэспубліканскую пракуратуру будзем называць Генэральнай пракуратурай. А я лічу, што яе трэба называць Генэральнай палітычнай пракуратурай – ГПП. Адсутнасьць вынікаў у пошуках Захаранкі, Завадзкага, Ганчара, Красоўскага і апэратыўнасьці па крымінальных справах “пажарнікаў,” Сяргейчыка і, з другога боку, справы Садоўскай, Клімава, мульцікі і іншых гэтую назву пацьвярджае. А ідэалягічныя аддзелы трэба назваць на савецкі манер – палітаддзеламі”.
XS
SM
MD
LG