Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адна зь першых у Эўропе паводле колькасьці зьняволеных


Алена Струвэ, Менск Беларусь мае адзін з самых высокіх паказьнікаў у Эўропе паводле колькасьці зьняволеных: 426 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Такія дадзеныя апошніх дасьледаваньняў Міжнароднага цэнтру вывучэньня турмаў пры лёнданскім King'' s College. Першае месца ў Эўропе займае Расея (623 чалавекі). У дзясятку лідэраў таксама ўвайшлі яшчэ 7 постсавецкіх краін.

Аналізуючы стан выпраўленчых установаў на постсавецкай прасторы, экспэрты адзначаюць перанаселенасьць турмаў, іх надзвычай нізкі санітарны ўзровень, праблему недастатковай бясьпекі вязьняў, уключна зь фізычным гвалтам і сэксуальнымі нападамі.

Прафэсар–крыміноляг з унівэрсытэту ў Осла Нільс Хрысты называе беларускі паказьнік асуджаных – амаль паўпрацэнта ад насельніцтва краіны – вельмі высокім, а сыстэму пакараньня с– астарэлай. Нільс Хрысты – аўтар гэтак званай альтэрнатыўнай канцэпцыі пакараньня, якая апошнім часам выклікае сапраўдны бум цікавасьці ў Заходняй Эўропе. Згодна зь ёй, канфліктныя сытуацыі – нязначныя злачынствы кшталту дробнага крадзяжу ці хуліганства – павінны вырашацца на ўзроўні людзей, а не праз пэнітэнцыярную сыстэму. Дарэчы, паводле колькасьці зьняволеных Нарвэгія мае паказьнік 61 на 100 тысяч чалавек.

Знаўца ўсясьветных турмаў перакананы, што дзейнае ў Беларусі – адзінай эўрапейскай краіне – сьмяротнае пакараньне ніяк ня здолее паўплываць на зьніжэньне забойстваў і цяжкіх злачынстваў.

Тое самае тычыцца і крадзяжу, рабаваньня. Нарвэскі прафэсар бачыць шмат агульнага ў пэнітэнцыярных сыстэмах Беларусі і Расеі. Калісьці ў часы прыгоннага права турмы на гэтых тэрыторыях не былі перапоўненыя. Многія прыгонныя сяляне, якія не падпарадкоўваліся сваім гаспадарам, этапаваліся на руднікі ў Сібір. Потым інстытут прыгоннага права замяніў ГУЛАГ. У лягерах адбывалі пакараньне іншадумцы. Цяпер іншадумцы сядзяць у сьледчых ізалятарах, падобных на камэры катаваньня. Побач з рэцыдывістамі. Супраць гэтых людзей можа выкарыстоўвацца гэтак званае “прэсаваньне” – выцягваньне паказаньняў.

Паводле экспэрта, “судзьдзі ў абедзьвюх краінах цалкам залежныя ад існуючых уладаў. Бо менавіта ўлады зьяўляюцца іхнымі працадаўцамі”. Крыміноляг лічыць, што абвінавачаньню ў Беларусі і Расеі надаецца надзвычай высокае значэньне. “Менавіта таму судовыя ізалятары перапоўненыя. Расейскія і беларускія судзьдзі ня часта вырашаюць апраўдаць падсудных. Яны нярэдка вяртаюць справы ў пракуратуру. Пакуль там вырашаюць, абвінавачаныя працягваюць знаходзіцца за кратамі”, – перакананы нарвэскі прафэсар.

“Такая састарэлая сыстэма пакараньня не спрыяе таму, што пасьля вызваленьня былыя зьняволеныя становяцца лепшымі”, – адзначае Нільс Хрысты.

Барбара Заўрых, добраахвотніца зь Нямеччыны (дарэчы, гэтая краіна мае паказьнік 91 чалавек на 100 тысяч зьняволеных), узгадвае свае ўражаньні ад наведаньня беларускіх жаночых выпраўленчых устаноў.

“Зь гледзішча нашых заходніх грамадзтваў выглядае дзіўным, што тут за краты можна трапіць у выніку нязначнага злачынства. У нас за гэта звычайна ўжываюцца штрафы. Многія асуджаныя дэградуюць маральна. Ім цяжка пасьля вызваленьня інтэгравацца ў грамадзтве. Гэта праблема”

У першую дзясятку эўрапейскіх краін з самым высокім паказьнікам зьняволеных пасьля Расеі і Беларусі таксама ўваходзяць Украіна (345), Эстонія (333), Латвія (292), Грузія (276), Малдова (247), Польшча (239), Літва (235), Азэрбайджан (202). Самы нізкі паказьнік сярод эўрапейскіх краін (37) мае Ісьляндыя. У сьвеце самы высокі паказьнік колькасьці зьняволеных маюць ЗША ( звыш за 700) і самы нізкі – Аўстралія (11).
XS
SM
MD
LG