Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашырэньне здабычы торфу выклікае канфлікты


Вячаслаў Кулік, Нясьвіж Званкі слухачоў на Радыё Свабода нярэдка падказваюць адрасы для камандзіровак журналістаў.

Тэлефанаваньне Алены Піскун:

“Я – жыхарка вёскі Слаўкава Нясьвіскага раёна. У нас ў вёсцы ёсьць торфазавод. Пабудаваны ён яшчэ ў 1940 годзе. Гэта прадпрыемства трэба было закрыць. Але ў сувязі з тым, што трэба паліва, пад пашырэньне торфапляцоўкі забіраюць пашу. Няма магчымасьці пасьвіць скаціну ў іншым месцы. І тая паша, што забіраюць – апошняе балота ў Нясьвіскім раёне”.

Вялікая вёска ў напрамку ад Нясьвіжу на Капыль мае назву Слаўкава. Тутэйшыя кажуць, што некалі ў гэтай мясцовасьці затрымліваліся Радзівілы. Слаўнае тут было навакольле. Дрэвы, птушкі, балота з журавінамі, глыбокія сажалкі. Так што Слаўкава – назва, дараваная Радзівіламі.

Рэпутацыя райскага кутка пахіснулася за бальшавікамі. Ад пасьляваеннага часу да сёньня тут ня толькі нішчаць маляўнічыя краявіды, але й адбіраюць сенажаці ды пашу пад дадатковыя торфапляцоўкі. Паслухаем мясцовых жыхароў:

“Якое тут малако?! Як прыпячэ сонца, то зямля стане голай!”, – кажа спадарыня Вольга.

“Каровы тут ходзяць цэлы дзень, – далучаецца да гутаркі Галіна Крыжык. – У нашай вёсцы цяпер усяго 28 кароў. Ну што гэта? Дробязь – на вялікае Слаўкава.

Зяць Галіны – Міхаіл Крыжык: “Я памятаю, што раней вяскоўцы трымалі 96 кароў”.

Спустошыў ранейшы аазіс торфазавод “Чырвоная зорка”

Наведаў я і мясцовыя торфазавод “Чырвоная зорка”. За больш як 60 гадоў ён спустошыў ранейшы аазіс. Пра свае ўражаньні кажа Іван Сівы – вэтэран вытворчасьці:

“Там нічога не расьце. Ужо ўсё выбрана. Глей толькі застаецца. Дык нібыта – пад лясгас. А сельскай гаспадарцы тут нічога не застаецца”.

Ад вёскі Слаўкава да Нясьвіжу – рукой падаць. Калі на апошнім радзівілаўскім балоце ў 120 гектараў, палезуць за торфам у глыбіню, то высушаць і парк ля замка ў горадзе. Начальнік Нясьвіскай дзяржінспэкцыі ў ахове прыроды Міхаіл Чычко:

“Я – супраць. Акадэмія навук мусіць даць заключэньне”.

Паводле Міхаіла Чычко, калі нясьвіскі торфазавод “Чырвоная зорка” трапіць ў дзяржаўную праграму “Энэргетычная бясьпека”, то лёс апошняга балота будзе трагічны для мясцовай экалёгіі.

Дарэчы, у Беларусі плянуецца павелічэньне здабычы торфу да 3,3 мільёна тон у год на энэргетычныя мэты і да 3 мільёнаў – на сельскагаспадарчыя патрэбы. У мінулым годзе, як сьведчыць статыстыка, Беларусь здабыла 2 мільёны тон торфу.

Рэзкае пашырэньне здабычы торфу на месцах пашы, сенажацяў і іншых сельскагаспадарчых угодзьдзяў выклікае сацыяльныя канфлікты ў вёсках Слуцкага, Старадароскага, Любанскага й шэрагу іншых раёнаў. Тым часам у Беларусі 22 торфзаводы разьлічваюць на павелічэньне сваёй магутнасьці.

Вясковы статак на ацалелым лапіку апошняга балота;

У гэтых мясьцінах зьніклі дрэвы, птушкі, рыба;

Завод «Чырвоная зорка», які спаліў балота Радзівілаў;

Фота аўтара.
XS
SM
MD
LG