Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды беларусы – гэта “людзі на балоце”?


Іна Студзінская, Менск Ёсьць такі стэрэатып: беларусаў называюць “людзі на балоце”. Магчыма, зь лёгкай рукі Івана Мележа, які напісаў аднайменны раман. Магчыма, таму што народ, як прынята думаць, рахманы, законапаслухмяны. Ці адпавядае гэта рэчаіснасьці, ці засталіся беларусы ў ХХІ стагодзьдзі “людзьмі на балоце”?

Іван Мележ у “Людзях на балоце”, Якуб Колас у “Новай зямлі” пісалі пра “людзей на балоце”, так бы мовіць, з пазытыўным адценьнем. У клясыкаў гэта былі сумленныя, працавітыя, годныя, добразычлівыя людзі. А потым зьявілася нэгатыўная афарбоўка... Ці добра, што беларусаў называюць па-ранейшаму людзьмі на балоце? Меркаваньне філёзафа Валянціна Акудовіча:

Валянцін Акудовіч: “Унутры сябе мы яшчэ балотныя людзі, з калтуном, з комплексам партызан, падпольшчыкаў”

“Думаю, сёньня гэта ўжо ня добра. Калі раней балота нас ратавала, гадавала, давала нам есьці і таму вызначала нашу мэнтальнасьць, то сёньня не таму, што балоты асушылі, а таму, што сучасны сьвет патрабуе чалавека адкрытага. Найперш, наша мэнтальная праблема: што ўнутры сябе мы яшчэ балотныя людзі, мы яшчэ з калтуном, мы яшчэ з тымі комплексамі партызан, падпольшчыкаў. На сучасным этапе гэта наш вялікі мінус, і зь яго паходзіць бальшыня нашых праблемаў”.

Эдуард Дубянецкі: “Для выжываньня нацыі трэба як мага больш узвышаных, “нябёсных” людзей”

На погляд культуроляга Эдуарда Дубянецкага, беларусаў нельга агулам называць “балотнай” нацыяй. Бо ў кожнай нацыі ёсьць людзі, якія жывуць матэрыяльнымі, прагматычнымі, штодзённа-побытавымі каштоўнасьцямі. Іх спадар Дубянецкі называе “зямельнымі”, альбо балотнымі людзьмі. Іншыя ж жывуць пераважна больш высокімі інтарэсамі – духоўнымі, інтэлектуальнымі, якіх ён мэтафарычна называе “нябёснымі” людзьмі:

“На мой погляд, у сучасны пэрыяд такіх, умоўна кажучы, “балотна-зямельных” людзей стала значна болей, чым “нябёсных”. Хаця для выжываньня нацыі, яе пасьпяховага разьвіцьця як мага большая колькасьць узвышаных, “нябёсных” асоб вельмі важная і актуальная. Толькі тады, калі такіх людзей будзе значна болей, можна спадзявацца сапраўды на росквіт нашай краіны, нашай Бацькаўшчыны”.

Янаў Палескі: “Шчыра кажучы, наконт балота ў мяне няма ніякага адказу”

Філёзаф, які публікуецца пад красамоўным псэўданімам “Янаў Палескі”, выказаў такую думку:

“Беларусы, як і любы іншы народ, уяўляе сабой такі канглямэрат даволі розных псыхалёгій. У мяне няма нейкай мэтафары абагульняючай, пад якую я б мог падвесьці беларусаў. Шчыра кажучы, наконт балота ў мяне няма ніякага адказу. Я ня ведаю”.

Адам Глёбус: “Беларусы заўсёды сяліліся на гары. Ніхто ў балоце не жыве, акрамя дурняў”

Літаратар Адам Глёбус катэгарычна нязгодны, што беларусы – гэта “людзі на балоце”:

“Гэта сьвядомая фальсыфікацыя, пэўнымі людзьмі зробленая. Таму што заўсёды беларусы сяліліся на гары. Такі закон. Усе нашы гарадзішчы – гэта гара, гэта чалавек на гары. А потым пайшла сьвядомая фальсыфікацыя, што мы на гнілой Нямізе Менск збудавалі, што мы – людзі на балоце, што мы прыніжаныя. Гэта ўсё ілжыва, непраўдзіва. Нармальны чалавек ведае, што трэба захапіць высотку, трэба жыць на гары, бо нашы рэчкі разьліваюцца, гэта мы ведалі спрадвеку. Ніхто ў балоце не жыве, акрамя дурняў”.

• Слоўнік Свабоды: Балота
XS
SM
MD
LG