Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ і беларускія ўлады знайшлі агульную тэму для журналістаў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня раніцай у Менску пачынаецца двухдзённы міжнародны сэмінар пад назовам “Узаемадзеяньне мэдыяў і дзяржаўных прэсавых службаў у дэмакратычным грамадзтве”. Яго арганізуе празь менскі офіс АБСЭ Бюро прадстаўніка ў пытаньнях свабоды мэдыяў АБСЭ. Чакаецца, што ў сустрэчы журналістаў і палітыкаў будзе ўдзельнічаць кіраўнік згаданага Бюро Міклаш Харашці.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў гаворыць, што афіцыйныя ўлады ў Менску падтрымалі ідэю правядзеньня сэмінару:

“Ініцыятыва зыходзіла ад прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ. Ён выйшаў на нас з прапановай правесьці гэтае мерапрыемства. А беларускі бок прапанову падтрымаў”.

Ад журналістаў-калегаў зь недзяржаўных выданьняў даводзілася неаднойчы чуць, як цяжка ім атрымліваць неабходную для працы інфармацыю ў дзяржаўных структурах. Намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Народная воля” Марына Коктыш распавядае пра свой досьвед:

“Я лічу, што найперш усё залежыць ад чалавека, які ўзначальвае прэсавую службу. Прыкладам, мне вельмі падабаецца, як працуе прэсавы сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Пётар Рабухін. Ён не падзяляе журналістаў на “чэсных” і “нячэсных”. Ён дае інфармацыю, карысныя парады, адным словам, сапраўды, дапамагае. Да яго можна зьвяртацца зь любой нагоды. Вось ён працуе добра.

А ёсьць зусім іншыя прыклады. Скажам, прэсавая служба Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Звычайна туды можна і не тэлефанаваць, бо ў іх ёсьць стандартны адказ: “Мы гэтую падзею пакідаем без камэнтароў”. І вось гэта прэсавая служба, на мой погляд, працуе ніяк. Да таго ж, у іх не абнаўляецца сайт у інтэрнэце, няма зводак навінаў”.
”Мне вельмі падабаецца, як працуе прэсавы сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту. А прэс-служба КДБ працуе ніяк.”
Зь беларускага боку ў арганізацыі сэмінару дапамагаюць Міністэрства замежных справаў і Нацыянальны прэсавы цэнтар. А вось Беларуская асацыяцыя журналістаў, кажа намесьнік старшыні Андрэй Бастунец, не ўваходзіць у склад арганізатараў сэмінару. Некаторыя сябры асацыяцыі толькі запрошаныя на сэмінар асабіста.

Спадар Бастунец лічыць, што тэма сэмінару магла быць іншай:

“Больш актуальнай выглядае тэма вывучэньня таго, як беларускія ўлады выканалі рэкамэндацыі спадара Харашці, якія ён зрабіў у 2005 годзе. А абраная тэма, магчыма, сьведчыць пра тое, што шукалі менш вострыя пытаньні”.

Міклаш Харашці ў 2005 годзе прапанаваў беларускім уладам выкарыстоўваць магчымасьці Бюро, якое ён ачольвае. Гэта патрэбна, як адзначыў тады спадар Харашці, “для спрыяньня ўраду ў справе паляпшэньня сытуацыі ў галіне мэдыяў як у бліжэйшай будучыні, так і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве”. Прынамсі, уладам найперш прапаноўвалася правесьці юрыдычную рэформу, а таксама адмовіцца ад абмежаваньняў зь дзейных нарматыўных актаў.
XS
SM
MD
LG