Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Каткоўская: “Для мяне Ўладзя не сышоў. Ён проста жыве ў іншым месцы”


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску разьвіталіся з нашым калегам Уладзімерам Каткоўскім. На пахаваньне прыйшлі многія сваякі, сябры рэальныя і віртуальныя, інтэрнэтчыкі, супрацоўнікі менскага бюро Радыё Свабода. Уладзю пахавалі на могілках Пятроўшчына, што ў менскім раёне Паўднёвы Захад.

Слухаць:



Сёньня прыкладна а другой гадзіне да аднаго з дамоў па вуліцы Шаранговіча, што ў менскім раёне Сухарава, прыходзілі людзі ў чорным з кветкамі і вянкамі. Ішлі разьвітацца з Уладзем. Людзі затрымліваліся каля труны, пакрытай бел-чырвона-белым сьцягам, ускладалі кветкі, маліліся. Рабілі запісы ў кнізе спачуваньняў.

Вельмі шмат словаў на разьвітаньне сказалі свайму сябру Ўладзю Каткоўскаму беларускія інтэрнэт-блогеры, сярод якіх ён меў вельмі вялікі аўтарытэт. Побач з кнігай спачуваньняў раздрукаванае й слова на разьвітаньне дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.

Пахаваньне Ўладзімера Каткоўскага, Менск, 2 чэрвеня 2007 г.

Пахаваньне Ўладзімера Каткоўскага, Менск, 2 чэрвеня 2007 г.

Пахаваньне Ўладзімера Каткоўскага, Менск, 2 чэрвеня 2007 г.

Пахаваньне Ўладзімера Каткоўскага, Менск, 2 чэрвеня 2007 г.

Адным з самых блізкіх для Ўладзімера людзей была яго родная сястра Дар’я Каткоўская:

“Для мяне яшчэ вельмі балюча тое, што цяпер мне няма з кім падзяліць успаміны пра сваё дзяцінства. Уладзя мой адзіны брат, больш у мяне няма ні братоў, ні сёстраў. Я ведала яго як вельмі добрага брата. У нас зь ім розьніца шэсьць з паловай гадоў, і пасьля таго, як Уладзя зьехаў за межы Беларусі і я стала старэйшай, у нас былі вельмі добрыя адносіны. Кожны дзень амаль мы стэлефаноўваліся, шмат сустракаліся ў сеціве, гэта ён мяне прывёў у сеціва, і я таксама пачала трошкі жыць кібэржыцьцём, як і ён. Гэта проста блізкі мне чалавек, зь якім я магла абмеркаваць абсалютна ўсё. І ў прынцыпе, я і зараз буду зь ім гэта ўсё абмяркоўваць. Для мяне Ўладзя не сышоў, проста ён жыве ў іншым месцы”.

Грамадзкі актывіст Алесь Мазур быў знаёмы з Уладзімерам Каткоўскім у сеціве:

“Вельмі шкада, што здараюцца такія недарэчнасьці, і вось сышоў з жыцьця чалавек, які спрычыніўся да стварэньня беларускага інтэрнэту, і проста харошы чалавек. Многія мае знаёмыя, якія жывуць зараз у Празе, вельмі цёпла адзываліся і адзываюцца аб гэтым чалавеку”.

Слова на разьвітаньне таксама сказаў Уладзеў калега, менскі інтэрнэтчык Аляксей Чарняеў:

“Часта мы лічым героямі тых людзей, якія праявілі сябе нейкім чынам на палітычным полі, але такія людзі, як Уладзя – ён сапраўды герой, хаця ён дзейнічаў, здаецца, у віртуальнай прасторы, але ён вельмі шмат зрабіў для Беларусі, для таго, каб пра Беларусь дазналіся ў сьвеце, для таго, каб беларусы змаглі атрымаць сваю дзялянку ў новай інфармацыйнай прасторы”.

Пасьля паніхіды, якую адслужылі грэка-каталіцкія сьвятары айцец Андрэй Абламейка і айцец Андрэй Буйніч, жалобная працэсія накіравалася на могілкі Пятроўшчына.

Гл. таксама:

• Уладзя

• Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім на “Свабодзе” 31.05.2007

• Пасол Беларусі ў кібэрпрасторы 31.05.2007

• Вянок памяці: Уладзімер Каткоўскі 26.05.2007
XS
SM
MD
LG