Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатаконкурс "Мая Беларусь": сьвятло працуе на Вашу перамогу


Валер Дранчук, Менск З аглядам фотаскрыні – вядучы Валер Дранчук.

Шчыра вітаю чарговых удзельнікаў фатаконкурсу і ўсіх, хто заглянуў на “Свабоду”. Наша конкурсная старонка – добрая падстава, каб затрымацца. Галерэя ўнушальная! На апошнія хвіліны серады (так дамаўляліся) мы атрымалі больш за 50 фотаздымкаў. Колькасьць аўтараў значна паболела, ёсьць сярод іх і знаёмыя, хто першай публікацыяй (і досыць пасьпяховай, скажу ад сябе) падахвоціўся на далейшы ўдзел. Назаву ўсіх па парадку:

Аляксей Ажынскі Аляксандар Фірулёў, Аляксей Адамовіч, Раман Забела, Сяргей Марозаў, Слава, Аляксандар Кушнер, Павал Місуна, Арсень Пахомаў, Людміла Пракопава, Міхал Румянцаў, Антон Якутовіч, Вадзім Цітоў, Сястра Жана, Валеры Казюмінскі, Сьнежны Чалавек, Zorna, InSomnia, Svirepix.

ЗЯЛЁНЫ ВЕЦЕР У ВЕТРАЗІ

Пачынаем агляд з добрага здымка Аляксандра Фірулёва “Прастора, якая вабіць. Малады шпак “.

Раю затрымацца на гэтым здымку. Толькі на першы погляд ён можа падацца шарагова звычайным. На справе ж – вельмі зьмястоўны, вельмі трапяткі, вельмі біясьферны і вельмі плястычны. Выдатна перададзены настрой дня вяскова-летняга ўлоньня.



(с) А.Фірулёў

Прыкметная дзея на здымку – сьвежы зялёны вецер. Нагадаю, што да палавіны чэрвеня, пакуль птушкі занятыя патомствам, чалавеку ў прыродзе трэба паводзіцца як мага цішэй. Калісьці ў гэты пэрыяд нават званы не званілі ў цэрквах, каб даць магчымасьць замацавацца арнітафаўне.

Зялёны вецер у ветразі! Многія аўтары дзеляцца сьвятлом вандраваньняў. Вадзім Цітоў даслаў адзін, але досыць адметны здымак пад назваю “Роздум”. На ім краявід з дрэвам (падобна, што дуб) і нечаканы пярэдні край – няпоўны профіль «героя» здымка.



(с) Вадзім Цітоў, вёска Корсакава, Вушацкі раён.

У позірку, схаваным ад нас, чытаецца зачараванасьць прыродай, жаданьне ісьці ў родны край, спазнаваць і абараняць яго хараство. Гэты сюжэт нагадаў мне Язэпа Драздовіча. Мажорная прысутнасьць вандроўніка на здымку і сам краявід Беларускага Паазер’я дае мне чамусьці адчуць гэтую магутную беларускую постаць. Трэба разумець так: вандруйце, як вандраваў Язэп Драздовіч, любіце, як любіў сваю Беларусь дзядзька Язэп.

Як “спробу сіл” падае свае фоталісты на конкурс Антон Якутовіч. Пачатак абнадзейвае, спадар Якутовіч. Ставім тры Вашыя працы, зь якіх я асабліва адзначыў бы “Вербны караван” (ня ведаю, ці ўсім будзе відаць на дысплэі караванная чарада залатакрылак, здаецца, так завуць гэтых абуджаных першым цяплом карысных кузурак, але магчыма, што памыляюся). Нечакана праблемна зьнятая Сьвіцязь, добра відаць, як хвалі забіраюць бераг. Гэта здымак-SOS, віртуальна адрасуем яго Мінпрыроды Беларусі. Нарэшце, дзякуй аўтару і за асалоднае запрашэньне ў лясныя шаты.



(с) А.Якутовіч. "Шлях праз баравіну. Пад Рудзенскам”.



(с) А.Якутовіч. "Вербны караван". Лагойскі раён.



(с) А.Якутовіч. "Возера Свіцязь". Наваградзкі раён.

Галерэю азёрных відокаў дэманструе Валеры Казюмінскі. Ставім тры ягоныя здымкі з васьмі. З задавальненьнем адзначу першы здымак, названы аўтарам як “Чыстая ідылія возера Мядзел”.



(с) В. Казюмінскі

Тут рэдкае сьвятло, якое стварае надзвычай поўная вада, – так не заўсёды бывае. Гэта момант удачы. Вашай удачы, Валеры.



(с) В. Казюмінскі



(с) В. Казюмінскі

Астатнія краявіды (якія не ўвайшлі ў гэтую публікацыю) менш цікавыя. Быццам усе яны зьнятыя з аднаго берага і на адным возеры. Кажу пра гэта, Валеры, дзеля Вашага больш плённага працягу азёрнай тэмы. Чакаем новага!

Тым часам водна-азёрную тэму падтрымаў наш аўтар Слава. Першы відок не пазначаны геаграфічна. Другі здымак – “Бабры” – хачу адзначыць адмыслова. Часам важна ўбачыць ня толькі водную роўнядзь, прыгожы малінавы захад, але паказаць, што дзеецца навокал, якое віруе жыццё і чыя тут прысутнасьць...



(с) Слава



(с) Слава

ПРОСТА ГОРАД?

”Вырашыў даслаць колькі сваіх фотаздымкаў. Гэта і ня людзі, і не падзеі. Гэта проста горад. Горад Менск. Здымаў летась, пахмурнай восеньскай раніцай”, – напісаў Раман Забела. Падзяліцца сьвятлом, нават такім, крыху даўнім і самотна-асеньнім, як бачым, ніколі не позна. Дзякуй, Раман. На Вашых здымках выдатны фотанастрой, вельмі лірычны і пранізьліва менскі. Вы добра сказалі: “проста горад”. Самотны і безь людзей, я так зразумеў Вас. Вы ствараеце горад для сябе і дзякуючы фатаграфіі дапамагаеце стварыць яго іншым. Цудоўна. На здымках, дадам, – ці не адзін і той жа квартал, вуліца Камсамольская, побач Нямігі, а Ваш пленэр атрымаўся выразным і “шматпартрэтным”.

Ставім тры Вашыя працы.



(с) Р.Забела



(с) Р.Забела



(с) Р.Забела

ФАНТАНЫ НЕ ЗАМЕНЯЦЬ КАШТОЎНАСЬЦЯЎ

Працяг тэмы знаходзім у аўтаркі, якая падпісалася імем (?) Zorna. Усе мае адлюстраваньні, піша яна, – Горадня, красавік 2007. Аўтарскія назвы, як і здымкі, досыць красамоўныя. Асабліва апошняя: “Сьвятло будзе”. Дзякуй, Zorna! Як мы зачакаліся, каб уся Беларусь запаліла сьвятло ў сваім двары. На жаль, цемра і роспач падступаюць да нашых адвечных Двароў. У тым ліку і ў Горадні.



(c) Zorna. Жывейшыя, чым я. Старыя каталіцкія могілкі.



(c) Zorna. Готыка ў душы. Нямецкая кірха Св.Іаана.



(c) Zorna. Кантраст. Вуліцы Горадні.



(c) Zorna. Сьвятло будзе. Двор нежылога дому.

Горадня – старая і “новая” – яшчэ ў двух нашых аўтараў – дэбютантаў конкурсу: Сяргея Марозава і InSomnia.

Сяргей на прыкладзе свайго здымка зрабіў ці не спробу пратэстна-актуальнай інтэрпрэтацыі: “Тут некалі быў каралеўскі палац”, – паставіў ён у якасьці подпісу. Побач слушна заўважае: хай сабе не абавязкова палац (“у назьве ня ўпэўнены”), а хоць бы куточак абжытай мінуўшчыны, надзвычай каштоўнай і дарагой для памяці роднага горада.



(с) С. Марозаў. Фантаны не заменяць каштоўнасьцяў.

ГОРАД СІНІХ ВАЧЭЙ

InSomnia, як мне падаецца, адным здымкам стварыла партрэт старога горада. Магчыма, яшчэ не закончаны, і тое, што бачым, – першы эцюд. Але ўжо цяпер ён цудоўны. Вельмі добры, мудры і казачна лагодны. І адначасна малады – паглядзіце ў ягоныя вокны – блакітныя вочы.



(c) InSomnia. Аўтарка так і назвала сваю працу – “Вокны Горадні” .

СЬВЯТЛО АД… СЬНЕЖНАГА ЧАЛАВЕКА І ЧОРНА-БЕЛЫ ДЭБЮТ

Да гарадзкіх краявідаў з радасьцю далучаю і нечаканае сьвятло Сьнежнага Чалавека (так падпісаўся аўтар наступных адлюстраваньняў). Мяркую, гэта ўбачаныя вобразы. Утульнае дагледжанае асяродзьдзе. Спакой. Раўнавага. На жаль, аўтар не пазначыў горад. А варта ў такіх выпадках пазначаць і вуліцу, і скрыжаваньне, і аптэку…



(c) Сьнежны Чалавек



(c) Сьнежны Чалавек

З удалым «чорна-белым» дэбютам віншую і Аляксея Адамовіча. Ставім адзін з трох яго здымкаў і чакаем новых.



(с) А.Адамовіч. Скульптурная форма над уваходам у Дзяржаўны мастацкі музэй у Менску.

ГОРАД І ЛЮДЗІ

Арсень Пахомаў, як і папярэдні раз, – на менскіх вуліцах, сярод людзей і падзеяў. У яго апэратыўная фатаграфія. Ставім здымак з мастацкай акцыі на абарону хрысьціянскіх каштоўнасьцяў – «Пленэр каля касьцёла святога Язэпа ў Менску”. Людзі мусяць абараняць любімы горад.



(с) А. Пахомаў

НЕВЫЧАРПАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ

Актуальны гістарычны краявід на адбітках Людмілы Пракопавай і Svirepixa. Кампазыцыйна розныя, яны пра адно: старажытны Нясьвіж усё яшчэ ахоплены глыбокай рэстаўрацыяй. Невычарпальны працэс тут доўжыцца ці ня сёмы год і не абяцае скончыцца ў гэтае лета. Тым часам я міжволі працытаваў абодвух аўтараў. Svirepix назваў сваё фота “Невычарпальная гісторыя. Вясна 2007”...



(с) Svirepix

...а Людміла сваю панараму падала як выразна зафіксаваны “перабудовачны працэс”.



(с) Л. Пракопава

Праца не датаваная, ад сябе дадам, што перабудаваная і моцна зьмененая вежа замка яшчэ не скінула рыштаваньняў. На адбітках бачым паўднёвы бок рэзыдэнцыі (працілеглы ўваходнаму), куды апошнім часам перамясьціліся рэстаўрацыйна-вычарпальныя працы на аб’екце Ўсясьветнае спадчыны. Дзякуй, спадарства, за культурны маніторынг, будзем актыўна заахвочваць гэты кірунак. А Нясьвіж Вас заўсёды чакае.

Чакаюць і Жыровічы, Ліда, Полацак, Мір. Гэта значыць, галерэю “Мая Беларусь” працягваюць Слава, Міхал Румянцаў, Рыгор Астапенка, сястра Жана і Аляксандар Кушнер (прызэр мінулага тыдня).



(с) Слава. У Жыровічах. І дрэвы шэпчуць малітвы...



(с) М. Румянцаў

Міхал Румянцаў назваў свой здымак “Два волаты, два абаронцы”. Адзін, піша аўтар, абараняў Бацькаўшчыну ад крыжацкіх зграяў, другі – ад сьпякоты. “Пад” Вашым здымкам, Міхал, асалодная прахалода. Дзякуй Вам, будаўнікам старадаўняй фартэцыі і цяністым дубовым шатам. У Менску сьпякотна, трэба зьбірацца ў Ліду.



(с) Р. Астапенка (Салігорск). Мой паклон табе, Полацак.



(с) Сястра Жана Два сфінксы. У Полацку.

“Гэтыя колькі здымачкаў, – напісала ў лісьце аўтарка, – я зрабіла ў 2006 годзе, калі адпачывала на радзіме”. Дзякуй, Сястра.



(с) А. Кушнер. Капліца-пахавальня ў Міры.

КРАСА І ПЯШЧОТА



(с) П. Місуна

Фота ад Паўла Місуны. Свой чарговы эцюд ён назваў надзвычай паэтычна: «Мора пяшчоты. Гармонія хараства». Здымак зроблены на ўскраіне Менску, удакладніў Павал. Хай будзе заўсёды светла тым, хто на здымку.

ДАРОГА Ў БУДУЧЫНЮ… (Здымак тыдня, першы прыз)



(с) А. Ажынскі

Аўтар – Аляксей Ажынскі. Здымак зроблены ў пярэдадзень 25 траўня – 90-годзьдзя з дня сьмерці Максіма Багдановіча. Аляксей так падаў геаграфію ўдачы: Менская вобласьць, Маладэчанскі раён, в. Ракуцёўшчына. На падыходзе да музэя-сядзібы Максіма Багдановіча. Краявід памяці. “...Замест “кветкі на магілу”.

Віншую, Аляксей!

СЬВЯТА Ў БАРАНАВІЧАХ (Другі прыз)



(с) Л. Пракопава



(с) Л. Пракопава

Два здымкі Людмілы Пракопавай не патрабуюць шмат слоў. Угледзеўшыся ў адзін зь іх, на якім ружова-бела-святочны сілюэт дзяўчынкі перад занятымі столікамі разьліўнога сэрвісу, можна не стрымаць слёз… Абодва здымкі цудоўна спалучаюцца: адзін дапаўняе другі. Мае віншаваньні, спадарыня Людміла.

ВОКНЫ ГОРАДНІ (Трэці прыз)

Аўтар – InSomnia. Глядзіце вышэй.

ЗАПРАШЭНЬНЕ

Адмыслова для нашай старонкі ёсьць першае запрашэньне ўбачыць Беларусь нечаканай. Экатурыст Аляксандар больш як месяц жыве ў глыбінцы на Віцебшчыне, дапамагае нямоглым бабулькам і штодня робіць вандроўкі ў блізкі, але такі невядомы “беларускі сьвет”. Зь ім Вы можаце зтэлефанавацца і ад’ехаць на пошук цікавых сюжэтаў. “Пабытовых праблем ня будзе, пэўна ж. Усё ўладзім”, – кажа Аляксандар. Ягоны кантактны нумар на Velcom: 3 65-54-60.

НААПОШКУ

Мая парада калегам: не высылайце адразу шмат здымкаў. Лепш да трох. Захавайце свае шанцы. Яшчэ ёсьць час выслаць астатнія. Прыгледзьцеся, разважце, суаднясіце “запасы” з прапановамі конкурсу – патэнцыйныя магчымасьці могуць перавышаць зьнятае ўчора або год ці два таму. Сачыце і за вагой здымкаў – 200-300 Кб нам будзе досыць.

Застаецца актуальнай і ўмова абавязковага пазначэньня Вашай пошты (на конкурс”Мая Беларусь”, бо конкурс можа быць не адзіны), а таксама просьба побач здымка ставіць дакладны назоў аб’екта – храма, помніка, мясьціны і гэтак далей з адзнакамі геаграфічнага знаходжаньня. Скажам, калі гэта возера, стаўце і адміністрацыйны раён (Полацкі, Аршанскі, Ашмянскі...) – мы ў адкрытай прасторы, сябры, і Вашым сьвятлом могуць зацікавіцца аматары экалягічных вандровак.

Зычу сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах. Да наступнай суботы!

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG