Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым тлумачыцца падаражаньне візавых паслугаў для імігрантаў у ЗША?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Днямі Злучаныя Штаты абвясьцілі пра падвышэньне коштаў на візы, якія дазваляюць мець сталае месца жыхарства ў краіне, а таксама на атрыманьне грамадзянства ЗША.

Урадавыя чыноўнікі тлумачаць падвышэньне коштаў неабходнасьцю палепшыць абслугоўваньне імігрантаў. Для гэтага трэба павялічыць штат Службаў грамадзянства і іміграцыі, купіць новае абсталяваньне для офісу і іншае. Ведамства ня можа гэтага зрабіць без падвышэньня цэнаў, паколькі 99 працэнтаў яго бюджэту забясьпечваецца зборамі з заяўнікаў. Кангрэс ЗША, які прыняў рашэньне аб падвышэньні цэнаў на візы, вырашыў, што паслугі павінны аплачваць не падаткаплацельшчыкі, а самі імігранты.

Ад 30 ліпеня плата за зварот па амэрыканскае грамадзянства вырасьце болей як на 200 даляраў – з 330 даляраў да 595 плюс дадатковыя 80 даляраў за электронную апрацоўку адбітка пальца, якая цяпер каштуе 70 даляраў. Яшчэ больш вырасьце плата за атрыманьне на законнай падставе сталага месца жыхарства. Новая цана – тысяча дзесяць даляраў для людзей ад 14 гадоў і старэйшых. Гэта – амаль у тры разы даражэй, чым цяпер.

Крытыкі новых расцэнак заяўляюць, што гэтыя кошты зробяць для бедных людзей амаль немагчымым стаць амэрыканскімі грамадзянамі, і што гэта зьменшыць паток імігрантаў у краіну, якая квітнела на хвалях іміграцыі болей як 200 гадоў. Таксама кажуць, што вырасьце колькасьць нелегалаў.

Аднак існуюць і аргумэнты на карысьць новага рашэньня. Так, Цэзар Арантэс, выдавец інфармацыйнага бюлетэня “U.S. and Overseas Immigration News”, які абараняе правы імігрантаў, сказаў нашаму радыё, што амэрыканскае іміграцыйнае ведамства лічыцца найменей кампэтэнтнай службай у фэдэральным урадзе, і што яно занадта бюракратызаванае. Заявы там апрацоўваюць і разглядаюць месяцамі. Арантэс кажа, што заяўнікі, згубіўшы цярпеньне, маюць толькі адну альтэрнатыву – пераехаць у ЗША нелегальна. На думку Арантэса, настаў час спрасьціць працу Службаў грамадзянства і іміграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG