Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч: у хуткае вызваленьне ня веру


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму ўлады не вызваляюць датэрмінова Артура Фінькевіча? Па-ранейшаму ня ўсе лісты Зьмітра Дашкевіча даходзяць дамоў. Доўгатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна са сваякамі адкладаецца. Як пачуваецца Андрэй Клімаў у турэмным шпіталі?

Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, вітае датэрміновае вызваленьне Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча і Кацярыны Садоўскай, а таксама захапляецца мужнасьцю, якую прадэманстравалі ў судзе ягоныя калегі па “Маладым Фронце” Наста Палажанка, Барыс Гарэцкі, Алег Корбан і Зьміцер Хведарук. Нагадаю, актывістаў прызналі вінаватымі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але пакаралі не турмой, а штрафамі.

Артур Фінькевіч зьвязвае гэтыя падзеі. Ён лічыць, што ўлады баяцца маладзёвага супраціву і не спыняць рэпрэсіі, але нададуць ім новыя формы. Ці чакае сам Артур, што яго таксама вызваляць датэрмінова? Пакуль актывіст на гэта не спадзяецца, але не выключае.

“Пакуль я ня бачу зьмякчэньня ў стаўленьні да мяне з боку адміністрацыі. Але, безумоўна, калі будзе загад, то за суткі зьбяруць усе патрэбныя дакумэнты і завязуць зь імі у суд. І гэтак будзе зь любым, каго яны пажадаюць выпусьціць”.

Нагадаю, летась Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі “хіміі” за графіці палітычнага зьместу.

“Канешне, ад нашых уладаў усяго варта чакаць, але за майго сына яны яшчэ пагандлююць”

У Шклоўскай калёніі працягвае знаходзіцца і лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, пакараны на паўтара году зьняволеньня. Маці палітвязьня Вольга Дашкевіч кажа, што днямі атрымала ад сына ліст, але паскардзілася на турэмную пошту: ня ўсе лісты сына даходзяць. Вольга Дашкевіч пра тое, што піша Зьміцер:

“Нічога такога не паведамляе. Больш пытаецца пра наша здароўе. Пра тое, што я захварэла пытаецца, чаго ты, маці, зусім раскісла? А пра сябе – што ў яго ўсё нармальна. Перадачу мы яму адвозілі 25-га траўня, дык бачна, што ён ліст напісаў раней, бо яшчэ не атрымаў перадачы”.

Паводле Вольгі Дашкевіч, Зьміцер, калі пісаў ліст, яшчэ ня ведаў пра датэрміновае вызваленьне трох палітвязьняў. Маці Дашкевіча на хуткае вызваленьне сына не спадзяецца. “Канешне, ад нашых ўладаў усяго варта чакаць, але за майго сына яны яшчэ пагандлююць”, – мяркуе жанчына.

“Пачакаем ад яго лістоў”

Апошнія зьвесткі з калёніі “Віцьба-3” пра Аляксандра Казуліна прыходзілі болей за тыдзень таму. Былы кандыдат на прэзыдэнта абверг заявы прадстаўнікоў турэмнай адміністрацыі, што зь ім усё выдатна і ён хутка папраўляецца. Пры гэтым спадар Казулін паведаміў, што “трымаецца і здавацца не зьбіраецца”. Сваякі палітыка мелі пляны на доўгатэрміновае спатканьне зь ім у канцы траўня, але не атрымалася. Кажа дачка Казуліна Юля:

“Спатканьне мы пакуль вымушаныя адкласьці. Праз тыдзень да яго паедзе адвакат, а пакуль навінаў ня будзе. Пачакаем ад яго лістоў”.

Нагадаю, Аляксандра Казуліна асудзілі на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнае і кажа пра перасьлед уладаў.

Палітык і бізнэсовец Андрэй Клімаў ужо тыдзень як знаходзіцца ў менскім турэмным шпіталі. У Клімава быў сардэчны прыступ. Паводле ягонага ліста, зараз ён адчувае сябе лепей. У шпіталі Андрэю Клімаву стала вядома, што пракуратура працягнула яшчэ на 3 месяцы расьсьледаваньне ягонай справы і, адпаведна, павялічаны тэрмін ягонага арышту.

Гл. таксама:

Як у калёніі спрабавалі ўтаймаваць праваабаронцу Кацярыну Садоўскую? 26.05.2007 На час кангрэсу “хімікаў” будуць пільнаваць дадаткова? 19.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG