Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 26.05.2007 – 01.06.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

"Мы маем перад сабой выразную карціну расколу дэлегатаў на нязначную, але большасьць левую, камуністычную. Якая відавочна не прымае нацыянальных каштоўнасьцяў”.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік – пра хаду Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Не вакол лідэра трэба аб''ядноўвацца, а вакол ідэі, тым больш што на сёньня няма адназначнага маральнага, палітычнага аўтарытэта ў дэмсілаў... Таму і зафіксавана такое – ну, няма лідэра ў нас у апазыцыі, трэба, каб ён яшчэ рос”.

Сьвятлана Калінкіна, шэф-рэдактар газэты “Народная воля” – пра вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

"Вельмі важна, што прынялі стратэгію, у межах якой насамрэч кожная адказная палітычная сіла, кожны адказны палітычны лідэр здольны знайсьці сабе кавалак працы. Гэта найважнейшыя пазытыўныя вынікі”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ – пра вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Першыя ўражаньні такія: частка апазыцыі хоча займацца апазыцыйнай бюракратыяй, спрабуе рэалізаваць бязвольную стратэгію, скіраваную на чаканьне і перамовы з уладай, ну а частка арыентуецца на змаганьне і беларускую салідарнасьць. Менавіта гэтая частка прадстаўленая рухам "За свабоду", Эўрапейскай кааліцыяй, "Маладым Фронтам" ініцыявала і праводзіла большасьць акцыяў супраціву апошнім часам".

Павал Севярынец, палітык, былы палітвязень – пра вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Гэта жахліва! Няўжо нашай краіне не патрэбныя дзеці, якія гатовыя ахвяраваць сваім лёсам, сваёй будучыняй, сваім здароўем дзеля гэтай краіны? І гэта, відаць, не бяда нашых дзяцей, гэта бяда краіны, якой такія дзеці не патрэбныя”.

Алена Хведарук, маці сябра “Маладога Фронту” Зьмітра Хведарука – падчас працэсу над сынам.

“Сапраўды, не было ніякага страху. Мяне гэта нават трошкі зьдзіўляла. Не кожны ж дзень у суд ходзім. А калі ўзяў слова пракурор, тут было, канешне, страшнавата. І тады мы проста ўсе ўзяліся за рукі і ціхенька маліліся, чакалі, што скажа. І калі мы пачулі слова “штраф” – гэта было ўсё. Момант шчасьця і адчуваньня, што, вось яна, перамога. Хоць і маленечкая, але для пачатку нават неблагая. Таму я вельмі ўражаная прамовай пракурора. Дзіма Хведарук, напрыклад, заклікаў да сумленьня судзьдзю, да адказнасьці перад народам і Госпадам Богам. Я спадзяюся, што гэта былі нядрэнныя словы. Што людзі ўсё ж такі адчуваюць тую адказнасьць, якую яны зараз нясуць за сабой”.

Наста Палажанка, актывістка “Маладога Фронту” – пра хаду працэсу над ёю і яе сябрамі.

“Яшчэ раз падкрэсьлю, што беларускі бок ні з кім не вядзе ніякага гандлю. І не зьбіраецца яго весьці. Беларусь — прававая краіна. І ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі, адбываецца выключна ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам нашай краіны”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС – у адказ на пытаньне “Свабоды” ці ня бачыць ён за датэрміновым вызваленьнем палітвязьняў ды мінімальным прысудам актывістам “Маладога фронту” жаданьня беларускіх уладаў палепшыць дачыненьні з Захадам.

"Узрост і сілы дазваляюць. Таму я з маладымі. І настрой выдатны. Пэрспэктыва Беларусі ў надзейных руках".

Аляксандар Мілінкевіч, стваральнік руху “За свабоду” – пра свой намер уступіць у моладзевую арганізацыю “Малады Фронт”.

“Нават калі найбагацейшыя амэрыканцы прапануюць нам стаць 51-м ці 55-м штатам, то мы ніколі на гэта ня пойдзем. Мы ня хочам ні ў склад Польшчы, ні ў склад Літвы, мы ня ўвойдзем у склад Расейскай Фэдэрацыі. Гэта ня трэба і гэта нават шкодна і, калі хочаце, гэта прывядзе да новай Чачні на захадзе Расеі”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас сустрэчы з дэлегацыяй Сыбірскай фэдэральнай акругі Расеі.

“Пасьля Чарнобылю, калі ты адчуваеш сябе біявідам, які можа проста так зьнікнуць, я думаю, што нацыянальны погляд мусіць быць больш гнуткім і шырокім. Нацыянальнасьць – гэта ня толькі тое, што ты гаворыш па-беларуску і лаеш Лукашэнку…”

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у адказ на пытаньне “Свабоды” ці ня крыўдзіць яе тое, што многія айчынныя крытыкі ня лічаць яе беларускай пісьменьніцай.
XS
SM
MD
LG