Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе шукаць недзяржаўны летнік?


Севярын Квяткоўскі Што рабіць, калі вы ня хочаце адправіць сваё дзіця ў стандартны летнік ад прадпрыемства, ведамства ці БРСМ? Дзе шукаць летнік, дзе з вашым дзіцём будуць размаўляць па-беларуску?

Самы просты шлях знайсьці недзяржаўны летнік -- зьвярнуцца ў найбліжэйшую ад вашага дому царкву любой з хрысьціянскіх канфэсій. І праваслаўныя, і каталікі і пратэстанты вывозяць дзетак на прыроду: да лесу, вады і сьвежага паветра.

Ксёндз-пробашч касьцёлу ў Ракаве айцец Дзьмітры, пра летнік, якім апякуецца:

а. Дзьмітры: “Знаходжаньне на адпачынку духам веры, духам малітвы. Але таксама ў гэтым ёсьць і гатаваньне ежы, і прыборка тэрыторыі, фізычныя заняткі... Гэта ўсё, мне здаецца, вельмі моцна ўзбагачае дзяцей, і вучыць іх быць у супольнасьці, і быць адкрытымі да іншага чалавека”.

Пратэстанты ладзяць супольныя міжцаркоўныя летнікі, дзе хрысьціянскаму выхаваньню надаецца першаснае значэньне. Прадстаўнік царквы “Новае Жыцьцё” Сяргей Луканін:

Луканін: “Ёсьць такія летнікі, у якія можна патрапіць толькі тады, калі ты возьмеш з сабою сябра -- няверніка”.

Найстарэйшы праваслаўны летнік ладзіцца прыходам менскага Сьвята- Петрапаўлаўскага сабору ў вёсцы Кучкуны Валожынскага раёну. Далей айцец Яўген:

а. Яўген: “Я дапамагаў у працы такога летніка. Там апроч агульных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў летніках -- раніцай і вечарам малітва, потым пэўныя хрысьціянскія размовы. І гульні для ўсіх”.

Калі вы жадаеце, каб сьвецкае выхаваньне пераважала над рэлігійным, можна зьвярнуцца да Андрэя Аляхновіча з Крупак, старэйшыны скаўцкага руху ў Беларусі.

Нягледзячы на тое, што ўласна скаўцкае грамадзкае аб’яднаньне было ліквідаванае, былыя скаўты працягваюць арганізоўваць летнікі ў скаўцкіх традыцыях, дзе пераважаюць ідэі здаровага ладу жыцьця і патрыятызму. У такія летнікі заўжды запрашаюцца падлеткі з катэгорыі “цяжкія” -- для камунікаваньня са сваімі “звычайнымі” равесьнікамі.

Аляхновіч: “Дзень пабудаваны наступным чынам. Да абеду праца на археалягічных раскопках, пасьля абеду і адпачынку ідзе індывідуальная праграма, і асобна -- праца ў камандзе, выхаваньне лідэрскіх якасьцяў у чалавека.

Плюс кожны вечар заўсёды сустрэча зь цікавым чалавекам. Будзь то Ўладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Зьміцер Бартосік ці Алесь Пушкін...”

І, нарэшце, цалкам цывільны летнік, дзе выхавацелі гавораць па-беларуску, і навучаюць розным цікавосткам. За апошнія гады такія летнікі перайшлі ў цалкам прыватны рэжым, і вам давядзецца шукаць кантакты праз знаёмых. Арганізатарка аднаго з такіх летнікаў Тацяна кажа, што ў апошнія гады іх значна паменшала:

Тацяна: “Гэта так складана робіцца. Такія перапоны. Цяпер і санстанцыя, і МНС, і міліцыя... З-за гэтага паменшыла. Кэгэбісты ганялі нас канкрэтна. сказалі паздымаць сьцягі... Кожны год такое адбываецца”.

Звычайна ў беларускіх недзяржаўных летніках дзіця чакаюць вандроўкі па гістарычных мясьцінах, гістарычныя ролевыя гульні і заняткі традыцыйнымі рамёствамі.
XS
SM
MD
LG