Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" — 1 чэрвеня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

У суполцы Жывога журналу mr_st сёньня занатаваў: “Як можна зразумець з дадзеных апытаньня грамадзкай думкі, якое правялі незалежныя сацыёлягі, 56,9% насельніцтва Беларусі давяраюць А. Лукашэнку.

32,7% апытаных заявілі аб сваім недаверы Лукашэнку і 10,4% ня маюць пэўнай думкі. У параўнаньні з лістападам мінулага году рэйтынг даверу скараціўся на 3.4 пункты, але адначасова на 6.7 пункты вырас рэйтынг недаверу».

Камэнтары. veter_r_r: "Калі чалавек хворы, гэта не нагода над ім зьдзекавацца, гэта нагода схадзіць да лекара. На жаль, цяпер у нас лекар, які замест лекаваньня выпісвае абязбольнае. У неверагодных дозах. Гэта можа прывесьці толькі да паталягічнай формы наркаманіі. Як з гэтым змагацца? Ня ведаю".

У суполцы актыўна абмяркоўваецца навіна пра тое, што студэнтку Гарадзенскага ўнівэрсытэту Маргарыту Царан асудзілі на 4 гады за нібыта распаўсюд наркотыкаў.

Сярод камэнтароў ёсьць і такія: mikola: “Так, жах. За 0,28 марыхуаны ў турму ды яшчэ на 4 гады, ды яшчэ з дапамогай мянтоўскай правакацыі. І 20 гадоў дзяўчыне. Веру ў людзей да канца жыцьця страціла. Вось такая краіна Беларусь».

zombie80: “Калі табе гэта ня трэба — ніколі не бярыце дур у рукі. А калі што — усё зьядаць. З фольгай і паперай. У нашае краіне з-за падставаў і наіўнасьці ламаюцца жыцьці маладых людзей. Знаёмы апавядаў, у той жа «Валадарцы» ледзь не палова сядзіць маладых хлопцаў, якіх з травой на руках ўзялі. Ці то па падставе, ці то па наводцы, ці то выпадкова. Будзьце асьцярожныя. А гэтую інфармацыю трэба як мага хутчэй распаўсюдзіць. Гіне нявінная дзяўчына!»

ak_bara: “Шкада, безумоўна, але ж дура яна. Мянты таксама малайцы, вырадкі: чалавек зь імі фактычна супрацоўнічаў, няхай й ня ведаючы аб гэтым, а яго за краты. Шакалы».

Сёньня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. У зьвязку з гэтым раю зазірнуць на сайт , дзе маецца шмат самай рознай інфармацыі, зьвязанай з выхаваньнем дзяцей.

Прыкладам, там можна паслухаць казкі і прыпавесьці, агучаныя Міхалам Залескім, дзіцячыя песьні, песьні аўтарства Зьміцера Яўтуховіча і нават “Цацачную краму” Зьміцера Вайцюшкевіча і Леаніда Дранько-Майсюка.

На галоўнай старонцы сайту — падборка матэрыялаў, прасьвечаных памяці нашага калегі Ўладзімера Каткоўскага.

anika_vsh ва ўласным інтэрнэт-дзёньніку занатавала: “Сёньня з сяброўкай едзем у тралейбусе. Каля нас едзе мацi з хлопчыкам. Хлопчыку год 5-6. Сяброўка размаўляе па-беларуску па тэлефону. Хлопчык глядзiць на маю сяброўку. А потым гаворыць мацi "Мама! Смотри! Иностранка!" ЖАХ!”

І хаця дзень 1 чэрвеня лічыцца Міжнародным днём абароны дзяцей, параіў бы ўсім зьвярнуць увагу на паведамленьне, зьмешчанае на сайце :

«Гэтай вясной жабы і іншыя земнаводныя, якія жывуць на тэрыторыі Бярэзінскага дзяржаўнага біясфэрнага запаведніку, да месцаў нерасту мігравалі, што называецца, з камфортам і без небясьпекі. Раней да паловы земнаводных, сярод якіх былі і занесеныя ў Чырвоную кнігу чаротавыя жабы, гінулі пад коламі аўтамабіляў на ўчастку трасы Менск-Віцебск, якая праходзіць праз тэрыторыю запаведніку і перасякае міграцыйныя шляхі жабаў, рапухаў і трытонаў. У апошнія гады ўвесну на гэты трохсотмэтровы кавалак дарогі зьяжджаліся дзесяткі валянтэраў і на руках пераносілі земнаводных праз аўтатрасу. Ад цяперашняй вясны на небясьпечным для жабаў участку трасы функцыянуе пераход для мігрыруючых амфібій».



Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.

XS
SM
MD
LG