Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс беларускіх падзеяў на 4-8 чэрвеня


Радыё Свабода Сёньня завяршае працу ў Беларусі місія Міжнароднага валютнага фонду, якую ўзначальвае намесьнік кіраўніка паўночна-усходняга аддзелу эўрапейскага дэпартамэнту гэтай арганізацыі Балаж Хорват.

Панядзелак, 4 чэрвеня

Сёньня завяршае працу ў Беларусі місія Міжнароднага валютнага фонду, якую ўзначальвае намесьнік кіраўніка паўночна-усходняга аддзелу эўрапейскага дэпартамэнту гэтай арганізацыі Балаж Хорват. Ад 23 траўня экспэрты МВФ дасьледавалі становішча беларускай эканомікі. Былы старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

”Я заўжды ім давяраў – нармальныя, буйныя спэцыялісты ў галіне эканомікі. Яны, як любыя місіі, маглі памыляцца. Але яны правільна ўказвалі на тое, што ў нас нерэфармаваная эканоміка, што яна “цяжкавагавая”, што яна неэфэктыўная”.

*** Аўторак, 5 чэрвеня

У Полацку адбудуцца ўрачыстасьці з нагоды завяршэньня аднаўленья ракі й перанясеньня ў яе мошчаў Эўфрасіньні Полацкай. Архімандрыт Беларускай праваслаўнай царквы Аляксей Шынкевіч:

“Па-першае, гэта дзень памяці прэпадобнай Эўфрасіньні Полацкай. Гэта дзень спачыну прэпадобнай ігумэньні. І з нагоды гэтага дня зроблена новая рака для яе пачэсных мошчаў. Яна рабілася пад кіраўніцтвам нашага беларускага майстра Мікалая Кузьміча. Яна аздоблена вельмі значнымі каштоўнасьцямі. У гэты дзень будуць адбывацца сьвяточная літургія, хрэсны ход”.

*** Чацьвер, 7 чэрвеня

На гэты дзень прызначана дэпартацыя зь Беларусі служыцеля пратэстанцкай царквы, грамадзяніна Польшчы Яраслава Лукасіка. 30 траўня ён быў аштрафаваны й на пяць гадоў пазбаўлены права прыяжджаць у Беларусь за тое, што нібыта займаўся несанкцыянаванай рэлігійнай дзейнасьцю. Пастар Лукасік:

“Я не вінаваты. У чым можа быць вінаваты чалавек, які прысутнічае на богаслужэньні ў нядзелю, як напісана ў божых запаведзях. Якая тут віна? Гэта ж гонар! Яны прыйшлі, каб скласьці пратакол на маю рэлігійную дзейнасьць, што я нібыта парушаю іх законы, якія кажуць пра тое. Што іншаземцам нібыта нельга прапаведваць Эвангельле, чытаць пропаведзі, Біблію. Канешне, яны вырашылі ўжо даўно – зьверху. Але трэба была нейкая паперка. Мы, як хрысьціяне, верым, што ўсё скончыцца “хэпі-эндам”.

*** Пятніца, 8 чэрвеня

На гэты дзень у Менску заплянавана акцыя ў абарону права на свабоду веравызнаньня. У Менгарвыканкам пададзена заяўка на правядзеньне пікету. Арганізатар акцыі – сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін:

”Mы лічым, што цяпер дзяржава ўзмацніла ціск на прадстаўнікоў рэлігійных канфэсіяў. Найперш гэта тычыцца прадстаўнікоў пратэстанцкіх цэркваў, каталіцкіх, a таксама й некаторых праваслаўных брацтваў. Мы бачым таксама масавыя прыклады высылкі грамадзян іншых краінаў, якія пражылі па 10-15 гадоў у Беларусі й актыўна займаліся гуманітарнай, сацыяльнай, духоўнай дзейнасьцю. Мы спрабуем выказаць нязгоду з той сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі і ўзвысіць свой голас у абарону правоў вернікаў”.
XS
SM
MD
LG