Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Магілёўскія донары заклікалі да ўсебеларускага страйку</B>


Любоў Лунёва, Менск Донары пратэстуюць супраць адмены льготаў. Яны плянуюць правесьці тыднёвы страйк. Калі ўлады ня вярнуць скасаваных ільготаў, донары могуць абвясьціць рэспубліканскі страйк.

Апошнія пятнаццаць гадоў Беларусь мае ўласныя запасы крыві.Ёсьць закон пра донарства, які гарантуе донарам ільготы.

Лідэр магілёўскага нефармальнага аб’яднаньня донараў Ігар Каваленка, пачэсны донар зь дзесяцігадовым стажам, апавёў “Свабодзе”, што донары гатовыя абвясьціць тыднёвы страйк.

У арганізацыю ўваходзяць каля шасьці соцень чалавек. Цягам тыдня донары ня будуць прыходзіць на станцыю пераліваньня крыві. Але ў неабходных выпадках яны гатовыя здаць кроў людзям, якія трапілі ў бяду.

Паводле закону, донары маюць права на бясплатнае лячэньне й пратэзаваньне зубоў, санаторна-курортнае лячэньне, надбаўку 40% да пэнсіі й 50-працэнтныя зьніжкі на лекі. Донары, якія шмат гадоў здаюць сваю кроў, маюць праблемы зь пячонкай.

Гаворыць Ігар Каваленка:

“Мы абвесьцім страйк бестэрміновы. Патрабуем, каб улады вярнулі нам тыя льготы, якія адабралі, не пагаварыўшы з донарамі. Донар — такі чалавек, які без ільготаў застаецца сам-насам са сваімі хваробамі. Хваробы пачынаюцца пасьля таго, калі чалавек некалькі гадоў здае кроў. Атрымліваецца, што дзяржава пакарыстаецца донарам, а потым яго выкіне, як непатрэбную істоту, паміраць”.

Ігар Каваленка лічыць, што ў выпадку крытычнай сытуацыі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя забавяжуць мэдычных работнікаў і студэнтаў часьцей здаваць кроў.

Кіраўнік Рэспубліканскай станцыі пераліваньня крыві Міхаіл Патапнёў паведаміў “Свабодзе”, што ягоная ўстанова забясьпечвае запасамі крыві й яе вытворнымі кампанэнтамі 129 мэдычных установаў у Менску і Менскай вобласьці.

Спадар Патапнёў апавёў, што пра страйк донараў нічога ня чуў і ня верыць, што гэта магчыма. Апроч таго, ён упэўнены, што скасаваньне льготаў ня тычыцца донараў, бо супярэчыць закону пра донарства:

“У парлямэнце мы абмяркоўвалі паўгоду таму, наадварот, пашырэньне донарства. Я мяркую, што ў дачыненьні да донарскіх пунктаў, то гэта іх кране ў меншай ступені. Не сьпяшайцеся распальваць пажар. Давайце паглядзім закон. Я ведаю, што закон пра донарства існуе асобна. Ён даволі жорсткі, і правы донараў парушацца не павінны”.

16 чэрвеня донары з усіх рэгіёнаў правядуць сустрэчу ў Менску. Яны будуць абмяркоўваць стратэгію барацьбы за свае правы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG