Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьмяншаецца колькасьць дзяцей


Галіна Абакунчык, Менск 1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. У Беларусі 2007 год абвешчаны Годам дзіцяці. І менавіта сёлета Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі пастанавілі скасаваць шэраг ільготаў, у тым ліку для непаўналетніх.

Усіх дзяцей да трох гадоў пазбавілі льготаў на атрыманьне бясплатных лекаў. Да таго ж непаўналетнія ня будуць мець права на зьніжку 50% пры праезьдзе ў гарадзкім і прыгарадным транспарце.

Аднак у беларускай Асацыяцыі шматдзетных сем’яў, якой кіруе прадстаўніца Савету Рэспублікі Тацяна Краўчанка, ня бачаць у гэтым нічога адмоўнага. Гаворыць намесьніца старшыні асацыяцыі Вольга Каранькова:

“Калі нашыя шматдзетныя сем’і бяруць крэдыты й будуюць кватэры — гэта непараўнальна ні зь якім праездам. Я шчасьлівая за нашыя сем’і. Ну а дробныя пытаньні — ня будзем зараз пра гэта казаць”.

Рэгуляваць за кошт дзяцей — негуманна

Як ставяцца да адмены льготаў для дзяцей іхныя бацькі? Цікаўлюся ў некаторых зь іх на вуліцах Менску:

Спадар: “Зьбіраньне аплаты са школьнікаў і дзяцей дадатковага даходу не прынясуць. А рэгуляваць коштам дзяцей — негуманна”.

Спадарыня: “Пазытыўна гэта ніяк не паўплывае. Бо людзі проста будуць баяцца за сваіх дзяцей”.

Карэспандэнтка: “Адмена льготаў — як вы да гэтага ставіцеся?”

Спадарыня: “Я, канечне, вельмі не задаволеная. Бо вельмі дарагія лекі. Майму дзіцёнку паўтара году, і ён мала хварэе. Але на аптэку мы трацім шалёныя грошы. Усё, што можна, што маглі б зрабіць, усё адменяць. Але дзеці — гэта сьвятое”.

Спадар: “Адмоўна стаўлюся. Бо дзеці — самая неабароненая катэгорыя. І так людзі думаюць, ці мець дзяцей. А тое, што яны даюць грошы на нараджэньне — гэта нешта зьменіць? Зусім іншыя ўмовы трэба, каб дзеці пайшлі”.

У Беларускай асацыяцыі дзяцей-інвалідаў зьбіраюць подпісы супраць адмены льготаў

Паводле законапраекту аб скасаваньні льготаў, хворыя на ныркі дзеці цяпер пазбаўленыя кампэнсацыі на транспартныя выдаткі. Усе дзеці-інваліды пазбаўленыя зьніжкі 50% на праезд па краіне, а такіх каля 33 тысяч. Таму ў Беларускай асацыяцыі дзяцей-інвалідаў зьбіраюць подпісы супраць адмены льготаў, кажа намесьніца старшыні асацыяцыі, якая не пажадала называць імя:

“Гэта тычыцца аплаты лекаў таксама, бо там ёсьць некаторыя адмены ў некаторых групаў. Аплаты праездаў для дарослых інвалідаў, аплаты кватэры. Зьбіраем подпісы — будзем зьвяртацца”.

Тры гады таму ў Беларусі было на 5% дзяцей больш

Сёньня ў Беларусі жыве каля двух мільёнаў дзяцей, гэта 20% ад агульнай колькасьці насельніцтва. А яшчэ тры гады таму іх было 25%, кажа супрацоўніца Інстытуту адукацыі Алеся Карнейчык.

“Гэта вельмі важны момант. Асабліва, калі кажуць, што памяншаецца колькасьць сацыяльных сіротаў, злачынцаў. Проста дзетак меншае — кожны год”.

Дзяржава ня мае маральнага права заяўляць пра сваю сацыяльную скіраванасьць

Адмяніўшы льготы для адной з найменш абароненай катэгорыі насельніцтва, дзяцей, дзяржава ня мае маральнага права заяўляць пра сваю сацыяльную скіраванасьць, кажа праваабаронца Людміла Гразнова:

“Дзяржава не клапоціцца належным чынам пра чалавека, пра дзіця. Дзяржава спрабуе захаваць толькі сябе. Таму няма сацыяльнай агульнай і сацыяльнай дзяржаўнай палітыкі. Гэтая непрадбачлівая, непэрспэктыўная, нядоўгатэрміновая палітыка, яна яшчэ прынясе вельмі дрэнныя вынікі, і мы іх адчуем”.

Цяпер гэтая арганізацыя рыхтуе даклад аб правах дзіцяці ў Беларусі для адпаведнай камісіі ААН. Паводле прагнозаў экспэртаў ААН, Беларусь уваходзіць у пяцёрку краінаў, якім пагражае паступовае выміраньне.

У 1990 годзе на тэрыторыі краіны жылі 10 мільёнаў 190 тысяч чалавек. Паказьнік натуральнага прыросту складаў 32 тысячы. Паводле Мінстату, на 1 студзеня 2007 году ў Беларусі 9 мільёнаў 714 тысяч жыхароў. Адмоўная дыспрапорцыя склала 42 тысячы чалавек.

Адкат ад 10-мільённай мяжы прыпадае на 2000 год. Паводле гэтай тэндэнцыі, да 2050 году колькасьць насельніцтва Беларусі скароціцца на 30% і складзе менш за 7 мільёнаў чалавек.

• Магілёў: моладзевыя актывісты наведалі дзіцячы прытулак • Берасьце: пікет у абарону дзяцей накіравалі на былыя могілкі • 1 чэрвеня ў Магілёве адбудзецца пікет супраць адмены льготаў
XS
SM
MD
LG