Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Рар: “Лукашэнка хоча збалянсаваць уплыў Расеі ўплывам Эўразьвязу”


Юры Дракахруст, Прага Як адрэагуе Захад на вызваленьне палітвязьняў і мяккія прысуды апазыцыйным актывістам у Беларусі? Ці паспрыяюць дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пагаршэньне адносінаў паміж Масквой і Брусэлем? Каму адрасаваныя абвінавачаньні на адрас Расеі, якія прагучалі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на гэтым тыдні? Такія тэмы будуць абмяркоўвацца ў нядзельным “Праскім акцэнце”. Сярод удзельнікаў перадачы – кіраўнік аддзелу СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

Дракахруст: “На мінулым тыдні былі датэрмінова вызваленыя Павал Севярынец і Мікола Статкевіч, а таксама Кацярына Садоўская, асуджаная за зьнявагу прэзыдэнта. На гэтым тыдні сябры “Маладога фронту” насуперак чаканьням былі асуджаныя да штрафаў, а не пазбаўленьня волі. Таксама на гэтым тыдні былі спыненыя крымінальныя справы супраць 5 моладзевых актывістаў.

Захад і ў прыватнасьці Эўропа называлі вызваленьне палітвязьняў абавязковай умовай пачатку дыялёгу зь Менскам, дыялёгу, зацікаўленасьць у якім Аляксандар Лукашэнка недвухсэнсоўна выказваў напачатку гэтага году, у прыватнасьці, у вядомым інтэрвію Аляксандру Рару. Афіцыйны Менск не прызнае наяўнасьць у краіне палітзэкаў, цяпер МЗС заяўляе, што гэтыя крокі – не саступка Захаду. Але ж крокі зробленыя. Ці палічыць Эўропа гэтыя крокі дастатковымі, каб пачаць дыялёг па тых пытаньнях, якія турбуюць Менск?”

Рар: “Трэба пачакаць, што вырашыць Эўразьвяз у цэлым. Ад беларускага кіраўніцтва патрабаваліся пэўныя крокі ў гэтым самым кірунку. Праўда, размова ішла пра вызваленьне Казуліна, але ў той самы час і Эўразьвяз напачатку нямецкага старшыняваньня дастаткова ясна сказаў, што гатовы ісьці зь Беларусьсю на канструктыўны дыялёг, можа нават перагледзіць пэўныя пазыцыі, калі будуць правільныя сыгналы з боку беларускага лідэра.

Я мяркую, што гэтыя сыгналы прыходзяць. Яны шмат у чым спозьненыя, бо нямецкае старшыняваньне ў Эўразьвязе хутка сканчаецца. Але яны ўсё роўна сьведчаць пра тое, што беларускі бок хоча наладзіць дачыненьні з Эўразьвязам. Бо ўсе мы разумеем, што падчас прыватызацыі, якая ў Беларусі зараз павінна пачацца, расейскі капітал, расейскія алігархі будуць мець у Беларусі перавагу. І я мяркую, што Лукашэнка хоча збалянсаваць уплыў Расеі ўплывам Эўразьвязу. І для гэтага яму трэба ісьці на пэўнае палітычнае пацяпленьне, што ён і робіць. Праўда, не пад ціскам і даволі своеасабліва, але я думаю, што ў Эўразьвязе гэтыя сыгналы могуць зразумець”.

Дракахруст: “Раней Захад, Эўропа стаялі перад дылемай – што рабіць, калі Менск наагул не рэагуе ані на жорсткі, ані на мяккі падыходы. Цяпер гэтая дылема зьмяніла форму, Менск паказаў, што ён на зьнешняе ўзьдзеяньне рэагуе. І што рабіць? Працягваць ціснуць, дамагаючыся выкананьня ўсіх папярэдніх умоваў, балазе Менск усё ж паддаецца, але рызыкуючы, што беларускія ўлады забяруць назад усе саступкі, палічыўшы, што Эўропа не задаволіцца нічым меншым, чым скіданьне рэжыму? Ці варта ўзнагародзіць Менск нейкім “пернікам”, паказаўшы, што за далейшыя крокі насустрач пернікі будуць большыя?”

Рар: “Я магу толькі казаць пра той працэс, які стаў відавочным у Эўразьвязе падчас нямецкага старшыняваньня. Менавіта Нямеччына была скіраваная на новую ўсходнюю палітыку Эўропы, на новыя падыходы да асобных краінаў постсавецкай прасторы, у тым ліку і да Беларусі. Пакуль Зьвязам кіравала такая краіна, як Нямеччына, і да канца чэрвеня яна яшчэ будзе кіраваць, размова не ішла пра тое, каб сілай накідаць дэмакратыю на постсавецкай прасторы.

Эўразьвяз пачаў адыходзіць ад ранейшых шаблёнаў, калі вылучаліся патрабаваньні і заяўлялася – альбо так, альбо наагул ніяк. Сьведчаньне гэтай новай лініі мы можам убачыць у дачыненьнях з краінамі Цэнтральнай Азіі, асабліва з Узбэкістанам. Праблема Андыжану, зразумела, яшчэ ня зьнятая, але Эўразьвяз пад лідэрствам Нямеччыны пайшоў на скасаваньне пэўных санкцыяў, якія былі ўведзеныя адносна гэтай краіны. Так што Беларусь упісваецца ў гэты кантэкст.

Тут варта дадаць, што Нямеччына імкнецца захаваць стратэгічнае партнэрства з Расеяй, гэтак жа, як і пэўныя формы добрасуседзтва з такой краінай, як Беларусь, у адрозьненьне ад некаторых іншых дзяржаваў, якія такога тыпу пагадненьні з Беларусьсю адхіляюць”.

Дракахруст: “Цяперашнія манэўры Беларусі паміж Расеяй і Эўропай адбываюцца на фоне значнага абвастрэньня дачыненьняў паміж Масквой і Брусэлем, абвастрэньня, якое наўпрост не зьвязанае зь Беларусьсю. Падвышаюцца ці паніжаюцца ў сувязі з гэтым шанцы афіцыйнага Менску дасягнуць пагадненьня з Эўропай? Ці ня можа ў Эўропы ў гэтай сытуацыі ўзьнікнуць спакуса вырваць Беларусь, якой бы яна ні была, са сфэры расейскага ўплыву?”

Рар: “Былі такія развагі стратэгічнага кшталту ў студзені сёлета, калі паміж Менскам і Масквой адбываўся нафтавы канфлікт. Але прайшло 4 месяцы, і ўсё ўстала на свае месцы. Эўразьвяз зразумеў, што Лукашэнка ня будзе цалкам зварочваць сваю палітыку ў бок Эўразьвязу, ён шмат у чым застаецца прыхільны прарасейскаму курсу.

На мой погляд, сёньня можна казаць пра новае прымірэньне паміж Масквой і Менскам. Эўразьвяз і Менск не зрабілі неабходныя стратэгічныя крокі насустрач адзін аднаму, каб можна было казаць пра рэзкае пацяпленьне ці зьмену сытуацыі. Я ня думаю, што ў Эўразьвязе нехта сур''ёзна мяркую, што можна супрацьпаставіць Беларусь Маскве. Нават адносна Украіны ў Эўразьвязе шмат ілюзіяў у гэтым сэнсе зьнікла.

Калі ня думаць стратэгічна, Эўразьвяз будзе чакаць, вітаць любыя зьмены ў Беларусі ў станоўчым накірунку і, разумеючы, што Лукашэнка сёньня цьвёрда трымае ўладу, паказваць, што ён гатовы ісьці на дыялёг і зь ім, аднак пры ўмове, што ён выканае вядомыя патрабаваньні, якія вылучае Эўразьвяз.

Першыя саступкі, пра якія мы цяпер гаворым – саступкі адносна апазыцыі – у пэрспэктыве могуць прывесьці і да дыялёгу з апазыцыяй. Мне гэта падаецца магчымым пры ўмове, што крокі будуць шчырыя і ня толькі тактычныя”.

Дракахруст: “Інтэрвію Лукашэнкі Рару было хіба пікам дэманстрацыі гатовасьці беларускага кіраўніка збліжацца з Эўропай. Ці няма ўражаньня, што момант для гэтага наагул ужо страчаны, незалежна ад саступак, на якія гатовы ісьці Менск?”

Рар: “Вы прыгадалі інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. Мне здаецца, што тое інтэрвію, якое я браў, упісваецца ў той час, студзень гэтага году, калі было раптоўнае супрацьстаяньне паміж Беларусьсю і Расеяй, калі Эўразьвяз падумаў, што ў Эўропе пачнецца сур’ёзны энэргетычны крызіс, калі рабіліся экстраардынарныя захады па дывэрсыфікацыі патокаў паставак энэргарэсурсаў.

Цяпер сытуацыя супакоілася. Лукашэнка ўбачыў, што для таго, каб цалкам перайсьці на Захад, яму давядзецца яшчэ больш сур’ёзна пасварыцца з Расеяй, на што ён не гатовы з прычыны эканамічнай залежнасьці ад Расеі і ў сувязі з тым, што гэта супярэчыць інтарэсам ягонай эліты і большай часткі насельніцтва, якое не вітала б такі рэзкі крок прэч ад Расеі. З другога боку ён, зразумела, падарваў спадзяваньні другой часткі сваёй жа эліты і апазыцыйных колаў, якія спадзяваліся як раз на тое, што канфлікт з Расеяй дапаможа краіне, Лукашэнку радыкальна зьмяніць курс зьнешняй палітыкі і накіраваць краіну ў бок Эўразьвязу.

Мы бачылі канкрэтныя крокі ў бок Расеі ў накірунку стварэньня новых формаў супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Расея ў гэтым атрымала перамогу, на якую яна спадзявалася яшчэ ў студзені. А Беларусь спынілася на палове шляху ў сваім імкненьні наладзіць дачыненьні з Брусэлем і ўсталяваць новыя стратэгічныя, добрасуседзкія дачыненьні з Эўразьвязам. Гэты шанец быў падчас нямецкага старшыняваньня ў Эўразьвязе. Нямецкае старшыняваньне было гатовае на вялікія кампрамісы, як мне здаецца, і на розныя формы дыялёгу нават з Лукашэнкам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG