Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: пікет у абарону дзяцей накіравалі на былыя могілкі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Берасьці адбыўся пікет, прысьвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Дазвол на акцыю атрымалі мясцовыя арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Арганізатары адзначаюць, што гэта першая грамадзкая акцыя на стадыёне “Лякаматыў”, які пабудаваны на месцы колішніх габрэйскіх могілак.

Раней у Берасьці было іншае месца для мітынгаў і пікетаў — стадыён “Будаўнік”, які тутэйшыя называюць “каменны мех”. Яго цяпер рамантуюць.

А пляцоўка, куды ўлады ўпершыню выправілі сёньня пікет у абарону дзяцей, мае народную назву “могілкавы хутар”.

Пра хаду акцыі паведаміў Ігар Маслоўскі — старшыня абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

“Тут фактычна няма жылых кварталаў. Увесь стадыён абнесены бэтоннай агароджай. Невялічкі лапік прыватнага сэктару — і усё! Мы ўсталявалі стэнд і вядзем збор подпісаў за захаваньне льготаў дзецям, студэнтам, інвалідам і пэнсіянэрам. Дарэчы, мы сёньня тэлефанавалі ў ідэалягічны аддзел гарвыканкаму і таксама запрашалі супрацоўнікаў далучыцца да пікету. Пакуль іх няма”.

Пікет у Берасьці доўжыўся дзьве гадзіны. Арганізатары заяўляюць, што сацыяльныя льготы, якія скасоўвае ўлада, пагоршаць матэрыяльны стан прынамсі 30 тысяч берасьцейскіх сем’яў.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Леанід Майструк называе гэта спробай цяперашняга рэжыму выратавацца праз паборы з насельніцтва:

“Адбіраюць кавалак хлеба ў простага чалавека. А гэтага рабіць сёньня ніяк нельга. Таму мы выйшлі сёньня. Мы выказваем салідарнасьць з шараговымі людзьмі, якія сапраўды нэгатыўна выказваюцца пра адмену льготаў”.

Сакратар Берасьцейскай філіі ПКБ Леанід Майструк паведаміў таксама, што пікет ў Берасьці — пачатак доўгатэрміновай акцыі. У рэгіёне будуць і далей зьбіраць подпісы супраць скасаваньня льготаў. Суразмоўца заявіў, што гэты дакумэнт накіруюць у Вярхоўны Суд Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG