Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бягун: “Адменяць ці не адменяць дазвольны штамп — жыцьцё пакажа”


Іна Студзінская, Менск Старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі палкоўнік Ігар Рачкоўскі чарговы раз запэўніў, што дазвольныя штампы для выезду за мяжу скасуюць — з 1 студзеня 2008 году. Для грамадзянаў Беларусі мяркуецца адмяніць і так званыя “дата-штампы”, якія ставяць памежнікі ў пашпартах пры перасячэньні мяжы.

Супрацоўнік прэс-цэнтру памежных войскаў палкоўнік Аляксандар Цішчанка паведаміў:

“Штампы знаходзяцца ў кампэтэнцыі Міністэрства ўнутраных справаў. Памежныя войскі іх не адмяняюць. Калі МУС зможа іх адмяніць з 1 студзеня 2008 году, памежныя войскі іх ня будуць улічваць пры перасячэньні мяжы. Гэта зьвязана з пытаньнямі аўтаматызацыі кантролю. Стаіць задача — абсталяваць пункты пропуску вось гэтай сыстэмай”.

Тлумачэньне намесьніка начальніка Дэпартамэнту грамадзянства й міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксея Бегуна такое:

“Пытаньне вельмі няпростае. Я як экспэрт нават не магу даць дакладнай ацэнкі — што штамп будзе адменены, альбо будзе ўведзены нейкі іншы мэханізм афармленьня дакумэнтаў для выезду за мяжу. Мы, са свайго боку, робім захады. Прэзыдэнт нам даручыў прыняць адпаведныя захады дзеля стварэньня банку зьвестак асобаў, права на выезд якіх з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь часова абмежаванае. Тэрмін — да верасьня 2007 году”.

“І можна спадзявацца, што з 1 студзеня наступнага году будзе адменены вось гэты штамп?”

“Ну... Спадзявацца можна на ўсё. А адменяць — не адменяць, жыцьцё пакажа”, — кажа спадар Бягун.

Яшчэ ў 2002 годзе Канстытуцыйны суд прызнаў, што дазвольны штамп для выезду за мяжу не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Тады перад Міністэрствам унутраных справаў і Дзяржкамітэтам памежных войскаў паставілі задачу: адмяніць штамп у 2006 годзе. Гэтага ня выканалі. Ці пасьпеюць адпаведныя структуры падрыхтавацца да 1 студзеня 2008 году?

У Беларусі 59 міжнародных і міждзяржаўных пунктаў пропуску, 38 ужо аўтаматызаваныя. Мяркуецца, што да канца году будуць аўтаматызаваныя і астатнія.

І тады можна будзе адмяніць ня толькі дазвольныя штампы, але і дата-штампы, мяркуе палкоўнік Аляксандар Цішчанка:

“Штамп у пашпарце як бы падмяняў аўтаматызаваны ўлік. А калі гэта будзе кантралявацца сыстэмамі аўтаматызаванымі, то навошта ставіць штамп пры перасячэньні мяжы, калі гэта будзе зафіксавана ў базе?”

А што рабіць, калі дазвольны штамп сканчаецца цяпер? Лета – час адпачынкаў, вандровак. Намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун раіць:

“Афармляць новы. Адназначна. На год, на два. Заканадаўства застаецца ранейшым: адзнака ў пашпарце прастаўляецца на тэрмін ад аднаго году да пяці”.

“То бок заплаціць менш за год не атрымаецца?”

“Канечне, менш чым за год не атрымаецца, адназначна”, — кажа Бягун.

Што да ўвядзеньня замежных пашпартоў, пра якія гаворка ідзе ня першы год, пытаньне канчаткова ня вырашанае, сказаў Аляксей Бягун. А вось калі ўсё ж такі дазвольныя штампы адменяць, а людзі ўжо заплацілі дзяржпошліну, можна спадзявацца, што грошы вернуць, кажа Аляксей Бягун:

“Давядзецца прадпрымаць нейкія захады, каб вярнуць грошы тым, хто пераплаціў”.

Нагадаю, што дзяржпошліна за дазвольны штамп у Беларусі складае адну базавую велічыню за кожны год. Базавая велічыня цяпер — 31 тысяча рублёў.

У суседніх Расеі і Ўкраіне грамадзяне маюць два пашпарты — унутраны і замежны. У літоўцаў, палякаў, латышоў, як і ў беларусаў, — агульнаграмадзянскі пашпарт, зь якім можна выяжджаць за мяжу. Але там ніякіх дазвольных штампаў не прадугледжана.
XS
SM
MD
LG