Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец і моладзевыя актывісты абараняюць маладафронтаўцаў у Салігорску


Севярын Квяткоўскі, Менск Павал Севярынец і шэраг моладзевых актывістаў накіраваліся сёньня ў Салігорск. У шахтарскім горадзе адна з найбольшых па-за Менскам суполак, якая падтрымлівае незарэгістраваную арганізацыю “Малады фронт”. На школьнікаў ды іх бацькоў ціснуць міліцыя й пракуратура. Прыкладам, аднаго зь лідэраў салігорскай апазыцыйнай моладзі Івана Шылу за апошнія два гады затрымлівалі некалькі дзясяткаў разоў.

Мэту паездкі патлумачыў Павал Севярынец:

“У нашых плянах – сустрэча зь сям’ёй Шылаў, з тымі маладафронтаўцамі, якіх дапытвалі па крымінальнай справе. Мы зьбіраемся наведаць пракуратуру, КДБ і міліцыю Салігорску, каб паразмаўляць з тымі, хто ладзіць гвалт. Практычна паляваньне на дзяцей. Тэрарызуюць школьнікаў па палітычных прыкметах”.

Павал Севярынец хоча пачуць адказы на наступныя пытаньні:

“Ці ведаеце вы, што парушаеце закон? Ці ня сорамна вам? Бо ўрэшце, у кожнага ёсьць дзеці. І калі вы так ставіцеся да чужых дзяцей, ці чакаеце, што гэтак будуць ставіцца да вашых? Пытаньні, зьвязаныя з сумленьнем і антызаконнасьцю таго, што робіцца”.

Павал Севярынец нагадаў, што 2007 год абвешчаны ў Беларусі Годам дзіцяці.
XS
SM
MD
LG