Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Рэспубліканскую пракуратуру перайменавалі ў Генэральную?


Алег Грузьдзіловіч, Менск З 1 чэрвеня пачаў дзейнічаць новы закон “Аб пракуратуры”, паводле якога Рэспубліканская пракуратура мяняе статус і будзе называцца Генэральнай. Што дасьць гэтае парайменаваньне?

Новы закон пашырае функцыі Генэральнай пракуратуры, заявіў “Свабодзе” кіраўнік прэсавай службы гэтага ведамства Міхаіл Вавула:

“На яе ўскладаецца каардынацыя працы ўсіх органаў пракуратуры. Яны мусяць узгадняць сваю дзейнасьць на ўсіх кірунках. Гэта ў старым законе было, але функцыя каардынацыі была крыху размытая. Да таго ж на Генэральную пракуратуру цяпер ускладаецца прадстаўніцтва ў міжнародных органах. І, безумоўна, удзел у нарматворчай працы. У старым законе гэта не было прапісана”.

Паводле Міхаіла Вавулы, новы статус не азначае, што павялічацца заробкі й зьявяцца новыя прывілеі супрацоўнікаў пракуратуры.

Што думаюць пра зьмены незалежныя юрысты?

Былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што зьмена назвы і статусу пракуратуры не дапаможа больш эфэктыўна змагацца з парушэньнямі закону.

“Прыкладаў шмат. Пракуратура каардынуе барацьбу з карупцыяй, а карупцыі ўсё болей. Мы ўжо на 156-м месьцы ў сьвеце, ніжэй за Расею ці Ўкраіну. Між тым робіцца выгляд, што барацьба з карупцыяй вядзецца. Апошні прыклад — нядаўні арышт старшыні “Белнафтахіму” Бароўскага. Не, гэта нічога ня дасьць. Гэта толькі зьмена шыльды, як раней зрабілі і ў Расеі, дзе таксама пракуратура Генэральная”.

Былы сьледчы Фрунзенскай раённай пракуратуры Менску Алег Воўчак згадвае: у сярэдзіне 1990-х гадоў, калі пракуратурай кіравалі Васіль Шаладонаў і Васіль Капітан, ціск на сьледчых быў мінімальны. “Ва ўсялякім разе тады немагчымае было завядзеньне сьледчымі пракуратуры палітычна матываваных справаў”, — кажа Алег Воўчак.

На яго думку, асноўная прычына была ў тым, што генэральны пракурор абіраўся парлямэнтам і яму падпарадкоўваўся. Алег Воўчак згадаў, як летась актывісты апазыцыі заклікалі генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча завесьці крымінальную справу пасьля прызнаньня Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што выбары сфальшаваныя, але нічога з гэтага не атрымалася.

“Вы ж добра разумееце, чаму. Калі генэральны пракурор прызначаецца прэзыдэнтам, ён ніяк ня зможа завесьці супраць яго справу за нейкія выказваньні”, — сказаў Воўчак.

Навошта ўладзе спатрэбілася мяняць назву пракуратуры? Алег Воўчак не выключае самых простых прычынаў:

“Магчыма, тут нейкія фінансавыя прычыны. Магчыма, каб было лягчэй зь бюджэту выпрошваць грошы для Генэральнай пракуратуры. Але для паляпшэньня жыцьця грамадзян, грамадзкіх арганізацыяў, прадпрыемстваў гэта нічога ня дасьць”.

У органах пракуратуры працуюць каля дзьвюх тысяч чалавек, паведамілі ў прэсавай службе цяпер ужо Генэральнай пракуратуры. Колькасьці супрацоўнікаў самой Генэральнай пракуратуры там не паведамілі.


Глядзіце таксама:

Як склаліся лёсы дырэктараў, якіх арыштоўвалі пры Лукашэнку?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG