Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Улада паказала, што яна моцная і не баіцца розных Статкевічаў і Севярынцаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

На працягу мінулых двух тыдняў у Беларусі зьменшылася колькасьць палітвязьняў — улады датэрмінова вызвалілі Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і Кацярыну Садоўскую.

Апроч таго, прысуды актывістам “Маладога фронту”, якіх судзілі паводле крымінальнага артыкулу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, аказаліся на дзіва мяккімі — нікога зь пяцёх падсудных не пакаралі турмой, абмежаваліся штрафамі.

Нашы слухачы ў сваіх лістах разважаюць наконт прычынаў такіх зьменаў у стаўленьні ўлады да апазыцыі. Сёньняшнюю размову пачну з допісу на гэту тэму Сяргея Касецкага з Наваполацку. Слухач піша:

“Лукашэнка яўна падае сыгнал Захаду аб тым, што гатовы да перамоваў. Гэта зь ягонага боку, так бы мовіць, крокі добрай волі, якіх Эўразьвяз і ЗША доўга дамагаліся. Думаю, усіх палітвязьняў ён адразу не адпусьціць: трэба ж нешта пакінуць для гандлю. Калі вызваліць усіх — ніякіх козыраў на руках не застанецца.

Асабліва доўга, напэўна, будуць трымаць Казуліна. Гэта буйная фігура, за яе, напэўна, можна атрымаць сотні мільёнаў эўра — у якасьці тых жа гандлёвых прэфэрэнцыяў”.


Палітвязьняў, спадар Касецкі лёгка адпусьціць і гэтак жа лёгка арыштаваць зноў — гэтых жа ці новых. Доўгатэрміновы гандаль на такой аснове наладзіць з Захадам наўрад ці ўдасца.

Каб стаць паўнавартасным і паўнапраўным партнэрам у дыялёгу з Эўрапейскім зьвязам і ЗША, у Беларусі неабходна праводзіць кардынальныя дэмакратычныя рэформы, у выніку якіх зьяўленьне палітвязьняў стане ўвогуле немагчымым. І ў Менску пра гэтыя ўмовы ведаюць.

На гэту ж тэму кароткі ліст ад Сьвятланы Ўсьціновіч зь Менску:

“Лукашэнка зрабіў высакародны шырокі жэст — і як жа адрэагавала на гэта апазыцыя? Хоць бы напісалі ліст падзякі альбо правялі пікет, як яны звычайна робяць, на якім заявілі б пра падтрымку палітыкі прэзыдэнта. Ня кожны ж дзень такое здараецца.

Увогуле, улада паказала, што яна моцная і не баіцца розных статкевічаў і севярынцаў. Мы яшчэ раз пераканаліся ў геніяльнасьці Аляксандра Лукашэнкі, у якога такое палітычнае чуцьцё, якое і ня сьнілася розным там Мілінкевічам і Лябедзькам”.


І за што ж, спадарыня Ўсьціновіч, дзякаваць? За тое, што трымалі людзей за іх палітычныя погляды ў няволі год-паўтара, а маглі б і болей? Ці за тое, што маладых хлопцаў і дзяўчыну, уся віна якіх у тым, што думаюць ня так, як актывісты БРСМ, абклалі мільённымі штрафамі, а маглі б кінуць у турму? Гэта вы лічыце ўзорам гуманізму, дэмакратычнасьці і палітычнага таленту?

Цікава, што ў такім выпадку вы бераце за пункт адліку, за аб’ект для параўнаньня? Можа, колішняга ўсенароднаабранага прэзыдэнта Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Жана Бакаса, які, прыйшоўшы да ўлады, абвясьціў сябе імпэратарам, а сваіх палітычных апанэнтаў папросту зьядаў (даслоўна — у выглядзе лянгетаў і шніцэляў)?

Пра настроі сярод сваіх аднавяскоўцаў распавядае ў лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Народ у нас цікавіцца: чаму ў апошнія месяцы не падвысілі пэнсіі? Газэты маўчаць, тэлебачаньне таксама. Яны ўсё больш посьпехі й цудоўнае жыцьцё апісваюць. А нас пэнсія цікавіць. Ці вось зноў хлеб ды іншыя прадукты падаражэлі. Людзі кажуць: “Лукашэнка забыў нас…” А я ім на гэта: “Вы ж за яго галасавалі — дык патрабуйце…”

— А мы і трэці, і чацьверты раз пойдзем галасаваць за яго.

— Ну, дык тады і маўчыце, што хлеба няма за што купіць. Навошта абураецеся? У мяне адна нэрвовая сыстэма, і я пра гэта не хвалююся, нічога іншага і не чакаў. Я хвалююся за “Свабоду”, бо ад яе атрымліваю духоўную ежу”.


Цікава, спадар Сац, як вашы аднавяскоўцы адрэагуюць на тое, што цяпер, каб дабрацца ў райцэнтар, ім давядзецца плаціць за аўтобусны квіток удвая даражэй, чым раней? І за лекі ў аптэцы зь сямідзесяцігадовых старых таксама будуць браць поўны кошт, бо зьніжкі й бясплатныя лекі адмяняюцца.

Прэзыдэнт Лукашэнка на мінулым тыдні ў Берасьці заявіў, што пэнсіянэры хоць, можа, і пакрыўдзяцца, што ён адмяніў ільготы, але ўсё роўна як ня здраджвалі яму, так і ня здрадзяць…

Ды толькі, калі размаўляеш са старымі людзьмі й слухаеш іх разважаньні наконт усяго гэтага, міжволі пачынаеш сумнявацца ў слушнасьці такога сьцьвярджэньня.

Наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў нядаўна трапіў у мясцовы шпіталь. І якіх толькі гісторыяў не наслухаўся ад вушацкіх людзей. Некаторыя ён пераказаў у сваім новым вялікім лісьце на “Свабоду”.

Адзін з аповедаў — пра стаўленьне да цяперашняга будаўніцтва на вёсцы так званых “прэзыдэнцкіх” домікаў — новага жытла, якое будуецца на бюджэтныя грошы й з дапамогай якога ўлада разьлічвае замацаваць спэцыялістаў на зямлі. Вось запісаны Кастусём Сырэлем маналёг на гэты конт вушацкага дзядзькі:

“Навошта яны, тыя домікі, патрэбныя? Хто ў іх жыць будзе? Сабакі? Ты пойдзеш у калгас робіць на трыццаць тысяч у месяц? Ідзі, мо й палучыш той домік, калі раней з голаду не апухнеш разам зь дзецьмі! Э-э-э, браток! “Бацька” наш убіў сабе ў галаву гэтыя домікі, як той Хрушчоў кукурузу, і хоць ты яму кол на галаве чашы.

Ты заплаці мне — я палатку пастаўлю, і буду там жыць, і працаваць буду, і слова не скажу. Сам сабе хату пабудую, такую, якую я хачу, а не яны. Ды й на чорта мне што будаваць, я лепей дзе-небудзь куплю. Іх цяперака поўна, і купіш за капейкі.

А якія дамы! Бярвеньні — “званок”! Ну, калі толькі ніжні вянец памяняць, ды падмурак падняць троху, ну, перакрыць. Там жа і пуні, і хлявы, і сад, і лазьня, і зямля добрая, нават, бываець, што і гараж ёсьць. А што пры гэтым прэзыдэнцкім доміку? Нічога, толькі хлявочак, як сабачая будка. Ровар паставіш, а другі ўжо ня ўлезе”.


Усе мінулыя гады гэтыя домікі будавалі асобна ад вёсак, і абавязкова ля шашы, каб начальству адразу было відаць, як выконваецца дырэктыва прэзыдэнта. Пры гэтым, сапраўды, не зьвярталася вялікай увагі на тое, што вакол дамоў няўдобіцы, на якіх нават палын не расьце.

І наконт гаспадарчых пабудоў — слушная заўвага вушацкага дзядзькі. Рэч у тым, што на ўсю новую сядзібу дзяржава выдаткоўвала толькі 30 тысяч даляраў. Гэтых грошай не хапала ня тое што на вялікі хлеў — нават на давядзеньне да ладу самога доміка.

На адной з апошніх нарадаў прэзыдэнт Лукашэнка, праўда, ранейшую паказушную практыку раскрытыкаваў, і казаў фактычна пра тое ж, пра што і вушацкія жыхары — што трэба па-гаспадарску распарадзіцца тым, што ўжо ёсьць. У беларускіх вёсках стаяць парожнія дзясяткі тысяч яшчэ трывалых пабудоў. Выкупіць іх і зрабіць капітальны рамонт — куды таньней, чым будаваць з нуля.

Але мільярды бюджэтных рублёў за мінулыя дзесяць гадоў ужо ўкладзеныя якраз у гэтыя домікі на выселках з хлевушкамі-шпакоўнямі.

На заканчэньне — фрагмэнт ліста Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну. Слухач разважае пра некаторыя адметнасьці беларускай нацыі:

“Калі быў на зоне і працаваў на лесапавале, то чуў такую размову двух беларусаў:

— Ну, што, браток Зеня, добры лес — заробім з табой капейку…

Усе наўкол на гэта толькі пасьміхаліся. Работа цяжкая, ад яе трэба выкручвацца, як можаш. А яны…

Празь некалькі месяцаў я зноў пабачыў гэтага беларуса і ледзь пазнаў. Кіляграмаў трыццаць зь яго выпарылася, увесь схуднеў, счарнеў.

І гэтак жа на ўсіх іншых цяжкіх чорных работах, зь якіх усе хто як мог “саскоквалі” — працавалі беларусы. А зона, між іншым, была інтэрнацыянальная.

Такіх рабацягаў я болей нідзе ня бачыў. Вось менавіта ім трэба працаваць у Эўропе, круціцца, як вавёрка ў коле — там гэта ацэняць. Нават у Гітлера беларус лічыўся ганаровым рабацягам, ломам падперазаным.

Ці могуць беларусы цярпець бясконца? Думаю, не. Вось калі давесьці да крытычнага ўзроўню — тады іх ня спыніш, тады справа пойдзе”.


Сумнеўна, спадар Кляноўскі, што ў Гітлера беларусы лічыліся на нейкім асаблівым ганаровым рахунку. Спаленых фашысцкімі карнікамі вёсак у Беларусі больш, чым у любой іншай краіне. Ды і ў лягерах сьмерці й на прымусовай працы ў Нямеччыне беларусы пакутавалі ня менш, чым усе іншыя эўрапейскія народы.

Што да таго, дзе варта працаваць беларусам… Мяркую, найперш на сваёй радзіме, на ўласнай зямлі. Прыкласьці рукі ў краіне ёсьць дзе. Іншая рэч, што патрэбная сыстэма, пры якой за цяжкую і сумленную працу і ўзнагароджаньне было б адпаведным. А не такім, як, напрыклад, у большасьці сёньняшніх беларускіх калгасаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG