Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі даражэе нафта


Міхал Стэльмак, Менск Ад сёньняшняга дня падаражэе нафта, што ўвозіцца ў Беларусь. Гэта выклікана сёлетнімі дамоўленасьцямі з Расеяй. Як гэта адаб’ецца на становішчы айчыннай нафтавай галіны?

Нафтавае падаражаньне ў Беларусі ініцыявана Масквою. Расейскі ўрад падвысіў экспартнае мыта на нафту зь 1 чэрвеня да 200,6 даляраў за тону. У параўнаньні з ранейшым паказчыкам – гэта амаль на траціну вышэй. Вось што паведаміў на гэты конт кіраўнік аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краін СНД Аляксандр Фадзееў:

“Гэта зьвязана з усясьветнай кан’юнктурай, з гульнёй на рынку нафты. Гэта спроба, перш за ўсё, вырашыць уласныя праблемы. Паколькі сыравінны комплекс – гэта звышдаходны бізнэс. Але ў Беларусі, як вы ведаеце, мыта ўніфікавана з расейскім”.

Уніфікацыя стала наступствам пагаршэньня беларуска-расейскіх дачыненьняў у нафтавай сфэры. Масква адмовілася пастаўляць Менску сыравіну па танным кошце. У студзені канфлікт быў урэгуляваны на расейскіх умовах. У выніку ўведзенае экспартнае мыта для Беларусі, а Менск пазбаўлены самастойнасьці ў нафтавай палітыцы.

"Пяць мільярдаў беларускіх рублёў страты ў нас у красавіку"

У параўнаньні з траўнем тона нафты падаражэе ў чэрвені на 13 даляраў. Найперш гэтае падаражаньне, паводле экспэртаў, адчуюць мазырскія й наваполацкія нафтаперапрацоўшчыкі. Кіраўнік незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ Юры Швец:

“Калі раней мы жылі бяз мыта, дык добра было. Натуральна, навошта нам гэта мыта? Вядома, бокам выходзіць. Усё кепска. Бо грошай няма. Мы крэдыты бярэм. Пяць мільярдаў беларускіх рублёў страты ў нас у красавіку. Скарбонка двойчы папаўняецца за наш кошт. А мы нічога не атрымліваем”.

"На 100 працэнтаў закупляць нафту ў нашага ўраду і саміх заводаў магчымасьцяў няма і ня будзе"

Леанід Невар з Рэчыцы, які шмат гадоў адпрацаваў у нафтавай галіне, лічыць: наперадзе беларускую нафтаперапрацоўку чакаюць сур’ёзныя эканамічныя праблемы:

“На 100 працэнтаў закупляць нафту ў нашага ўраду і саміх заводаў магчымасьцяў няма і ня будзе. Калі ж заводы ня будуць працаваць на поўную магутнасьць, то, натуральна, пры малых прыбытках яны ня будуць мець належную рэнтабэльнасьць”.

Падобнай думкі й расейскія экспэрты. У прыватнасьці, прагназуе пагаршэньне пасьля цяперашняга росту экспартнага мыта Аляксандр Фадзееў:

“Паколькі давальніцкая схема перапрацоўкі нафты дажывае, хутчэй за ўсё, апошнія дні, то, натуральна, увесь цяжар па закупцы нафты ў Расеі падае на самі НПЗ. А яны ня ў стане самі 100-працэнтна аплачваць. І яны мусяць назапашваць крэдыты”.

Гл. таксама

• Залатая эра беларускага нафтахіму скончылася?

• Беларусі не ўдаецца стабілізаваць працу нафтавай галіны
XS
SM
MD
LG