Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей


Галіна Абакунчык, Менск Каб даведацца, якія праблемы ў галіне абароны дзяцей найбольш хвалююць грамадзтва, карэспандэнтка Свабоды вырашыла пацікавіцца меркаваньнямі людзей на вуліцах Менску.

Карэспандэнтка: “Якія першасныя праблемы ў справе абароны дзяцей трэба вырашаць у Беларусі?”

Спадар: “Я думаю, што аховы здароўя. Я думаю, што трэба паляпшаць матэрыяльную базу і больш сур’ёзна да гэтага ставіцца”.

Спадарыня: “П’янства бацькоў і ўсе сямейныя праблемы, бо ўсё адтуль. Я сама працую ў школе і ведаю”.

Спадар: “Канечне, і п’янства, і злачынства. Але ж, калі бацькі паляць і п’юць гарэлку, то і дзеці гэта ж будуць рабіць”.

Спадарыня: “Напэўна, гэта няпоўныя сем’і, пакінутыя дзеці, інваліды, сіроты. Тыя дзеці, якія не атрымоўваюць любоў і падтрымку ў сям’і”.

Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, сёньня ў сірочых дамах выхоўваюцца каля 35 тысяч дзяцей. Іхняя колькасьць павялічвалася на пяць з паловаю тысяч штогод. Але ад 2005 году новых сіротаў становіцца на тысячу менш –гэтак уплывае праца зь недабранадзейнымі сем’ямі. Таксама павялічваецца колькасьць прыёмных сем’яў, кажа кіраўнік управы Міністэрства адукацыі Георгій Бутрым:

“Зараз у нас на Беларусі 3700 прыёмных сем’яў. Бяруць дзяцей і выхоўваюць. Паводле кантракту, атрымліваюць падтрымку ад дзяржавы: дапамогу на дзіця, а таксама невялікі заробак. Сірот, якія выяўленыя ў мінулым годзе – 4600. 72% зь іх уладкаваныя ў беларускую замяшчальную сям’ю”.

Паводле спадара Бутрыма, прыёмная сям’я праходзіць дэталёвую праверку, каб жаданьне ўзяць дзіця на выхаваньне не было прадыктаванае мэркантыльнымі інтарэсамі. Аднак гэта ня лепшае вынаходніцтва таксама зь іншых прычынаў, кажа спэцыяліст у сямейнай праблематыцы Алеся Карнейчык:

“Панастваралі прыёмных сем’яў у вёсках. А ў яе, гэтай жанчынкі, якая працуе ў калгасе – сьвінкі, у яе агарод. І яна кажа: а што, мае дзеткі павырасталі сярод бульбы – і ўсё добра, і гэты выгадуецца. А дзіця праблемнае, ніхто ня кажа пра тое, колькі бацькоў адмаўляецца ад гэтых прыёмных дзетак праз 3 – 4 гады”.

Галіна Лявонава рыхтуе альтэрнатыўны даклад аб выкананьні правоў дзіцяці ў Беларусі, які сёлета будзе прапанаваны на разгляд адпаведнай Камісіі ААН. Яна кажа, што афіцыйная статыстыка і заканадаўства выглядаюць шмат лепш сапраўднага становішча дзяцей у Беларусі.

“Можна выбіраць розныя аспэкты, што сацыяльнае сіроцтва мае тэндэнцыю да павелічэньня. Альбо даюць статыстыку, што дзіцячая злачыннасьць зьмяншаецца. Але цяжкія злачынствы не. Гэта праблема такая ж вострая, як і ўсё ў нашай краіне. Канечне, прадстаўнікі ўлады могуць скіраваць да Нацыянальнага пляну абароны дзяцей да 2010 году, дзе ўсё расьпісана па 130 пунктах, і нібыта закранутыя самыя дробныя акалічнасьці. Але, калі ўзяць кожны пункт і яго прааналізаваць, то застаецца пустое месца”.

Пасьля таго, як сям’я з Італіі адмовілася вяртаць на радзіму беларускую дзяўчынку-сірату Віку Мароз, Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся зьвесьці да мінімуму замежнае ўсынаўленьне. У выніку летась грамадзяне замежных краінаў усынавілі 36 беларускіх сіротаў. Раней новую сям’ю па-за Беларусьсю знаходзілі да 700 малых сіротаў. Гл. таксама

• Беларускіх дзяцей пераважна ўсынаўляюць італьянцы

• А.Лукашэнка заявіў, што хоча цалкам спыніць усынаўленьне дзяцей замежнікамі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG