Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 31 траўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць заяву палітыка Паўла Севярынца пра неабходнасьць прыватнай уласнасьці на зямлю, што можа адрадзіць сельскую гаспадарку. Камэнтары:

“Мяркую, справа ня ў тым. Сыстэма збудаваная такім чынам, што людзям не даюць зарабіць з зямлі”;

“Трэба ўсіх апазыцыйных палітыкаў саслаць на год, як Севярынца. Можа, тады працаваць лепей будуць”;

“Нарэшце сэнсоўная прапанова”;

“Севярынец ня мае рацыі. За час сацыяльнай эканомікі людзі абленаваліся. Іх ня выправіш”;

“У нармальных краінах у сельскай гаспадарцы працуе 3-5 працэнтаў насельніцтва”;

Карыстальнік deadthinc піша ў суполцы Minsk_by: “Мне спатрэбілася працягнуць дазвол на выезд. Але ў Першамайскім аддзеле па грамадзянстве і міграцыі мяне сустрэў гэбіст, які вельмі актыўна цікавіўся маёй вучобай у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Імёны людзей пытаўся і яшчэ кучу пытаньняў. ...Гэта толькі мне так “пашанцавала” ці гэта паўсюдная практыка?” Камэнтары:

“У такіх выпадках трэба іх дакумэнты глядзець і нічога не казаць. Хочуць дапытаць – няхай павестку дасылаюць”;

“Малайчына, што напісала пра гэта. Звычайна яны разьлічваюць, што ад страху ты нават пабаісься расказаць пра гэта пры сустрэчы. да мяне двойчы прыходзілі ва ўнівэрсытэт, намагаліся запужаць. Але самі турбаваліся, каб інфармацыя не патрапіла ў СМІ і на сайты”;

“Неўзабаве ўжо і дыхаць бязь іх спэцыяльнага дазволу забароняць”.

Блогер r_a_t__k_i_n_g у сваім дзёньніку дае спасылку, празь якую можна спампаваць інструкцыю па шыфраваньні інфармацыі ад руху “Бунт”, і ад сябе дадае: “(Інструкцыя) больш датычыцца актывістаў-лідэраў і арганізацыяў. Паролі на паштовыя скрыні, аську, скайп і іншыя онлайн-агенты мяняць трэба зь пэрыядычнасьцю зьмены юзэрпікаў. Час ад часу вычысьціце і тэчкі з кэшамі, кукамі, часовымі файламі. Раю карыстацца файрволамі замест антывірусаў, ці і тым, і тым. Ну й не забывацца архівы скідаць на дыскі з працоўнага вінчэстэра і хаваць ад сонейка – асабліва летам”.

Блогер czyk зрабіў жартаўлівыя азначэньні для правапісаў беларускай мовы, робячы паралелі з кшталтамі піва:

“Narkamauka — Bielmova Light taraškievica — Bielmova Classic narkamauka+taraškievica — Bielmova Premium narkamauka+taraškievica+l/łacinka — Bielmova Extra narkamauka+taraškievica+lacinka+łacinka+kitabauka — Bielmova Exclusive trasianka — Bielmova Jorš Coctail”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG