Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях фэрмэра: ад гаючай травы – да горкай “хіміі”


Ігар Карней, Кобрынскі раён Лёс беларускай вёскі і месца ў ёй фэрмэраў – тэма, якая апошнім часам надзвычай хвалюе вясковых прыватнікаў. Цяпер фэрмэрствам у Беларусі займаюцца 2 200 гаспадарнікаў. Гэта ўтрая меней, чым нават напачатку 1990-х, калі фэрмэрства толькі фармавалася. Што замінае рэалізацыі аграрнай схемы, апрабаванай фактычна ва ўсім сьвеце? На прыкладзе Ўладзімера Банцэвіча зь вёскі Аніскавічы Кобрынскага раёну наш карэспандэнт прасачыў, як лёгка ня толькі расчаравацца ў глябальных намерах, але і трапіць на лаву падсудных.

З рашэньня суду Кобрынскага раёну ад 5 траўня 2006 году:

“Пакараць Банцэвіча Ўладзімера Адамавіча абмежаваньнем волі на тэрмін 3,5 гады з пазбаўленьнем права займацца фэрмэрскай дзейнасьцю на пяць гадоў. Спагнаць з Банцэвіча на карысьць дзяржавы 173 мільёны 365 тысяч рублёў кампэнсацыі ўрону і дзяржпошліну – 17 мільёнаў 366 тысяч рублёў... Арыштаваць дзеля далейшай канфіскацыі на карысьць дзяржавы: аўтамабіль“Опэль Франтэра”, відэамагнітафон “Соні”, хатні кінатэатар“Бі-Бі-Кей”, музычны цэнтар, ксэракс, сыстэмны блёк, прынтэр, манітор, кампутарныя калёнкі, радыётэлефон, дом-склад на вуліцы Зарэчнай... Рэчавыя доказы, якія належыць“зьнішчыць”: 13 мяхоў сухой травы “Душыца”, пакунак гарбаты “Лясны водар”, скруткі з травамі. Захоўваць пры матэрыялах справы часопіс “Гаспадыня”...”

Якое ж злачынства ўчыніў 52-гадовы фэрмэр Уладзімер Банцэвіч? Калі сытуацыю спрасьціць, то без мэдычнай і фармакалягічнай адукацыі ён пачаў зьбіраць і нарыхтоўваць лекавыя зёлкі. Для гэтага, як аказалася, трэба заканчваць унівэрсытэты. Як жа тады спакон веку без дыплёмаў і ліцэнзій лекаваліся беларусы?

Палова фэрмэрскага досьведу – суды

У сярэдзіне 1990-х тады яшчэ галоўны аграном Банцэвіч выйшаў з калгасу са сваёй доляй зямлі – крыху болей за восем гектараў. Хутка знайшоў нішу – разам з жонкай Тацянай пачалі зьбіраць у лесе, на балоце лекавыя зёлкі. Штосьці вырошчвалі самі. Давалі ў газэтах аб’явы, дасылалі травы хворым. Праца нялёгкая: усё лета ў гумавых ботах, на сонцапёку. Потым сушка, расфасоўка, адпраўка бандэроляў. Апроч матэрыяльных стымулаў, заўсёды радаваліся цёпламу лісту ад чалавека, якому дапамаглі. Такіх у калекцыі Банцэвічаў – некалькі тысяч. Аднак, кажа спадар Ўладзімер, большую палову свайго фэрмэрскага досьведу ён займаецца іншым – апраўдваецца перад фіскальнымі органамі. І леташні суд – ня першы, расказвае фэрмэр, седзячы за рулём фармальна “не сваёй” машыны:

“Праблемы пачаліся адразу. Мала, што нельга было ўзяць грошы, каб набыць тэхніку, дык адразу прычапіліся: маўляў, ліцэнзіі на розьнічны гандаль няма. Першы суд адбыўся ў 2000 годзе. Я заплаціў, што яны там налічылі – 3,5 тысячы даляраў. Што ў сваякоў пазычыў, што сам, пакуль суд ішоў, падзарабіў. Хоць, як і цяпер, ні ў чым вінаватым сябе не лічу. Тады да крымінальнай адказнасьці прыцягвалі, але не саджалі прынамсі. Яшчэ ў часе суду прысуд скасавалі, бо сумы былі выплачаныя. І ўжо потым, як я даведаўся, з таго, што мяне асудзілі, самі абвінаваўцы сьмяяліся: маўляў, на лоха трапілі і засудзілі за вырошчваньне, збор і нарыхтоўку траваў. Тады як за гэта нават падаткі ня трэба плаціць. А я плаціў, паказваў прыбыткі, за што ўжо двойчы асуджаны. Паводле закону, гэта ўвогуле не абкладаецца падаткамі, бо адносіцца да сельгаспрадукцыі”.

Ці адпавядае пакараньне “маштабу парушэньняў”?

Хтосьці палічыў, што Банцэвічы шкодзяць грамадзтву. Адна за адной пачалі ехаць праверкі. Нягледзячы на тое, што афіцыйны ліст Мінсельгасхарчу сьведчыць – для нарыхтоўкі зёлак ліцэнзія не патрэбная, фэрмэра зьвінавацілі ў дзейнасьці без ліцэнзіі на травы. “Прыбыткі” лічылі агулам, без уліку выдаткаў. У выніку асудзілі, сканфіскавалі нажытую маёмасьць, ды яшчэ аштрафавалі амаль на 90 тысяч даляраў.

Аднавяскоўцы, адрозна ад раённых чыноўнікаў, шчыра спачуваюць пацярпелым:

“Фэрмэраў і так мала, а заканадаўства напісана, што пачаць справу амаль немагчыма. Усё душыцца на корані. Вельмі складана штосьці распачаць, прабіць гэта на розных узроўнях – неверагодна цяжка. Адважыўся чалавек, кінуў выклік. Адукаваны, ня п’е. Каму што дрэннае зрабіў? Працаўнік-чалавек! З раніцы да вечара разам з жонкай у цяпліцах працуе. Былі часы ўвогуле складаныя, бохан хлеба не было за што набыць. Што ён – крадзе, гвалціць, забівае?”.

“Лічу, што неадэкватна яго пакаралі. Ня ведаю, можа як у Вярхоўны суд пайшла справа, дык перагледзяць на яго карысьць. Да таго ж, гэта ня тое, што ён нешта хаваў, нейкія прыбыткі. Спраўна плаціў падаткі, і цудоўна дзяржава пра гэта ведала, падатковая ведала. Столькі гадоў усё ішло нармалёва, а потым рэзка – раз, і ўсё, злачынца. Зрабілі злачынцам. Канечне, так не павінна быць”.

Траўнік-“хімік”

У вёсцы Лушчыкі на Кобрыншчыне, дзе на так званай хіміі “перавыхоўваюць” несуноў, неплацельшчыкаў алімэнтаў і тых, хто зьдзейсьніў правапарушэньні па неасьцярожнасьці, фэрмэр Банцэвіч на ўліку ад леташняга жніўня. Адразу сядзеў пастаянна, потым вяртаўся толькі начаваць (штодня па 50 км у кожны бок). Але адсутнасьць працы і голад, што пачаўся ў лягеры, адкарэктавалі працу ўстановы. Адміністрацыя, ня маючы ні капейкі на ўтрыманьне пакараных, узяла на сябе сьмеласьць паадпраўляць найбольш надзейных пад хатні арышт. Як кажа спадар Банцэвіч, 10 пакараных жывуць коштам аднаго, які пасьля выходных прывозіць мех бульбы. Некалькі апошніх месяцаў ён штовечар звоніць у Лушчыкі, а двойчы на месяц езьдзіць адзначацца.

Спробы знайсьці паразуменьне на ўзроўні прадстаўнікоў улады пакуль застаюцца бяз плёну. Фэрмэр расказвае пра паход да свайго дэпутата Віктара Кучынскага, калі той прыяжджаў на сустрэчу з выбарцамі ў Кобрын:

“Калі зьвярнуўся да Кучынскага, той пачаў так сыпаць крымінальнымі артыкуламі, што склалася ўражаньне – ён сам і скамбінаваў маю пасадку, прысуд. Як семкі ад зубоў адскокваў кожны артыкул. І сказаў мне: маўляў, ня рыпайся, то можа праз паўтара году і адпусьцяць. А будзеш наадварот, будзеш сядзець... Маёмасьць уся арыштаваная. Вось гэты аўтамабіль апісаны. Усё, што можна прадаць, што карыстаецца попытам, апісана. Гэтаксама апісаныя працоўныя пабудовы, уключна з цяпліцамі. Меліся лазьню збудаваць, бо мыемся ў тазіку, як некалі. Але ўсё закінутае, цяпліцы не апрацоўваюцца, бо ў любы момант могуць прыехаць, усё камусьці перадаць. Нават у той жа сельсавет перададуць, хоць яму гэта і непатрэбна. Абы толькі ты не карыстайся. І я зразумеў: працуе нейкая групоўка ў продажы сканфіскаванай маёмасьці – у той жа структуры, якая гэты крымінальныя справы і прыдумляе”.

Прычына няўдачаў – зайздрасьць?

Жонка Ўладзімера Банцэвіча, Тацяна Іванаўна, заўсёды падзяляла імкненьне мужа жыць лепей. Хацелася быць надзейнай апорай двум дзецям. Аднак груканьне ў розныя дзьверы застаецца без аніякай рэакцыі. Усе лісты-скаргі са сталіцы трапляюць назад у Кобрын:

“І так цяжка працаваць на зямлі, а тут яшчэ такое... Але я лічу, што гэта ўсё за сьпіной Лукашэнкі робіцца. Каб ён даведаўся, што мы тут усё самі вырабляем, на зямлі, і яшчэ плацім немалыя падаткі, і прыбыткі паказваем да апошняй капейкі, мне здаецца, гарой за нас стаяў бы. Але, відавочна, ня ведае, што вакол робіцца. Я, дарэчы, тэлефанавала ў адміністрацыю прэзыдэнта, крычала, плакала. Патрабавала: дайце мне Лукашэнку, як да яго трапіць? Яны нічога не гавораць. Толькі іранічна запыталіся: вы ведаеце, дзе рэзыдэнцыя прэзыдэнта? Я адказваю, што ніколі там не была. Вось што яны мне толькі адказалі. Трэба ж нешта сеяць, саджаць, а кожны дзень чакаеш, што кагосьці прынясе”.

Як кажа адзін з былых калгасных спэцыялістаў, цалкам магчыма, што ня ўсе чыноўніцкія інструкцыі выконваў Уладзімер Банцэвіч. Нарыхтоўваць лекавыя расьліны – адно, а займацца іх рэалізацыяй – іншае. І тым ня менш: ці варта так жорстка караць чалавека, які знайшоў свой спосаб выжываць ва ўмовах, у якія пастаўлена сёньня вёска? “Зайздрасьць”, – робіць выснову мой суразмоўца.

“Я яго ведаю ад таго часу, як ён яшчэ галоўным аграномам быў. Але тады са старшынёй яны не знайшлі агульнай мовы. Урэшце ён сышоў на сваю гаспадарку. Сёньня хтосьці гаворыць – правільна зрабіў, што пайшоў на вольныя хлябы. А хтосьці зайздросьціць. Усялякія людзі ёсьць. І я не выключаю, што ў большай ступені тут сваю ролю адыграла зайздрасьць. Бо ў нас жа як народ разважае: працаваць не хачу, а грошы люблю. Але ж гэта той выпадак, калі чалавек працуе. Вазьмі і ты гектар зямлі – і калі ласка, ва ўсіх жа ўмовах роўныя. Таму, хутчэй за ўсё, справа ў зайздрасьці, таму што неаднаразова даводзілася чуць – маўляў, зарабляе вялікія грошы”.

Лёс у беларускіх фэрмэраў адзіны

Гісторыя гэта тыповая для ўсёй Беларусі. За 300 кілямэтраў ад кобрынскага фэрмэра – у Калодзішчах пад Менскам яшчэ некалькі гадоў таму пасьпяхова працаваў Іван Марачкін. Меў увесь мэханізаваны парк, апрацоўваў зямлю. Але фініш – аналягічны: сесьці ня сеў, але страціў практычна ўсё:

“Калі вырашыў стаць фэрмэрам, пачаў прасіць дазвол на куплю зямлю. Хадзіў у калгас, потым у сельсавет, у райвыканкам і ўсюды адмаўлялі. Рэкамэндавалі ехаць кудысьці ў Віцебскую вобласьць. Ды я падумаў – куды ўжо ў Віцебскую вобласьць ад дому пацягнуся? Тады прыйшла ў галаву думка ўзяць у Мачулішчах зямлю ў арэнду. Арандаваў у вайсковай часткі 10 гектараў і, як ні дзіўна, усё пайшло добра. Тэхніку закупіў за свае грошы, бо банк пазыку ня даў – патрэбен быў гарант які-небудзь. А якія тут гаранты? Калгас супраць, сельсавет – супраць. Гаранта ніякага не знайшоў. Але нават да гэтага зайздрасьць людзей узяла; калгас трохі стаў пабойвацца, каб людзі не разабралі зямлю, свае паі ў калгасе і не разышліся ўсе па фэрмэрскіх гаспадарках”.

У выніку спадара Марачкіна пазбавілі права арэнды зямлі, якую ён давёў да ладу за некалькі гадоў руплівай, цяжкай працы.

Уладзімер Банцэвіч кажа, што амністыя, якая традыцыйна рыхтуецца да Дня незалежнасьці, яго наўрад ці закране. Штраф амаль у 90 тысяч даляраў, вызначаны судом, ён так і не заплаціў. Дый як заплаціць, калі рашэньнем таго ж суду бліжэйшую пяцігодку яму забаронена займацца фэрмэрствам?

...Беларускія аптэкі, паліклінікі, шпіталі ня маюць нават мінімальнага выбару расьлінных лекавых прэпаратаў. І для іх такія прадпрымальныя людзі, як Банцэвіч, – патэнцыйныя партнэры. Але наладжваць справу, падказваць прадпрымальнікам выйсьце з тупіковых сытуацыяў, засьцерагаць ад памылак – занятак мала ўдзячны, нават рызыкоўны. Бо даводзіцца мець справу з тымі, хто прызвычаіўся размахваць шашкай, “уладкоўваць” у турму ці адбіраць маёмасьць.

Фэрмэр Уладзімер Банцэвіч, вёска Аніскавічы Кобрынскага раёну
Уладзімер Банцэвіч і ягоныя “незаконныя травы”

Фэрмэр Уладзімер Банцэвіч, вёска Аніскавічы Кобрынскага раёну
Фэрмэр на тле “арыштаванага” аўто

Дом фэрмэра Ўладзімера Банцэвіча, вёска Аніскавічы Кобрынскага раёну
Дом Банцэвічаў, у якім ім амаль нічога не належыць

Фэрмэр Уладзімер Банцэвіч з жонкай Тацянай, вёска Аніскавічы Кобрынскага раёну
Самая вялікая падтрымка – з боку жонкі Тацяны

Паўліны, гаспадарка фэрмэра Ўладзімера Банцэвіча, вёска Аніскавічы Кобрынскага раёну
Душэўны спакой Банцэвічы знаходзяць у паўлінах

(Фота аўтара)
XS
SM
MD
LG