Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы засудзілі афіцэра, які загадаў страляць у гарнякоў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы, больш чым праз чвэрць стагодзьдзя пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча і пасьля 14 гадоў судовых працэсаў асуджаны міліцэйскі начальнік, які дазволіў ўжыць зброю супраць удзельнікаў страйку гарнякоў, што прывяло да сьмяротных ахвяраў.

Суд гораду Катавіцэ прысудзіў былому камандзіру ўзводу ZOMO (адпаведнік беларускага АМАПу) Рамуальду Цесьляку 11 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Узвод, якім кіраваў Цесьляк, страляў у гарнякоў капальні “Вуек” і “Маніфэст ліпцовы”, якія пратэставалі супраць увядзеньня ваеннага становішча.

“Ён кіраваў групай падначаленых і сваёй стралянінай з агнястрэльнай зброі ў натоўп удзельнікаў страйку даў сігнал міліцыянтам таксама ўжыць зброю. Нават пабачыўшы, што ёсьць забітыя і параненыя, Цесьляк не даў загаду спыніць страляніну”,– так судзьдзя Малгажата Сьлівіньска абгрунтавала прысуд.

Злачынствы міліцыянтаў прызнаныя “злачынствамі камуністычнага рэжыму”, а гэта значыць, што яны ня маюць тэрміну даўніны.

Удзельнік тых падзеяў і адзін з галоўных сьведкаў пракуратуры Яцэк Яворскі зьдзіўлены тым, што абвінавачаны не прызнае сваёй віны.

“Праз 25 гадоў гэтыя людзі ня маюць адвагі прызнаць сваю віну, перапрасіць сваякоў людзей, якіх пазбавілі жыцьця”

16 сьнежня 1981 году міліцыянты і жаўнеры пры падтрымцы танкаў, якія зруйнавалі сьцяну капальні “Вуек”, уварваліся на яе тэрыторыю і ня здолеўшы зламаць супраціў гарнякоў, ужылі зброю. Ад міліцэйскіх куляў загінулі 9 удзельнікаў страйку, а некалькі дзясяткаў былі параненыя.
XS
SM
MD
LG