Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Лукасік: пакуль гэтая ўлада ня зьменіцца, Беларусь для мяне закрытая


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – пастар Царквы хрысьціянаў веры эвангельскай, грамадзянін Польшчы Яраслаў Лукасік, якога высылаюць зь Беларусі – ён павінен пакінуць краіну да 7 чэрвеня.

Знаткевіч: “Спадар Яраслаў, я ведаю, што вы зьвярнуліся ў суд са скаргай, дзе прасілі патлумачыць прычыну сваёй дэпартацыі. Ці атрымалі вы нейкі адказ?”

Лукасік: “Пакуль што яшчэ не. Мы з жонкай апратэставалі гэта, але пакуль не”.

Знаткевіч: “Ці былі ў вас нефармальныя гутаркі, дзе прадстаўнікі ўлады патлумачылі б, чым іх не задавальняе вашая прысутнасьць у Беларусі?”

Лукасік: “У прынцыпе, мне нават паказалі ў міліцыі ў Мядзелі запіску з КДБ, у якой было запісана, што менавіта я нанёс шкоду нацыянальнай бясьпецы, у сфэры міжканфэсійных адносінаў, далей выясьняецца, што я займаўся нелегальна рэлігійнай дзейнасьцю ў пратэстанцкіх абшчынах, другі пункт – гэта тое, што я ўдзельнічаў у нелегальных зборах радыкальна настроеных палітызаваных груповак. І трэцяе было – што жыў ня ў месцы прапіскі”.

“Гэта, напэўна, нейкая плянавая сацыялістычная работа”

Знаткевіч: “А ёсьць у гэтых закідах нейкая доля праўды? Напрыклад, ці магчыма было нейкую працэдуру прайсьці афіцыйную, юрыдычную, каб легальна ладзіць рэлігійныя сходы?”

Лукасік: “Тут усё нармальна, я якраз зьяўляюся сябрам абшчыны, якая зарэгістраваная, якая неаднаразова зьвярталася да ўладаў з мэтаю прадаставіць нейкае памяшканьне, так што тут абсалютна ўсё нармальна. На мяне ніколі да апошняй нядзелі ніхто не складаў ніякага пратаколу пра маю рэлігійную дзейнасьць – тут не было ніякіх афіцыйных падставаў, каб такое рабіць. Нават калі ў нядзелю ў нас у будынку, дзе праходзіць багаслужэньне, зьявіліся прадстаўнікі міліцыі і КДБ, то я не займаўся рэлігійнай дзейнасьцю, казань чытаў япіскап, я сказаў адну малітву...”

Знаткевіч: “Якая ваша вэрсія – чаму менавіта цяпер, чаму раней не было ніякіх закідаў?”

Лукасік: “Я ня ведаю, чаму раней не было ніякіх закідаў – у прынцыпе, у мяне былі нейкія праблемы ў 1999 годзе. Увогуле, мне паказвалі ў Мядзелі нейкую такую паперку з 16 лістападу 1998 г. аб маім "прымусовым выдаленьні" (пад канвоем). А чаму гэтага ня здарылася – я магу такое апраўданьне знайсьці, што 14-га, на два дні раней, я ажаніўся з маёй жонкай, грамадзянкай Беларусі. Яшчэ ў 1999 годзе было, калі мне від на жыхарства выдавалі – ну так, асабліва не было ніякіх праблем. Толькі ў 2007 годзе – гэта, напэўна, нейкая такая плянавая сацыялістычная работа, таму што выганяюць ня толькі мяне, а цэлы шэраг місіянэраў – грамадзянаў Амэрыкі ці Заходняй Эўропы, якія служаць у пратэстанцкіх цэрквах, а таксама, як вядома, цэлы шэраг польскіх ксяндзоў і манашак. Так што гэта ёсьць нейкая такая палітыка – выкінуць з краіны ўсіх людзей, якія прапаведваюць хрысьціянскія каштоўнасьці, Эвангельле”.

“Жонкі паўстанцаў і іншых людзей, якіх ссылалі, ехалі разам зь імі”

Знаткевіч: “А ці рабілі вы спробы атрымаць нейкім чынам беларускае грамадзянства?”

Лукасік: “Шчыра кажучы, не. Думаў, што мне ўсё адно яго не дадуць. Калі здаеш толькі дакумэнты, дык яны пачынаюць так трэсьці... А так, калі ня рухаесься ў гэтых папяровых сфэрах, то так і жывеш”.

Знаткевіч: “Вашая жонка грамадзянка Беларусі, у вас трое дзяцей – што вы плянуеце рабіць цяпер у гэтай сытуацыі?”

Лукасік: “Ну канечне, мы ўжо пачалі працэс апратэставаньня, мы будзем судзіцца. Шчыра скажу, што мы робім гэта дзеля прынцыпу, хоць ня верым у вялікія вынікі нашых дзеяньняў, што мне тут вернуць мой від на жыхарства, дазволяць зноў знаходзіцца тут. Думаю, што пакуль гэтая ўлада не памяняецца, то мой уезд у Беларусь будзе закрыты. Калі ўсё-ткі прыйдзецца выехаць да 7 чэрвеня, то месца жонкі – каля мужа, мэта сям''і – быць разам. Таму што вось былі розныя жонкі паўстанцаў і іншых людзей, якіх ссылалі, то яны ехалі разам зь імі”.

“Царква, якая не ўплывае на грамадзтва – гэта ня тая Царква, якую меў на ўвазе Хрыстос”

Знаткевіч: “Вы неяк сочыце за тымі палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі?”

Лукасік: “Канечне, сачу. Таму што судзяць маіх блізкіх сяброў, многія зь якіх зьяўляюцца вернікамі адной і той жа абшчыны, у якую я ўваходжу, таму абавязкова сачу і малюся за іх”.

Знаткевіч: “Ці лічыце вы, што ёсьць доля праўды ў закідах улады, маўляў, царква, у прыватнасьці пратэстанцкая, удзельнічае ў палітычным жыцьці, што яна не павінна ўдзельнічаць у палітыцы?”

Лукасік: “Тут канечне, першае пытаньне, што такое палітыка. Бо ў Беларусі размаўляць на беларускай мове – гэта ўжо палітыка. У Беларусі наладзіць канцэрт, чытаць гісторыю, някая не адпавядае той, што ў падручніках у школе – гэта палітыка...

А што датычыцца ўплыву на грамадзтва, дык царква пакліканая да таго, каб рабіць уплыў на грамадзтва. Ісус сказаў у сваёй самай славутай пропаведзі, Нагорнай, што Царква – вы, вучні мае – ёсьць соль зямлі, свьятло для сьвету. Царква, якая не ўплывае на працэсы, якія адбываюцца ў грамадзтве – гэта, мабыць, ня тая царква, якую наш Настаўнік меў на ўвазе.

Іншае пытаньне, што царква, канечне, не зьяўляецца палітычным інстытутам, і павінна быць аддзеленая ад дзяржавы. Як сказаў наш япіскап Сяргей Хоміч на мітынгу, які быў на Бангалоры ў 2003 годзе, ён сказаў вельмі знакамітыя словы, якія я заўсёды цытую: “Так, царква аддзеленая ад дзяржавы. Але дзяржава не аддзеленая ад Бога. Таму царква павінна быць сумленьнем для нас”. Калі пратэстанцкія цэрквы ўплываюць на нейкія працэсы – гэта толькі на дабро”.

“Той, хто з афіцыйнай праваслаўнай царквы зьбліжаецца зь іншымі канфэсіямі – герэтык?”

Знаткевіч: “Вы сказалі, што сярод іншага ў той запісцы з КДБ, якую вы чыталі, вас абвінавацілі ў распальваньні варожасьці між канфэсіямі. Як вы наагул ацэньваеце адносіны паміж хрысьціянамі розных канфэсіяў у Беларусі?”

Лукасік: “Па-першае, усё гэта хлусьня, ніякай варожасьці я ніколі не распальваў, наадварот, я, напрыклад, маю вельмі такі глыбокі каталіцкі вопыт, жыцьця каліатіцкай царквы ў Польшчы, я дзялюся гэтым вопытам з эвангельскімі хрысьціянамі ў Беларусі. Дзякуючы майму служэньню многія зь іх сталі больш католікамі, многія католікі сталі больш эвангельскімі хрысьціянамі, больш наблізіліся да Бібліі, простага разуменьня веры. Так што гэта абсалютная выдумка, якая ня мае пад сабою ніякіх асноваў.

А што датычыць адносінаў розных хрысьціянскіх канфэсій у Беларусі, то канечне, я лічу, што а апошнія гады ёсьць вельмі шмат збліжэньня, прагрэсу. Прыклад – гэта пост-галадоўка ў царкве "Новае жыцьцё" і сьледам – пост-галадоўка, якая была ў касьцёле Маці Божай Вастрабрамскай у Гародні. Ксёндз Аляксандар сказаў, што нас натхнілі нашы браты-пратэстанты ў Менску”.

Знаткевіч: “Вы гаворыце пра адносіны між пратэстантамі і каталікамі, але ня ўзгадваеце праваслаўную канфэсію – якія вашыя адносіны з праваслаўнай царквой у Беларусі?”

Лукасік: “Я маю, напэўна, трошкі менш уласнага вопыту праваслаўнай духоўнасьці, хоць таксама ведаю абшчыну вучняў айца Аляксандра Меня ў Маскве. Тут у Беларусі добры прыклад – гэта айцец Шрамко, які падтрымаў гэтую апошнюю акцыю збору подпісаў супраьц новага закону аб свабодзе сумленьня... Атрымліваецца, што той, хто з афіцыйнай праваслаўнай царквы зьбліжаецца зь іншымі канфэсіямі, то ён атрымліваецца герэтык, яго адлучаюць ад службы... Так што я ня ведаю, хто тут увогуле распальвае, як яны кажуць, міжрэлігійную варожасьць”.

“Філязофія гэтага закону ў тым, што дзяржава стае на месца Бога”

Знаткевіч: “Вы сказалі пра гэты закон аб рэлігійнай дзейнасьці – што найбольш у гэтым законе пярэчыць вашаму разуменьню, што найбольш перашкажае свабодзе рэлігій у Беларусі, на вашую думку?”

Лукасік: “Па-першае, кожны закон мае сваю філязофію. Тут можна называць мноства артыкулаў і частак гэтага закону, якія абсалютна паралізуюць жыцьцё цэркваў, а філязофія гэтага закона заключаецца ў тым, што дзяржава стае на месца Бога. Яна хоча акрэсьіваць, якую лтаратуру я не павінен чытаць, дзе павінны маліцца хрысьціяне, а дзе не павінны, толькі ў вузка акрэсьленых месцах, каго можна запрашаць прапаведаваць, а каго нельга, і калі так далей пойдзе, то дзяржава будзе вызначаць, што пастару ці служыцелю можна прапаведаваць у царкве, а што нельга.

Тут самы балючы момант з вопыту маіх кантактаў зь інышмі служыцелямі – гэта месца правядзеньня багаслужэньня. Гэты закон рэзка забараняе праводзіць багаслужэньні ня ў культавых будынках. А гэтых будынкаў, прынамсі ў нашай пратэстанцкай канфэсіі, ня так шмат. Агромністая колькасьць абшчынаў зьбіраецца па хатах і спраўляе там набажэнствы. Так што мы вельмі моцна імкнемся, каб гэты закон быў перагледжаны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG