Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як склаліся лёсы дырэктараў, якіх арыштоўвалі пры Лукашэнку?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 31 траўня пракуратура Беларусі не паведамляла новых падрабязнасьцяў справы затрыманага напярэдадні старшыні канцэрну “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага. Не названыя і прозьвішчы іншых кіраўнікоў прадпрыемстваў і фірмаў, якіх, паводле пракуратуры, арыштавалі ў справе Бароўскага. Як склаліся лёсы тых кіраўнікоў буйных беларускіх прадпрыемстваў і устаноў, якія раней прайшлі праз арышты і турмы?

Лёсы “генэралаў беларускай прамысловасьці”, якія траплялі пад суд, склаліся па-рознаму. Адзін з тых, хто перажыў апалу, турму і суд — былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, якога ў 2002 годзе судзілі за шэраг эканамічных злачынстваў.

Яго пакаралі 1 годам і 9 месяцамі зьняволеньня, але залічылі тэрмін затрыманьня падчас сьледзтва і хатні арышт падчас суду. Урэшце галоўны чыгуначнік у калёнію не патрапіў.

Цяпер Віктар Рахманько жыве ў Маскве, працуе начальнікам управы транспарту ў “Газпроме”, кажа журналістка Марына Коктыш, якая брала ў яго інтэрвію:

“Ён вельмі добра пачуваецца — здаецца, усім цалкам задаволены”.

З кіраўнікоў, якіх суд прызнаў вінаватымі, але якія не патрапілі за краты, можна яшчэ згадаць Фёдара Іванова, былога старшыню Дзяржкамітэту авіяцыі ды Галіну Жураўкову, былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта.

Галіна Жураўкова, паводле сьледчых пракуратуры, як і Віктар Рахманько, знаходзіцца ў Маскве. Але ці працуе былая кіраўніца, якую суд прызнаў вінаватай у крадзяжы больш як 3 мільёнаў даляраў, невядома.

У 2002 годзе быў асуджаны, але адразу амніставаны былы дырэктар “Атлянту” Леанід Калугін. За год да таго Леанід Калугін спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам на прэзыдэнта, але няўдала. Потым некаторыя зьвязалі перасьлед дырэктара “Атлянту” з той спробай.

Пасьля суду Леанід Калугін на завод лядоўняў не вярнуўся. Яшчэ праз два гады стала вядома, што ён стаў манахам. Я пазваніў на мабільны тэлефон манаха Нікана (у сьвеце Леаніда Калугіна), але размовы не атрымалася.

“Ня трэба варушыць мінулага. Даруй Гасподзь усім”.

Але некаторыя былыя дырэктары буйных заводаў адбываюць тэрмін, як кажуць, напоўніцу.

Былы гендырэктар Наваполацкага “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі трымаў 4 гады зьняволеньня і сядзіць у калёніі — хаця зь ягонага рахунку і забралі болей за 1 мільён даляраў. Паводле сваякоў Часнавіцкага, у яго вельмі дрэнна са здароўем. Днямі стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка адмовіў Канстанціну Часнавіцкаму ў памілаваньні.

Адбывае 6 гадоў зьняволеньня і былы дырэктар Менскага падшыпнікавага заводу Валер Пенза.

Але найцяжэй пакаралі былога дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава. Яму далі 8 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Міхаіл Лявонаў адбывае пакараньне ў менскай калёніі, працуе на ўчастку камплектацыі кабінаў для трактароў “Беларус”.

Жонка вязьня Алена Лявона абвергла чуткі пра тое, што яе муж хутка вызваляецца:

“Відаць, гэтыя чуткі запускаюць наўмысна. Была камісія, але ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні адмовілі. Магчыма, як яны кажуць, бо ня стаў на шлях выпраўленьня”.

Нагадаю, Міхаіла Лявонава абвінавацілі ў крадзяжы каля 10 мільёнаў даляраў. Віны былы дырэктар не прызнаў. Паводле сваякоў Міхаіла Лявонава, вярнуць такія грошы дзяржаве ён ня можа.

Паводле закону Аляксандар Лукашэнка можа вызваліць высокапастаўленага чыноўніка ад судовай адказнасьці, калі той кампэнсаваў нанесеныя страты. Таксама закон прадугледжвае, што прыцягнуць да судовай адказнасьці высокапастаўленага чыноўніка можна толькі з дазволу кіраўніка дзяржавы.

• Экс-старшыні камітэту авіяцыі Фёдару Іванову выстаўлена абвінавачаньне , 15.06.2005 • Былы дырэктар “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі асуджаны на 4 гады , 03.10.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG