Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія донары рыхтуюцца да страйку


Радыё Свабода Магілёўскія донары заявілі, што неўзабаве распачнуць тыднёвы папераджальны страйк супраць адмены льготаў. Калі іхных патрабаваньняў ня выканаюць, яны пагражаюць правесьці бестэрміновы страйк.

Пра тое, якіх ільготаў пазбавілі донараў і чаго яны хочуць дасягнуць сваім страйкам, “Свабодзе” паведаміў адзін зь ягоных ініцыятараў Ігар Каваленка.

Спадар Каваленка здае кроў ужо дзесяць гадоў:

“Донарам канкрэтна скасавалі ўсе льготы: санаторна-курортнае лячэньне, зубапратэзаваньне бясплатнае. Скасавалі донарам 50-працэнтныя зьніжкі на набыцьцё лекаў, а таксама скасавалі 40-працэнтны дадатак да мінімальнай пэнсіі.

Мэта нашага страйку — вяртаньне гэтых ільготаў. І яшчэ мы хочам вылучыць дадатковае патрабаваньне — годная аплата, не кампэнсацыя, а годная аплата донарскай крыві”.


Магілёўскія донары думаюць страйкаваць, пакуль патрабаваньняў ня выканаюць. Аднак калі тэрмінова спатрэбіцца дапамога, яны гатовыя здаваць кроў.

Гаворыць Ігар Каваленка:

“Мы будзем намагацца арганізаваць страйк спачатку тыднёвы, а калі ня пойдуць на саступкі й ня выканаюць нашых законных патрабаваньняў дзяржаўныя чыноўнікі, мы абвесьцім бестэрміновы страйк.

На тэрміновыя выклікі для дзяцей, цяжкіх хворых мы будзем зьяўляцца. Донары будуць трымаць сябе ў адпаведнай форме, каб у выпадку тэрміновага выкліку здаць тыя кампанэнты, якія будуць патрэбныя”.

Магілёўскія донары гатовыя да рэпрэсіўных захадаў з боку ўлады, кажа спадар Каваленка:

“Хутчэй за ўсё, калі мы пайшлі супраць закону пра льготы, будзе нейкі пэўны ціск. Маральна я да гэтага гатовы”.

Ва ўправе аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму заявілі, што пра страйк нічога пакуль ня ведаць, таму не гатовыя нічога камэнтаваць.

На магілёўскай станцыі пераліваньня крыві ад камэнтароў адмовіліся, спаслаўшыся на адсутнасьць начальніка.
XS
SM
MD
LG