Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Германавічы: “І ў правінцыі можна ўсё пераадолець, калі 70 год там жыве Адольеўна!”


Віталь Сямашка, Германавічы, Шаркоўшчынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Любы сьвядомы беларус, калі завітае ў адміністрацыйна нашу частку Віленскага краю, абавязкова пачуе пра Адольеўну зь вёскі Германавічы, што на Шаркоўшчыне.

Так завуць сябры ды знаёмцы Аду Эльеўну Райчонак, былую настаўніцу, краязнаўцу, што аддае жыцьцё вывучэньню, зьбіраньню ды прапагандзе спадчыны вядомага мастака, этнографа, асьветніка Язэпа Драздовіча.

Акурат напярэдадні майго прыезду Адольеўне споўнілася семдзесят. Але зранку ў той дзень яна была занятая гаспадарчымі праблемамі — сяўба тут традыцыйна заканчваецца напачатку чэрвеня. Парай словаў апавядае мне пра справы.

Адольеўна: “Неўрадлівасьць сёлета была: дажджы пайшлі, не змаглі рапс убраць. Моркву ня бралі. Капуста загінула. Калгасам крэдыты даюць, меншыя сумы бяруць за паліва. Выкручваемся, як вужы, ня ведаем, што будзе далей. Зрабілі аграгарадок, а жыцьцё не палепшылася ні на грамульку...”



Падыходзіць сын спадарыні Ады Алесь. Дзесяць гадоў таму быў калгасным старшынём. А цяпер вось ужо дзесяць гадоў ён і маці — першыя ды адзіныя тут фэрмэры. Маюць 60 гектараў у арэндзе, два трактары, камбайн. Але, пагадзіўшыся наконт свабоды, што прысутнічае ў фэрмэрскай справе, на астатняе скептычна ківае галавой.

Алесь: “Тут ёсьць пачуцьцё гаспадара, а там што сказалі — тое і рабі. Далі нам безадсоткавы крэдыт. Дык тэхніка ў нас дарагая, а прадукцыя па цэнах на месцы дзесяць гадоў. На ўгнаеньні, паліўна-змазачныя матэрыялы цэны растуць з кожным днём. На гэтай зямлі нарадзіўся, зямля нашая, але аддачы ад яе ніякай...”

На падворку 43-гадовы трактарыст Сяргей Козел, што працуе ў Райчонкаў. Кажа, што ў калгасе адчуваў сябе парабкам, тут — чалавекам.



Козел: “Па-чалавечы ставяцца — што зарабіў, усё тваё! Плацяць даляраў сто. Дапусьцім, сабе трэба тэхніка — самі адпраўляюць, едзь рабі. У калгасе іх не заараць, да сябе не паедзеш. І калгас стаў імем назыўным, а калгасьнік — як апошні чалавек...”

Пераносім з Адай Райчонак наведваньне музэю на другую палову дня — каб не прапусьціць падзей, многія зь якіх тут як сыгнал SOS.

Згадваю, як увесну мінулага году незалежныя сродкі масавай інфармацыі абышла навіна, што ў мясцовым СВК паводле ўказаньня раённай вэртыкалі на маразы і завіруху выгналі сотні кароў. Сто сорак зь іх здохлі. Далейшыя падзеі фактычна прывялі і да чалавечых ахвяраў. Апавядае спадарыня Райчонак:

Адольеўна: “Тады Шчукін з “Народнай волі” прыехаў, узяў інтэрвію ў двух маладзенькіх дзяўчынак-даярак. Іх “даелі”. Адна зь іх, Каця, прыйшла і кажа: ці можаце вы выклікаць яшчэ раз таго карэспандэнта? А я кажу: “А ты подпіс пакінеш пад сказаным?” — “Ня буду”. — “Дык выклікаць яго ня буду”. Яна павесілася ў той жа самы дзень. Заробак быў маленькі, даўгоў нарабіла. Выкруціцца зь іх не магла. Дваццаць чатыры гады было... Вельмі бедна жывуць...”

Іду па вёсцы. Каля калодзежа стаіць з трыма стокіляграмовымі скрынямі з малаком 35-гадовая Марыя. Яна зьбірае бідоны кожны ранак. Заробак — 50 тысяч у месяц. Хутка пераконваюся, што леташні досьвед стасункаў з журналістамі для яе не мінуў дарэмна.

Марыя: “Ня буду нічога гаварыць, і ўсё!”



Я непадалёк ад праўленьня СВК “Германавічы”. На навакольных дрэвах аж заходзяцца крумкачы.

Загаворваю з 39-гадовым Міхалам. Убачыўшы мікрафон, падыходзяць кабеты з суседніх хатаў.

Спадарства: “Зерне траўлю ў калгасе і сам сябе хімікатамі, банкрутаў з нас зрабілі. Крумкачы во крычаць, як на пахаваньні, у пяць раніцы ўжо чуваць, так і ня сьпіш... А што толку гаварыць?! Што гэта дапаможа — вы мне грошы дасьцё?!

У кожнай вёсцы і заробку ня маюць, і бардак. А п’юць і крадуць ад безвыходнасьці. Бедалагі — атрымаў капейкі, а што зь імі рабіць?! Хоць дурнем пабыць! (Сьмяюцца.) Начную краму адкрылі — піце, калі ласка! Тэлевізар паставілі, і ў сем раніцы можна пахмяліцца...”

Заходжу ў кабінэт сакратаркі выканкаму сельсавету Лідзіі Янько. Тая, аказваецца, ужо навучаная зьверху, як і з кім трэба прымаць заежджых карэспандэнтаў.

Янько: “Вы павіны быць у суправаджэньні прадстаўніка райвыканкаму”.

Наверх, у вэртыкаль, жанчына тут жа пры мне і тэлефануе.

Янько: “Ці ёсьць Мікалай Арынархавіч?.. Сёньня ў Віцебску?.. А Галіна Фёдараўна?.. Тут да мяне завітаў Віталь Сямашка, хоча пагутарыць са мной — прадстаўнік незалежнай прэсы. Толькі лічбы магу вам даць...”

Лічбы дазваляецца агучыць такія: на амаль шэсьць з паловай жыхароў тут паўтары сотні пэнсіянэраў ды каля двухсот вучняў у сярэдняй школе. Даю суразмоўцы выказацца — чым жа ганарыцца тутэйшае чыноўніцтва.

Янько: “У школе рамонт зрабілі — дах цёк. Плюс у дзіцячым садку і ў паліклініцы. Прыпынак прыгожы — заасфальтавалі”.

Карэспандэнт: “А беспрацоўных колькі?”

Ясюковіч: “Вы ведаеце, калі чалавек мае дзьве каровы, сьвіньні — які ён беспрацоўны? Працуе больш, чым у горадзе, усе дванаццаць гадзінаў. Бульбу выкапаеш, кароўцы сена накосіш — чалавек можа не ісьці ў калгас, пражыве. Мы ж сельсавет, маем права даць 4 гектары зямлі ў арэнду. Ахвоты няма, адбілі семдзесят гадоў таму, як забралі зямлю. У мяне бацька багаты быў, я сьвіней трымаю...”

Карэспандэнт: “А колькі ў вас сьвіней?”

Ясюковіч: “Я ж не пытаюся, колькі ў вас жонак!”

Так да нас далучылася выкліканая кімсьці старшыня Германавіцкага сельсавету Крысьціна Ясюковіч. Пасьля гэтага дзіўнаватага адказу яна перайшла ў далейшы наступ:

Ясюковіч: “Я вельмі часта заходжу да старых. У мяне маці пэнсіянэр, кажа: дачка, калі хто кажа, што дрэнна жывуць, ня вер. У мяне пэнсія трыста — кілбасы, селядца куплю. А чаму таго-таго не купляюць? А я ўнукам даю. Старыя ў нас не абіжаныя. Вы згодныя?”

Пагадзіцца я ўжо ніяк ня мог. Бо перад гэтым сустрэўся з васьмідзесяцігадовымі цёткамі Дар’яй ды Браніславай, што выйшлі пагрэцца на сонейка.

Бабці: “Цяжэй стала жыць у старасьці ,чым у маладосьці. Хоць і пасьля вайны цяжка — муж пагіб, але ж усё я даставала... Сяду ды плачу гэтак. 60 рублёў пэнсіі маю. Ні каровы, толькі куры. І стары памёр. І лазьні няма, дзетачка... Той год і сотак не садзіла, няма каму капаць. Сёлета 100 тысяч аддала — восем баразёнкаў пасадзіла. А з чаго — з пэнсіі! А Лукашэнка не падбаўляе нам пэнсіі, можа, кажаш, і гэту адбярэ...”

У сельсавеце мы гутарылі яшчэ з гадзіну. Пры канцы старшыня палагоднела, зьнік афіцыйны тон.

Ясюковіч: “У мяне сельсавет даўжынёй 40 кілямэтраў, шырынёй пятнаццаць. Насельніцтва 3000, 25 магільнікаў. Вёскі закінутыя — усе зьехалі. Што я памагу?! Ну магу запісаць у чаргу на дровы, пагаварыць пра дзяцей...”

* * *

Як і абяцалася, у другой палове дня ізноў сустракаюся з Адай Райчонак — краязнаўцай, што ўсё жыцьцё прысьвяціла зьбіраньню ды прапагандзе спадчыны Язэпа Драздовіча, вядомага мастака, этнографа, асьветніка.

У Германавічах Драздовіч стварыў дзьве бібліятэкі, культурніцкае таварыства “Заранка”, у якім брала ўдзел больш за сто чалавек, каапэратыў “Беларус”. Тут пахаваная ягоная маці. Паўтара дзесяцігодзьдзі таму намаганьнямі Адольеўны адкрыўся музэй мастацтва ды этнаграфіі, працуе культурна-асьветніцкі цэнтар імя Драздовіча.

Тры гады таму паўстаў вось гэты недзяржаўны музэй, які маці стварала ў шматлікіх вандроўках разам з сынам — Міхасём Райчонкам, які заўчасна пайшоў з жыцьця ў дваццаць пяць. Яго імем і назвала.

Адольеўна: “Я, калі прыходжу сюды, здаецца, пабывала ў гасьцях у Міхася. Дарэчы, ніколі не гаварыў па-расейску, пісаў шмат. Сын быў таленавіты, многія пісьменьнікі прадракалі вялікую будучыню. Кожную працу перадрукоўваў пяць-шэсьць разоў. Я жыву за яго. Галоўнае — я раблю беларускую справу. Змагаюся за мову, выпускаю газэту “Бацькаўшчына”, ладжу сустрэчы зь пісьменьнікамі, паэтамі, навукоўцамі ў сваёй літаратурнай гасьцёўні.

Улады мяне не любяць. Я стварыла музэй Драздовіча, але мяне адтуль папрасілі — як пэнсіянэрку. А фактычна засьвяцілася на выбарах, подпісы зьбірала. І раней казалі: ці кідай палітыку, ці сыходзь з працы. Ня кінула палітыку...”



Між іншым, улады не дазваляюць ёй на ўласным доме нават вывесіць шыльду, каб было ясна, што ў ім знаходзіцца. Цяпер больш за сто толькі карцін, падораных ёй у часе чатырнаццаці пленэраў з удзелам лепшых мастакоў. Апошнія ласкава называюць яе “маці пленэраў”.

Яна й ня марыла пра такі рэзананс. І пра тое, што Германавічы стануць усебеларускім асяродкам культуры ды беларушчыны. Разам зь ёй перабіраем водгукі ды фатаздымкі наведнікаў.

Адольеўна: “Валодзя Арлоў, Вольга Іпатава, Алесь Мілінкевіч. Гэта Валя Барадуліна, я і Быкава, я і Шалкевіч, а во сьпявае Рыгор Барадулін. Во мой любімы Хадановіч, во Пашка Севярынчык. Веру ў моладзь — бо не такія, як мы, добра бітыя...”

Дарэчы, калісьці знаёмства зь сябрамі “Талакі” зьмяніла ўсё яе жыцьцё. Прывяла да Беларусі.

Адольеўна: “Быў у мяне музэй школьны. І я экскурсіі вяла па-расейску. І прыбег вартаўнік: нейкія людзі хочуць вас бачыць. Гэта былі “Талака”, “Тутэйшыя”. І я ўпершыню пачула, што моладзь гаворыць на беларускай мове. Марылі — Сержукі, Цімохі! Мы гаварылі да раніцы. І я задумалася: а я, беларуска, што раблю для сваёй мовы?!”

Спадарыня Ада перажыла нямецкую акупацыю. Да Другой усясьветнай у Германавічах жыло пяцьдзясят габрэйскіх сем’яў. Яна ўспамінае:

Адольеўна: “Я была дзіцёнкам, мяне злавілі на вуліцы немцы. Памятаю, крычалі, плакалі ўсе. Мама сабрала суседзяў, якія засьведчылі, што я не габрэйка, так мяне выкупілі...”

Што адбылося далей, цытую з гістарычнай кнігі-досьледу, адным з аўтараў якой зьяўляецца спадарыня Райчонак.

“Восеньню 1941-га ў Германавічах затрымаліся нямецкія часткі. Яны запатрабавалі ад габрэяў прынесьці ім усе шубы, кажухі, што былі ў іх. Пачалі біць тых, хто прыйшоў. Загадалі сваім ахвярам на кукішках поўзаць па вуліцы, есьці пыл. А самі ў гэты час аб іх сьпіны і галовы ламалі палкі. Тады загадалі ахвярам легчы пад колы прычэпа, які пачаў на іх паціху наяжджаць. Пасьля загадалі сьцякаючым крывёй лезьці ў грузавік. На наступны дзень даведаліся, што іх растралялі...”

Карціны з пленэру, прысьвечанаму галакосту, абышлі ўсю Беларусь. Ада Эльеўна ізноў кажа:

Адольеўна: “Я не магу жыць так, каб есьці, піць і спаць. Я пачала працаваць на радзіме Івана Паўлавіча Сікоры — гэта ўсясьветна вядомы садавод. Я прыглянулася яму, ён хацеў выдаць мяне замуж за свайго сына. Я была маладая, а ён з турмы прыйшоў чорны, дрэнна апрануты, зарослы. У мяне пыталіся, ці савецкая я. Я кажу з гонарам — так. А яны — не, мы не савецкія.

Толькі праз шмат год, парупіўшыся ў архівах, сустрэўшыся зь людзьмі, зразумела, празь якую мясарубку прайшлі гэтыя людзі. Мы выкупілі хату Сікоры і кожны год езьдзім, прыбіраем туды. Першае, што я раблю, — расказваю пра гулагаўцаў і Барыса Кіта. А настаўнікі фізыкі нават ня ведаюць пра яго, гэта сорамна...”

Карэспандэнт: “А што зь Беларусьсю будзе?”

Адольеўна: “Я думаю, дажывем да свабоднага жыцьця. Я не дажыву, а вам наканавана жыць у свабоднай Беларусі. Але хацелася б дажыць да гэтага!”

XS
SM
MD
LG