Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС заяўляе, што палітвязьнямі ўлада не гандлюе


Радыё Свабода Сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў на брыфінгу заявіў, што беларускі бок не вядзе гандлю дзеля паляпшэньня дачыненьняў з Захадам і ЗША. Так ён адказаў на просьбу “Свабоды” пракамэнтаваць выказваньні беларускіх аналітыкаў і палітыкаў, якія ацэньваюць датэрміновае вызваленьне некаторых палітвязьняў ды мяккі прысуд актывістам “Маладога фронту” як сыгнал афіцыйных беларускіх уладаў Захаду.

Андрэй Папоў ня бачыць за датэрміновым вызваленьнем палітвязьняў ды мінімальным прысудам актывістам “Маладога фронту” жаданьня афіцыйных беларускіх уладаў палепшыць дачыненьні з Захадам:

“Яшчэ раз падкрэсьлю, што беларускі бок ні з кім не вядзе ніякага гандлю. І не зьбіраецца яго весьці. Беларусь — прававая краіна. І ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі, адбываецца выключна ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам нашай краіны”.

Палітоляг Віталь Сіліцкі параўноўвае нядаўні прысуд актывістам “Маладога Фронту” з выракам іншаму актывісту гэтай арганізацыі Зьмітру Дашкевічу, якому далі паўтара году зьняволеньня:

“Тут відавочныя нейкія падвойныя стандарты. Значыць, нешта адбываецца. І адбываецца, як я мяркую, на заходнім кірунку”.

Між тым, сёньня ж Андрэй Папоў паведаміў, што на наступным тыдні ў Менску адбудзецца сэмінар “Узаемадзеяньне мэдыяў і прэсавых службаў у дэмакратычным грамадзтве”.

Прапанова правесьці гэта мерапрыемства паступіла ў МЗС Беларусі з АБСЭ — ад прадстаўніка ў пытаньнях свабоды СМІ Міклаша Харашці. Звычайна, як сьведчаць прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, афіцыйныя ўлады насьцярожана ставяцца да такіх прапановаў і знаходзяць мноства прычынаў, каб адмовіцца ад іх.
XS
SM
MD
LG