Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Жыцьцё становіцца ня лепш, як абяцаў урад, а наадварот"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 31 траўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Ларыса, Менск: “Большая частка нашага насельніцтва – гэта так званы просты народ. Дык вось, гэты просты народ хоча ведаць аб тым, што чакае яго ў бліжэйшы час. Бо мы бачым, што зь цягам часу жыцьцё становіцца ня лепш, як абяцаў урад, а наадварот. Але і апазыцыя нам нічога ня можа абяцаць, бо, калі ў дзяржавы няма сродкаў, дык у апазыцыі тым больш няма. Гэты Кангрэс паказаў, што ў іх няма ніякіх пэрспэктываў адносна ўсяго гэтага. Яны толькі спрачаюцца паміж сабой. І кожны хоча быць першым. А каб быць першым, трэба гэта даказаць. Пакуль вынікаў мы ня бачым”.

Спадар: “Я вось наконт кантрактаў і дамоваў. Лябедзька прапануе па гэтаму пытаньню рэфэрэндум правесьці. Ні ў якім разе нельга адмяняць кантракты і гэтыя дамовы. Калі гэта толькі адняць, гэтая п’янь, падонкі ўсялякія будуць сядзець, звольніць іх нельга будзе. Прафсаюзу, як пры савецкай уладзе, на дыбы становяцца. Ён прапіў усё ня сьвеце, паўцэха свайго прапіў, а зь ім усё няньчыліся. А тут кантракт. Калі ты ня будзеш выконваць тое, што ў кантракце напісана, табе проста кантракт не працягнуць. І слушна робяць. Іначай мы бяз портак хадзіць будзем. Лябедзька нават не ўяўляе сабе, якую страшную міну ён падкладае пад беларускую вытворчасьць. Такое мы бачым у Расеі".

Спадар: “Я разумею, калі нехта са слухачоў выступае. Ці падабаецца мне, ці слушна кажуць, гэта ўжо іншае пытаньне. Слушна, кожны можа сваё меркаваньне выказаць. Але калі выступае камэнтатар Ваш, калі выступае афіцыйны чалавек. Вось гэта дрэнна. І калі ён пачынае сюсюкаць наконт таго, што слаба аштрафавалі маладафронтаўцаў, тут ужо ганебна, тут ужо вушы вянуць. Эўфарыя! Такое дасягненьне! Прачніцеся! Паглядзіце праўдзе ў вочы. Для Лукашэнкі ўся гэтая мышыная валтузьня выедзенага яйка ня вартая. Ня гэта нам трэба. А глыбінная тлумачальная праца сярод людзей розных катэгорый. Давесьці, чаму бяднее рэспубліка, народ”.

Былы афіцэр МУС, Івацэвічы: “Добры вечар. Што натварыў мацёры забойца Аляксандр Сяргейчык для праваахоўчай сыстэмы – ганьба! Гэта вынік карумпаванасьці праваахоўчых уладаў. Нашая праваахоўчая сыстэмы ў асобе пракуратуры, МУС і судоў – адзін суцэльны мэханізм, які баіцца пакрыўдзіць адзін аднаго. А ад надта “правільных” супрацоўнікаў сьпяшаюцца пазбавіцца. Супрацоўнік, які парушае закон, для вышэйстаячага начальства зручней. Ён выканае любы загад”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўная Вольга Абрамава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацянальнага Сходу. Вы кажаце, што трэба працягваць удзельнічаць у выбарах. Наіўная Вы спадарыня. Ніякіх выбараў апошнія 10 год няма. Выбарчы закон дасканальны – каго трэба, таго і абяруць. Вас усіх прызначылі, Вы вельмі добра ведаеце. Вольга Абрамава, я не палітык. Магу дзесяткі даць канкрэтных прапановаў. Каб выбары былі выбарамі, неабходна, каб усе камісіі складаліся 50 на 50 ад апазыцыі і ад адміністрацыі. Датэрміновае галасаваньне адмяніць. Доступ на радыё і тэлебачаньне даць усім кандыдатам пароўну. Вы кажаце, што апазыцыі прапанавалі экспарту для распрацоўкі эканамічных і палітычных праграмаў. Адказваю: павінна быць толькі рынкавая эканоміка. Прыклад – Эўропа і Прыбалтыка. Сябраваць трэба ў першую чаргу з Эўропай і Амэрыкай. З Расеяй мафіёзнай мець узаемавыгадны гандаль. Не разьлічваць на танныя энэрганосьбіты. Гэта глупства. Шкада, што ўпусьцілі момант пераходу на рынкавую эканоміку. Што Вам можна параіць у дадзенай сытуацыі, гэта публічна адказацца ад дэпутацтва. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Вось вывела з раўнавагі прапанова “кіраўніка” Лябедзькі. Няўжо ён забыў, як Лукашэнка праводзіць свае рэфэрэндумы? То яго крытыкавалі, што ён іх праводзіць зашмат, то самі прапануюць правесьці рэфэрэндум. Нібыта ня ведаюць, як усе рэфэрэндумы выйграе Лукашэнка. І забыліся нават на свае прапановы па перайменаваньню вуліцаў у Менску. Таксама ж былі нейкія рухі, каб зьвярнуцца да народу. Але з гэтага атрымаўся пшык, і яны зноў наступаюць на тыя самыя граблі. Так што ўжо гэтая апазыцыя, так званыя Лябедзькі, Калякіны, ужо сябе дыскрэдытуе ў вачах народа. Ну, я маю на ўвазе прыхільнікаў. Трэба змагацца з лукашызмам, а не зьвяртацца яшчэ раз да народа, якім маніпулюе гэты самы лукашызм. Дзякуй”.

Спадар: “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! 30 траўня ў газэце “Советская Белоруссия” зьявіўся артыкул “Скокі пад марш Мэндэльсона”. Хацелася б па Радыё Свабода пачуць камэнтары саміх герояў гэтага артыкулу спадароў Фядзініча і Бухвостава. Як яны, барацьбіты за шчасьце беларускага народу, дапусьцілі, што Эўразьвяз прымяняе санкцыі да гэтых жа працаўнікоў, за дабрабыт якіх змагаюцца Бухвостаў і Фядзініч. Хацелася б пачуць і Аляксандра Мілінкевіча, які ў адкрытым лісьце да Лукашэнкі казаў, што ён мае добрыя сувязі з урадамі шматлікіх дзяржаваў, Эўрапарлямэнтам, Эўразьвязам і гэтак далей. Чаму ён нічога не зрабіў, каб Беларусь не пазбавілі прэфэрэнцый. Лукашэнка заўжды будзе мець бутэрброд зь ікрой, а вось народ. За дабрабыт якога нібыта змагаюцца гэтыя спадары і Фядзініч, і Бухвостаў, і Мілінкевіч, як раз у першую чаргу пацерпяць ад санкцый”.

Анатоль Сахаруша: “Пасьля краху рэжыму адным зь першых да пакараньня павінны быць прыцягнутыя тыя, хто прыклаў руку да звальненьня з працы бацькі Насты Палажанкі”.
XS
SM
MD
LG