Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымліваюць беларусы ідэю інтэграцыю Беларусі ў Эўразьвяз?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: сацыёляг Аляксандар Сасноў і старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч.



Якія тэндэнцыі выяўляюцца ў геапалітычных арыентацыях беларускіх грамадзян? Апазыцыя выступае за інтэграцыю ў Эўразьвяз — але ці можа агітацыя за эўрапейскую інтэграцыю мабілізаваць грамадзянаў дзеля падтрымкі апазыцыі?

Якую геапалітычную арыентацыю выбіраюць беларусы?

Валер Карбалевіч: “На Кангрэсе дэмакратычных сілаў вялікія спрэчкі адбыліся ў пытаньні стратэгіі апазыцыі. Наш сёньняшні суразмоўца Мікола Статкевіч прапанаваў свой варыянт стратэгіі. Яго галоўным элемэнтам стала ідэя інтэграцыі ў Эўразьвяз. На аснове гэтай ідэі прапануецца будаваць практычную палітыку, інфармацыйна-агітацыйную кампанію.

Але наколькі гэтая ідэя папулярная у грамадзтве? Учора група сацыёлягаў прафэсара Алега Манаева расказала пра вынікі апошняга сацыялягічнага апытаньня, а прафэсар Манаеў прэзэнтаваў кнігу “Беларусь і “Вялікая Эўропа”. Дык якія ж гэапалітычныя арыентацыі беларускага грамадзтва? Якія тэндэнцыі можна заўважыць у гэтым пытаньні?”

Аляксандар Сасноў: “Многае залежыць ад таго, як задаць пытаньне. Калі прапанавалі чатыры варыянты адказу (інтэграцыя з Расеяй, Эўразьвязам, за тое і другое, супраць таго і другога), то атрымалі такія вынікі.

Прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй каля чвэрці, прычым іх колькасьць за чатыры гады зьменшылася ў паўтара разу. Таксама прыкладна чвэрць насельніцтва выступае за уступленьне ў ЭЗ.

Значна павялічылася колькасьць тых, хто ня хоча ні з кім інтэгравацца. У 2003 годзе іх было 6,5%, а сёньня — 29,5%. То бок самая моцная тэндэнцыя — да аўтаркіі”.

Мікола Статкевіч: “Сапраўды, шмат залежыць ад пастаноўкі пытаньня. Калі задавалі пытаньне, ці прагаласавалі б вы за інтэграцыю Беларусі ў ЭЗ, то прыкладна 55% далі станоўчы адказ.

І з гэтага апытаньня вынікае, што ў большасьці беларусаў няма алергіі на ЭЗ. І гэта пры тым, што афіцыйныя мэдыі даводзяць насельніцтву, як кепска жыць у Эўразьвязе, а апазыцыя амаль ніяк не абараняла ЭЗ падчас выбарчай кампаніі. Бо інфармацыя даходзіць да людзей — незалежна ад высілкаў палітыкаў”.

Сасноў: “Калі паставіць пытаньне рубам, у выглядзе альтэрнатывы, то вынікі атрымліваюцца такія: за аб’яднаньне з Расеяй — 47%, а за ўступленьне ў ЭЗ — 34,4%”.

Статкевіч: “На пэўным этапе я сам быў прыхільнікам ідэі, каб Беларусь нікуды не інтэгравалася, а была мостам паміж Расеяй і Эўропай. Але паколькі ўціск з боку Расеі павялічваецца, то мы ня здолеем доўга балянсаваць, нам трэба будзе рабіць выбар”.

Ці трэба апазыцыі заваёўваць большасьць насельніцтва?

Карбалевіч: “35% насельніцтва, якія выступаюць за інтэграцыю ў Эўразьвяз, гэта збольшага дэмакратычны электарат, які ў асноўным гатовы падтрымаць апазыцыю. Але прапанова паставіць гэтую ідэю ў цэнтар палітычнай дзейнасьці апазыцыі — чарговая апэляцыя да сваіх, да дэмакратычнай меншасьці, гэта адмова ад заваяваньня большасьці.

А куды падзець тыя 47% насельніцтва, якія выступаюць за інтэграцыю з Расеяй? Аддаць іх Лукашэнку?”

Статкевіч: “Вы ўвесь час імкнецеся паставіць пытаньне рубам. А я не хачу так ставіць пытаньне. 55% насельніцтва ня супраць уступленьня ў Эўразьвяз. Вось яна і большасьць. Гэта па-першае.

Па-другое, большасьць электарату патрэбная на сумленных выбарах. У нас іх няма. Таму для заваяваньня сумленных выбараў трэба арганізаваць ціск на ўладу з дапамогаю вулічных акцыяў. Удзельнічаць у іх будуць маладыя і адукаваныя людзі.

Але за кілбасой сотні тысяч людзей на вуліцы не выходзяць. Які ні быў нізкі ўзровень жыцьця ў Грузіі ці Ўкраіне, людзі на вуліцу ад гэтага не выходзілі. У Кіеве выйшлі на Майдан змагацца за эўрапейскі выбар.

Таму цяпер нам трэба апэляваць да актыўнай меншасьці. Потым, калі будуць сумленныя выбары, можна апэляваць і да большасьці”.

Карбалевіч: “Цяперашні беларускі рэжым значна мацнейшы за тыя рэжымы, якія былі ў Грузіі ці Ўкраіне. І ў такіх умовах вы лічыце, што актыўная меншасьць зможа нешта адваяваць ва ўладаў, ня маючы за сабой падтрымкі большасьці насельніцтва?”

Статкевіч: “На плошчы пытаньне вырашаецца актыўнай меншасьцю. Але я не адмаўляюся ад змаганьня за большасьць. А яе можна дасягнуць, прапагандуючы ўзровень дабрабыту грамадзянаў ЭЗ”.

Сасноў: “Калі сачыць за тэндэнцыяй, то можна нічога не рабіць, і праз пэўны час, гадоў празь дзесяць, прыхільнікаў Эўразьвязу стане больш, чым прыхільнікаў Расеі.

Бо хто такія прыхільнікі Эўразьвязу? Амаль 90% — людзі, маладзейшыя за пяцьдзясят гадоў, зь сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, большасьць працуе на прыватных прадпрыемствах. Сярод іх шмат моладзі, студэнтаў, жыхароў заходніх абласьцей Беларусі.

І наадварот, за інтэграцыю з Расеяй выказваюцца людзі сталага веку, менш адукаваныя. Большасьць іх працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, жывуць на ўсходзе, у сельскай мясцовасьці ці маленькіх гарадах”.

Ці можа агітацыя за эўраінтэграцыю мабілізаваць грамадзянаў для падтрымкі апазыцыі?

Карбалевіч: “Пяройдзем да тэмы, якую ўжо часткова закрануў спадар Статкевіч. Ці не падаецца вам, што ідэя інтэграцыі ў Эўразьвяз — нейкая абстракцыя, асабліва пасьля таго, як афіцыйныя кіраўнікі гэтай супольнасьці заявілі, што пашырэньне Эўразьвязу прыпыняецца. Ці здольная гэтая ідэя мабілізоўваць?

Можа, дзеля большага ўплыву апазыцыі трэба шукаць нейкія актуальнейшыя для грамадзтва праблемы.

Вось прафсаюзны лідэр Фядыніч спрабуе правесьці рэфэрэндум наконт кантрактнай сыстэмы. Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Лябедзька выступіў з ідэяй рэфэрэндуму ў пытаньнях той жа кантрактнай сыстэмы, ільготаў і будаўніцтва АЭС”.

Статкевіч: “Зразумела, што ўлады не дазволяць апазыцыі праводзіць рэфэрэндум. Людзі не задаволеныя кантрактнай сыстэмай і адменай ільготаў. Але яны не спадзяюцца на апазыцыю. Сацыяльныя ідэі Лукашэнка лёгка перахоплівае ў апазыцыі. Але перахапіць ідэю ўступленьня ў Эўразьвяз Лукашэнка ня можа. А наконт далейшага пашырэньня ЭЗ рашэньне яшчэ не прынятае”.

Сасноў: “Беларускае насельніцтва ведае, што ў Эўразьвязе людзі жывуць лепш. Толькі частка пэнсіянэраў лічыць наадварот. Апазыцыя павінна ўплываць на тую частку электарату, якая вагаецца.

Хачу заўважыць, што прыхільнікамі эўрапейскага выбару зьяўляецца ня толькі Эўрапейская кааліцыя, якую прадстаўляе спадар Статкевіч. Напрыклад, у АГП ёсьць праграма інтэграцыі ў ЭЗ. І Партыя БНФ арыентаваная на тое ж”.

Статкевіч: “Але зьдзіўляе, што АГП і Партыя БНФ, у праграмных дакумэнтах якіх зафіксаваная арыентацыя на ўступленьне ў ЭЗ, не падтрымалі на кангрэсе стратэгію, якая скіраваная менавіта на гэта”.

Сасноў: “Яны прагаласавалі за тую стратэгію, якая ўключае эўрапейскі вэктар у якасьці аднаго з складнікаў”.

Статкевіч: “Каб весьці змаганьне за большасьць, спачатку трэба сабраць войска — то бок, актыўную меншасьць. А для гэтага трэба ўзьняць сьцяг, прапанаваць інтэграцыю ў ЭЗ. Тады да нас пойдзе моладзь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG