Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўшчыкі мэблі для Жураўковай селі на лаву падсудных


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ваенная калегія Вярхоўнага суду завяршае разгляд справы, дзе зноў фігуруюць былыя чыноўнікі кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, якіх судзілі разам з Галінай Жураўковай.

Толькі трох зь дзясяткаў сьведак засталося дапытаць ваеннай судовай калегіі, якая 10-ы месяц разглядае гэтак званую “мэблевую справу”. У справе фігуруюць прозьвішчы і фірмы, ужо вядомыя паводле працэсу над былой кіраўніцай справамі прэзыдэнта Галінай Жураўковай.

Сьледзтва лічыць, што цягам некалькіх гадоў у Беларусь з парушэньнямі мытнага закону ўвозілі дарагую італьянскую мэблю, якую потым выгодна куплялі для сябе чыноўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі ды іншых ведамстваў. У тым ліку Галіна Жураўкова. Згадваюць на працэсе і былых кіраўнікоў падкантрольнага ёй прадпрыемства “Белая Русь” Юрыя Матусевіча і Аляксандра Мурашку. Нагадаем, два гады таму ўсіх трох суд прызнаў вінаватымі ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва вялікіх памерах, але былыя чыноўнікі ўжо на волі. Дарэчы, Галіна Жураўкова ўвогуле не адбыла ў калёніі ані дня, паколькі яе памілаваў Аляксандр Лукашэнка. Пра тое, як спадарам Матусевічу і Мурашку замест 4 гадоў удалося адбыць ў калёніі некалькі месяцаў, распавёў журналіст Сяргей Сацук:

“Яны вярнулі скрадзеныя грошы. Матусевіч вярнуў болей за мільён даляраў, Мурашка таксама пакрыў страты, і іх выпусьцілі фактычна адразу”.

Зараз у “мэблевай справе” Матусевіч і Мурашка фігуруюць у якасьці сьведак. Пры гэтым сьледзтва высьветліла, што Юры Мурашка мае дачыненьне да заснаваньня фірмы, празь якую прадавалі італьянскую мэблю. А рахункі, на якія пералічаліся грошы, фігуруюць у справе Аляксандра Матусевіча. Але прэтэнзіяў да былых чыноўнікаў ня выстаўлена.

Галоўнай абвінавачанай у справе праходзіць дырэктар прадстаўніцтва італьянская мэблевай фірмы “Ламбэрта Бандучы і Сас” Алена Філіпенка. Паводле сьледзтва, гэта яна наладзіла незаконны гандаль мэбляй, і за гэта мусіць сесьці ў турму на 7 гадоў.

З Аленай Філіпенка мне пагаварыць не ўдалося. Ужо паўтара году жанчына знаходзіцца пад хатнім арыштам, мабільным тэлефонам карыстацца не дазволена, а хатні маўчыць. А вось яе адвакат Наста Карчагіна ад размовы не адмовілася. Паводле адваката, Алена Філіпенка не прызнае сябе вінаватай, тым больш нязгодная з тым, што зь яе зрабілі кіраўніцу злачыннай групоўкі.

“Яе становішча адрозьніваецца цалкам ад іншых мэблевых салёнаў. Калі іншыя ўвозілі мэблю як юрыдычныя асобы, дык яна працавала як прадстаўнік фірмы. Мэбля набывалася пакупнікамі наўпрост у замежнай дзяржаве. Чамусьці гэтую розьніцу сьледчыя не заўважаюць, а паколькі мы самыя непакорлівыя, нас і робяць самымі галоўнымі”.

Наглядальнікі не выключаюць, што сапраўдныя кіраўнікі незаконнага мэблевага бізнэсу пазьбегнуць адказнасьці, скарыстаўшыся сваім высокім становішчам ці сувязямі, а на лаве падсудных зноў апынуліся гэтак званыя “стрэлачнікі”. У справе фігуруюць таксама некалькі былых афіцэраў мытнай службы. Сярод іх – Сяргей Дзьмітрыеў, былы начальнік управы арганізацыі мытнага кантролю. Гэта ўжо другі працэс з удзелам Сяргея Дзьмітрыева. Раней ён фігураваў у справе аб незаконных пастаўках кавы ды харчоў і ўжо атрымаў болей за 10 год зьняволеньня. Назіральнікі заўважаюць, што дадатковы тэрмін за “мэблевую справу” не павялічыць агульны тэрмін былому мытніку.

Карупцыйныя скандалы ў Беларусі сталі трывалай зьявай, але цалкам не гарантавана, што чыноўнікі, якіх схапілі за руку і нават асудзілі, будуць адбываць пакараньне. Акрамя згаданай Галіны Жураўковай, пазьбег такога лёсу былы кіраўнік беларускай чыгункі Віктар Рахманько. Толькі ўчора стала вядома пра затрыманьне старшыні “Белнафтахіму” Аляксандра Бароўскага. Аднак не выключаецца, што ягоны лёс зноў можа кардынальна зьмяніцца.

Гл. таксама

• Ці патрапіць ў турму Канстанцін Часнавіцкі?

• Што адбываецца зь вязьнямі, якія былі намэнклятурнымі начальнікамі?

• Колькі “Мэрсэдэсаў” і залатых упрыгожаньняў мела Галіна Жураўкова?
XS
SM
MD
LG