Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымліваюць маладафронтаўцаў у іх сем’ях?


Галіна Абакунчык, Менск Завяршыўся суд над актывістамі “Маладога фронту”. Іх зьвінавацілі паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У выніку Зьміцер Хведарук пакараны штрафам у 1 мільён 240 тысячаў беларускіх рублёў. Ягоным паплечнікам Алегу Корбану, Аляксею Янушэўскаму і Барысу Гарэцкаму прысуджаны штраф 930 тысячаў рублёў кожнаму. Яшчэ адна актывістка, непаўнагадовая Наста Палажанка атрымала папярэджаньне. Як да гэтага працэсу паставіліся родныя, блізкія і сябры маладафронтаўцаў?

Васіль Корбан лічыць, што брату варта быць хітрэйшым

У сям’і Корбанаў двое сыноў: Алег і Васіль. Маці Кацярына Корбан – пэнсіянэрка, бацька Міхаіл – працуе ў краме. Працоўную спэцыяльнасьць мае і Васіль. Вось як ён ставіцца да дзейнасьці свайго малодшага 22-гадовага брата Алега:

“Я ня супраць, але трэба быць крыху хітрэйшымі, ня гэтак нахабна дзейнічаць і больш ляяльна ставіцца да дзейнай улады. Маці, бацька – яны прыкладна гэта жа, як і я ставяцца да гэтага. Толькі крыху больш асуджаюць, скажам так”.

Ірына Янушэўская даслала сябрам сына СМС

Маці Аляксея Янушэўскага, спадарыня Ірына мае вышэйшую тэхнічную адукацыю і працуе ў прыватным прадпрыемстве. Бацька – Юры Янушэўскі – жыве і працуе ў Празе, куды Аляксей і зьехаў яшчэ да пачатку працэсу. Ірына Янушэўская за некалькі хвілінаў да суду даслала сябрам сына СМС – са словамі падтрымкі. Але ў суд не прыйшла і вось зь якой прычыны:

“Да мяне прыходзілі зь міліцыі і людзі ў цывільным, якія сказалі, што да вас могуць прыйсьці кожную хвіліну, нават ноччу. Таму я ў суд не прыйшла. Канечне, я за іх вельмі хвалявалася, хадзіла ў царкву, ставіла сьвечку, малілася за іх. Але ўвесь суд быў тэатрам, усё рабілася па загаду. Вось гэта і сумна”.

Уладзімера Палажанку звольнілі з працы

Больш складаная сытуацыя ў Насты Палажанкі. 16-гадовая дзяўчына мае старэйшага брата-банкіра і тату. Нядаўна Ўладзімера Палажанку звольнілі з высокай пасады на адным з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў менавіта з-за палітычнай актыўнасьці дачкі. Гэта і сталася адной з прычынаў непаразуменьня ў сям’і, кажа сяброўка Насты Антаніна Вежнявец:

“Я думаю, што ў яе цяжэйшае, чым у астатніх, становішча. Бо ва ўсіх бацькі ляяльна да гэтага паставіліся. А ў яе выпадку тата, можна сказаць, ад яе адвярнуўся. І пасьля таго, як пасадзілі Дзіму, Артура, калі б не сябры і блізкія людзі, ёй было б вельмі цяжка”.

Ірына Хведарук узяла на працы адпачынак, каб падтрымаць сына

У сем’ях Барыса Гарэцкага і Зьмітра Хведарука кажуць, што ні рыхтавалі, ні адгаворвалі сыноў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Хлопцы выхоўваліся ў рэчышчы агульначалавечых хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Але калі была заведзеная крымінальная справа, Ірына Хведарук узяла на працы адпачынак, каб падтрымаць свайго сына:

“Мы – людзі абсалютна апалітычныя. Але як бы ні ставіліся бацькі да перакананьняў сваіх дзяцей, не падтрымаць сваё дзіця ў такой сытуацыі – гэта ўжо проста не па-чалавечы. Вось за гэта, пэўна, патрэбна пазбаўляць бацькоўскіх правоў. Замежныя прадстаўніцтвы ў Беларусі падтрымалі нашых дзяцей, амбасадрка ЗША, не зважаючы на сьпёку, сядзела ўвесь працэс у залі – за гэта хочацца сказаць асаблівы дзякуй. І тым жа самым дзецям, якія ня толькі менчукі, але зь іншых гарадоў прыехалі, заставаліся паўгалодныя, спалі па чацьвёра на ложку – гэта таксама шмат чаго варта. І нават тым мінакам, якія ішлі спыняліся і на некаторы час заставаліся, я таксама хачу сказаць дзякуй”.

Гл. таксама

• Алег Корбан: “Прысуд ніяк не паўплывае на далейшую дзейнасьць

• Маладафронтаўцы застануцца на волі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG