Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камоцкая сьпявала дзеля гарадзенскіх камянёў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні адбыўся акустычны канцэрт Касі Камоцкай. Яна выступіла ў межах кампаніі “Музыкі супраць разбурэньня Горадні”.

Паслухаць Касю Камоцкую прыйшло каля двухсот чалавек, у пераважнай большасьці моладзь. Арганізатары прызналіся, што не чакалі такой колькасьці слухачоў: аказалася, што Камоцкая вельмі папулярная сярод гарадзенскай моладзі, хаця выступае ў горадзе надзвычай рэдка.

Да канцэрту была выпушчана паштоўка, на якой сьпявачка — на фоне гарадзенскіх помнікаў архітэктуры. Каардынатар кампаніі Павал Мажэйка перад пачаткам імпрэзы ўручыў сьпявачцы майку абаронцы Горадні ад разбурэньняў.

Карэспандэнт: “Сёньня ў Горадні Кася Камоцкая, яна дае канцэрт у рамках акцыі “Музыкі супраць разбурэньня Горадні”. І ў зьвязку з гэтым у мяне да яе першае пытаньне: скажыце, каб у Горадні нічога не руйнавалі, вы б не прыехалі?”

Камоцкая: “Не, я люблю Горадню і я прыехала б у любым выпадку, але проста іншая рэч, што на сёньняшні дзень ня так проста арганізаваць канцэрт беларускіх выканаўцаў, асабліва, калі гэта выканаўцы, так скажам, забароненыя. І таму атрымліваецца, што якраз такія акцыі ёсьць добрай нагодай. Хаця я цалкам падтрымліваю гэтую акцыю і лічу, што руйнаваць адзіны, так добра захаваны горад у Беларусі, гэта проста мэтанакіраванае злачынства”.

Карэспандэнт: “У вас не стварылася ўражаньня, што на адлегласьці гэта выглядала больш драматычна і зблізку на свае вочы ўсё выглядае ня так драматычна, ня так кепска?”

Камоцкая: “Я ня ведаю, чым можна вымяраць драматызм: калі зруйнуюць усё, ці калі зруйнуюць адную сьцяну? І мне падаецца, што чым больш цяпер шуму ў грамадзтве, тым лепш. Таму што грамадзтва, асабліва моладзь, яна вельмі патрабуе такіх акцый для кансалідацыі ў першую чаргу, для выяўленьня сваёй грамадзянскай пазыцыі і гэта вельмі патрэбна”.







XS
SM
MD
LG