Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе міліцыянта-забойцы пракуроры дапусьцілі “бязьдзейнасьць”


Радыё Свабода Сёньня на паседжаньні калегіі Рэспубліканскай пракуратуры ў Менску было зазначана, што супрацоўнікі Гарадзенскай абласной пракуратуры праявілі “бязьдзейнасьць і нядбайнасьць” у справе былога міліцыянта Аляксандра Сяргейчыка.

На мінулым тыдня Вярхоўны Суд на выязным паседжаньні ў Горадні пастанавіў пакараць яго расстрэлам. З дванаццаці забойстваў, якія фігуравалі ў справе Сяргейчыка, судом былі даказаныя толькі шэсьць.

Старшы памочнік пракурора Гарадзенскай вобласьці Вячаслаў Ігнацік зазначае: сутнасьць пытаньня ў тым, што цягам пяці гадоў старшы лейтэнант Сяргейчык зьдзяйсьняў цяжкія злачынствы, але ня быў западозраны.

Дарэчы, чатыры забойствы спачатку прызналі самагубствамі. Вячаслаў Ігнацік гаворыць пра адно зь іх:

“Адрозьніць забойства шляхам павешаньня ад самапавешаньня вельмі складана. Нават вопытныя судмэдэкспэрты ня могуць адразу сказаць: мог чалавек сам накінуць гэтую пятлю на шыю, ці яму хтосьці накінуў. Тым больш у гэтым злачынстве не было ніякага абсалютна матыву. І сьледзтва, якое правяла Рэспубліканская пракуратура, гэтага матыву ня вызначыла”.

Сяргейчык закончыў міліцэйскую акадэмію і меў добрую прафэсійную падрыхтоўку. Гэты першы выпадак у вобласьці, калі афіцэр міліцыі зьдзейсьніў сэрыю забойстваў, зазначае памочнік пракурора.

Сёньня вельмі многа нераскрытых злачынстваў…таму што многія злачынствы зробленыя былымі супрацоўнікамі КДБ, міліцыі…

“Гэта недахопы ў рабоце кадравай службы, калі псыхолягі, мэдыкі, якія займаюцца на прафэсійным узроўні ацэнкай псыхікі, ніякіх захадаў не зрабілі, ніякіх заключэньняў пра тое, што чалавек на штосьці церпіць.

І я вам больш скажу: сёньня вельмі многа нераскрытых злачынстваў — і па Расеі, і па Беларусі таму што многія злачынствы зробленыя былымі супрацоўнікамі КДБ, міліцыі. Ня толькі ў нашай рэспубліцы, гэта і ў іншых дзяржавах.

Таму што такія людзі вельмі добра ведаюць, як хаваць сьляды злачынстваў, а з прафэсіяналамі вельмі цяжка змагацца. Спэцыяльныя веды — вельмі страшная зброя ў руках злачынцаў, гаворыць Вячаслаў Ігнацік:

“Калі аналізаваць цяпер, з вышыні сёньняшняга дня, вельмі лёгка знайсьці памылкі, недахопы ў сьледчых дзеяньнях. А калі сьледчы ці пракурор ідзе нязьведаным шляхам, то гэта ня так яскрава відаць. Не памыляецца толькі той, хто нічога ня робіць. У кагосьці памылка — недапечаны хлеб, а ў кагосьці памылка — нясвоечасова выяўленае злачынства. Што зробіш, гэта наша праца”.

Дарэчы, па астатніх, недаказаных у судзе забойствах, працягнуты збор доказаў. І калі будзе выяўлена, што Сяргейчык усё ж меў да ніх дачыненьне, яго зноўку прыцягнуць да суду.
XS
SM
MD
LG