Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Новая Палітрада вырашыла не пачынаць з рэфэрэндуму</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне новага складу Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Яго вырашылі лічыць першым. А той сход, які адбыўся адразу пасьля заканчэньня Кангрэсу дэмсілаў, палічылі ўстаноўчым. Адзін з чатырох сустаршыняў новай Палітрады Анатоль Лябедзька сёньня прапанаваў стартаваць гучнай акцыяй — ініцыяваць правядзеньне агульнанацыянальнага рэфэрэндуму.

Спадар Лябедзька гаворыць, што ідэя нарадзілася яшчэ напярэдадні Кангрэсу. Аднак тады існавала дамоўленасьць — не выносіць на форум дакумэнтаў, якія папярэдне не ўзгадняліся кааліцыяй.

Цяпер, лічыць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прысьпеў час абмеркаваць адмену сацыяльных ільготаў, пераход на кантрактную сыстэму працы ды жаданьне будаваць у Беларусі АЭС. Таму і патрэбна прапанаваць Аляксандру Лукашэнку правесьці рэфэрэндум:

“Ён жа ўвесь час сьцьвярджае, што толькі народ усё вырашае ў Беларусі. Таму, я думаю, абсалютна лягічна прапанаваць Лукашэнку ініцыяваць рэфэрэндум у пытаньнях, якія хвалююць ня нейкую групу людзей, а практычна ўсё насельніцтва.

І калі цягам месяца мы не атрымаем адказу (альбо ён будзе нэгатыўным), дык мы правядзем інтэнсіўную інфармацыйную кампанію й паінфармуем выбарнікаў, і тых, хто галасаваў за Лукашэнку, пра тое, як ён ставіцца да гэтай ідэі, каб людзі маглі самі вызначыцца ў гэтых пытаньнях”.

Дыскусія сярод удзельнікаў Палітрады акрэсьліла два падыходы. Прыхільнікі першага выступалі за ініцыятыву. Іншыя прапаноўвалі не сьпяшацца й падрыхтаваць больш шырокую праграму сацыяльнай абароны насельніцтва.

І.Рынкевіч: “Зварот да Лукашэнкі выкліча новую хвалю крытыкі”

Сярод апошніх прынамсі быў і кіраўнік фракцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Рынкевіч:

“Такія кампаніі, як ініцыятыва рэфэрэндуму, нават калі да гэтага ставіцца як да піяр-акцыі, гэта не эфэктыўна. Усе ініцыятывы, якія мы вылучаем, мы павінны і выконваць.

А зварот да Лукашэнкі, якога той жа Казулін ды іншыя лічаць нелегітымным, нават нягледзячы на тое, што ён дзейны кіраўнік дзяржавы, пацягне за сабою новую хвалю крытыкі. Будзе тое ж самае, што і са зваротам да Лукашэнкі Мілінкевіча, які вельмі крытычна сустрэлі ў грамадзтве”.

В.Карняенка: “Рэальнага жаданьня працаваць няма”

Кіраўнік фракцыі “Рэгіёны за свабоду” Віктар Карняенка лічыць, што зьвяртацца да Лукашэнкі бессэнсоўна. А вось рэфэрэндум трэба праводзіць, і для гэтага мабілізаваць усе сілы.

“Але я бачу, што рэальнага жаданьня працаваць няма. Ёсьць спасылкі на тое, што лета, горача, што ў нас не хапае сілаў, што нам не дазволяць. Знайсьці адгаворкі заўсёды можна. Ды, уласна кажучы, дэмсілы гэтым заўсёды славіліся. І гэта працягваецца, на вялікі жаль”.

З прапановы Вінцука Вячоркі, які старшыняваў на першым паседжаньні, Палітрада вырашыла падрыхтаваць праграму сацыяльна-эканамічнай абароны насельніцтва:

“Ад нас беларускі народ чакае адказаў на тое, што яму баліць — энэргетыка, льготы, ізаляцыя ад эўрапейскіх краінаў ды г.д. І мы павінны цягам бліжэйшага тыдня з улікам прапановы рэфэрэндуму таксама запрапанаваць работу нашым мясцовым структурам, мясцовым кааліцыям”.

Чатыры сустаршыні Палітрады будуць адказваць за наступныя кірункі дзейнасьці: В.Вячорка — мабілізацыйная праца, міжнародныя стасункі, С.Калякін — праца з рэгіянальнымі кааліцыямі, А.Лябедзька – распрацоўка пазытыўных альтэрнатываў, А.Ляўковіч — выбарчыя кампаніі.

А.Мілінкевіч, які не зьяўляецца сябрам новага складу Палітрады, у сёньняшнім паседжаньні ня ўдзельнічаў.
XS
SM
MD
LG