Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За што арыштавалі старшыню “Белнафтахіму”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Старшыню “Белнафтахіму” Аляксандра Бароўскага абвінавацілі ў карупцыі й зьмясьцілі ў ізалятар КДБ. Адмыслоўцы не выключаюць, што затрыманьне галоўнага нафтавіка краіны зьвязанае з крызіснай сытуацыяй у нафтавай галіне.

Пра затрыманьне Аляксандра Бароўскага 30 траўня паведаміў генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч на чарговай калегіі ведамства.

Паводле Пятра Міклашэвіча, затрыманьне адбылося днём раней. Разам з Бароўскім затрыманы шэраг кіраўнікоў дзяржаўных і камэрцыйных структураў, імёнаў не паведамляюць. Кажуць, што ў затрыманых забралі вялікія сумы грошай, каштоўнасьці й дакумэнты ды зьмясьцілі ўсіх у ізалятар КДБ.

У прэсавай службе КДБ не паведамляюць, наколькі паболела арыштантаў у славутай турме КДБ — “амэрыканцы”.

Ці можа быць, што старшыня дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” стаў карупцыянэрам?

Аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак у гэтым сумняваецца. Паводле журналісткі, у “Белнафтахіме” створаная празрыстая сыстэма паставак нафты і продажу нафтапрадуктаў, пры якой пра карупцыю кіраўніцтва казаць не даводзіцца.

А вось эканамічнае становішча канцэрна Тацяна Манёнак ацэньвае як вельмі складанае:

“Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ўзялі на сябе асноўны цяжар. Яны экспартуюць нафтапрадукты і цалкам плацяць пошліну для бюджэту, але працуюць са стратамі. Па выніках красавіка, прыкладам, Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінат меў 5 мільёнаў даляраў стратаў. Бо прыбыткі, які яны маюць ад продажу за мяжу, не пакрываюць стратаў ад нерэнтабэльных паставак на ўнутраны рынак”.

Паводле зьвестак журналісткі, Аляксандар Бароўскі нядаўна падаў заяву аб адстаўцы.

Кіраўніком “Белнафтахіму” ён быў прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам у сьнежні 2005 году. Адмыслоўцы кажуць, што 2006 год для канцэрна быў пасьпяховым, а потым пачаўся крызіс.
А.Бароўскі: “Я адзіны сказаў, што трэба было з Расеяй дамаўляцца пра мытныя пошліны і нельга было прыпыняць падачу нафты па гомельскай “Дружбе”.
Яго спарадзіла ўвядзеньне Расеяй мытаў на нафту, якую пастаўлялі ў Беларусь. У адказ Беларусь на дзень прыпыніла перакачку нафты. Аляксандар Бароўскі крытыкаваў гэты крок беларускага кіраўніцтва. “Я адзіны сказаў, што трэба было з Расеяй дамаўляцца пра мытныя пошліны і нельга было прыпыняць падачу нафты па гомельскай “Дружбе”, — прызнаў пазьней Аляксандар Бароўскі.

Паводле яго, за гэтыя словы, сказаныя падчас нарады на “Нафтане” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, яго “бітай размазалі па сьцяне”.

Да прызначэньня на пасаду старшыні “Белнафтахіму” Аляксандар Бароўскі працаваў гендырэктарам Новаполацкага аб’яднаньня “Палімір”, а яшчэ раней — кіраваў аб’яднаньнем “Белшына” ў Бабруйску.

Водгукі пра Бароўскага з гэтых прадпрыемстваў супярэчлівыя. Супрацоўнік “Паліміру” Ігар Валяеў кажа, што стаўленьне да Бароўскага як да кіраўніка зь цягам часу зьмянілася ў лепшы бок..

“Пра яго не вельмі добра казалі падчас працы, але калі ён зьехаў, мы адчулі, што было і добрае. Бо пры ім “Палімір” працаваў — і працаваў добра”.

А вось супрацоўніца “Белшыны” Алена Захожая не выключае, што Аляксандар Бароўскі можа паводзіць сябе па-рознаму. Актывістка загадала эпізод, які адбыўся ў пачатку 1990-х гадоў, калі Аляксандар Бароўскі працаваў на “Белшыне”:

“Аляксандар Васільевіч прыгнаў на завод свой аўтамабіль і цалкам памяняў на ім шыны. Але на выезьдзе з заводу яго спынілі й прымусілі “пераабуцца”. Пра гэта ведалі ўсе на заводзе”.

Пры гэтым Алена Захожая згадала, што Аляксандар Бароўскі публічна папрасіў у калектыву прабачэньне за той учынак. Ці даруюць яму тое, у чым абвінавацілі цяпер, невядома.



У Беларусі ўжо здаралася, што затрыманых кіраўнікоў вызвалялі без прыцягненьня да адказнасьці. Прыкладам, некалькі гадоў таму гэтак адбылося з былым гендырэктарам Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне Юр’ем Феактыставым. Вядома, што пасьля вызваленьня спадар Феактыстаў зьехаў у Расею.



• Затрыманы старшыня “Белнафтахіму”, 30.05.2007

• КДБ не паведамляе імёны затрыманых разам з А.Бароўскім, 30.05.2007

• Залатая эра беларускага нафтахіму скончылася?, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG