Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў выцясьняюць з уласных санаторыяў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сэзон летніх адпачынкаў толькі пачаўся, а ў беларускіх санаторыях ужо няма месцаў: большасьць іх загадзя скупілі жыхары Расеі і краінаў Прыбалтыкі. А што застаецца беларусам?

Адмыслоўцы турызму тлумачаць занятасьць беларускіх санаторыяў замежнікамі вялікай розьніцай коштаў пуцёвак: у Беларусі ў сярэднім 250 даляраў, а ў Расеі ды краінах Прыбалтыкі ўдвая даражэй. Яшчэ кажуць пра розьніцу мэнталітэту: суседзі прыгатаваліся да адпачынку даўно, а беларусы толькі пачалі варушыцца.

“Уявіце: зімой, калі такой запаўняльнасьці няма, санаторыі кажуць, што яны рады супрацоўнічаць, заклікаюць накіроўваць да іх людзей, – кажа Галіна, якая ў турыстычнай фірме адказвае за супрацоўніцтва з санаторыямі. – А зараз ўсё. Яны плян выканалі. Усе пуцёўкі аддалі расейцам. У нас будуць адпачываць Масква, Смаленск, Санкт-Пецярбург. Ужо едзе Калінінград і, як я ведаю, Прыбалтыка. Разумею так, што гэткім чынам выкананая праграма ўязнога турызму: раздалі замежнікам тое, што карыстаецца попытам у нас, а нашым застаецца ехаць за мяжу”.

Каб праверыць зьвесткі, тэлефаную ў вядомы санаторый “Белая Русь” на Нарачы. Галоўны ўрач Алег Пяндасаў пацьвярджае:

“Раней трэба непакоіцца. Расея, Прыбалтыка ў мяне выкупілі 70% пуцёвак на лета. А нашы толькі зараз пачынаюць званіць. А дзе ж вы былі раней?”

Алег Пяндасаў кажа, што сам зьбіраецца адпачыць у жніўні у адным зь беларускіх санаторыяў, тэлефануе, каб набыць пуцёўку, але паўсюдна такая ж праблема – ужо няма месцаў.
”Гэткім чынам выкананая праграма ўязнога турызму: раздалі замежнікам тое, што карыстаецца попытам у нас, а нашым застаецца ехаць за мяжу”
Начальнік установы “ЦэнтарКурорт” Алег Міхайлаў паведаміў: у санаторыях, якія належаць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, становішча адрозьніваецца – замежнікамі выкуплена меней за палову пуцёвак. Але што да наяўнасьці вольных месцаў, то іх засталося няшмат. Алег Міхайлаў пералічыў, куды яшчэ можна патрапіць, калі парупіцца неадкладна:

“У санаторый “Юнацтва” пад Менскам яшчэ ёсьць пуцёўкі, на чэрвень у санаторый “Баравое”, “Сосны”. А ліпень-жнівень сапраўды раскупленыя, яшчэ тры месяцы таму. З замежных санаторыяў пакуль можам прапанаваць “Белую Русь” у Туапсэ”.

За мяжой знаходзяцца яшчэ чатыры санаторыя, якія таксама належаць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Гэта здраўніцы ў Крыме, Юрмале (Латвія), Друскінінкае (Літва) і “Беларусь” у Сочы. Але кошты там значна вышэйшыя: болей за 45 даляраў на чалавека штодня. Нядаўна пад Сочы адкрылі яшчэ адзін беларускі аб’ект – комплекс адпачынку пад незацьверджанай пакуль назвай “Чырвоная паляна”. Хоць ён знаходзіцца ў гадзіне язды ад мора, але ў прэстыжным месцы, дзе будуе дамы расейская эліта. Адпачыць цягам 11 дзён там можна будзе як найменей за 630 даляраў. Люксавы адпачынак абыдзецца ў 800 “зялёных”.

Адмыслоўцы турызму заўважаюць: даражэй за Турцыю. Аднак беларускіх чыноўнікаў гэта ня стрымлівае. “Такога спалучэньня пляжнага адпачынку з горным турызмам Турцыя не прапануе”, – кажа Алег Міхайлаў.

Гл. таксама

• Хто адпачывае больш: амэрыканцы, заходнія эўрапейцы або беларусы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG