Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З0 траўня – восьмыя ўгодкі трагедыі на Нямізе


Ігар Карней, Менск 30 траўня 1999 году піўны фэст у цэнтры Менску завяршыўся адной з самых страшных трагедый у навейшай гісторыі Беларусі. Хаваючыся ад дажджу ў пераходзе на станцыі мэтро “Няміга”, у цісканіне загінулі 53 чалавекі, яшчэ больш як 250 пацярпелі. Бальшыня загінулых – маладыя людзі ва ўзросьце ад 14 да 20 гадоў. Сёньня а 9-й раніцы ў Катэдральным саборы ў Менску пройдзе памінальная літургія, хросны ход праз пераход і памінальная ліція на месцы трагедыі. Пасьля бацькі раз''едуцца па могілках, дзе пахаваныя іх дзеці.

Бальшыня тых, каму ўдалося цудам уратавацца з таго “пекла”, дагэтуль балюча перажываюць трагедыю. У ёй страцілі сваіх сяброў ці родных – на такія мерапрыемства, як правіла, хадзілі кампаніямі.

...Вольга, тады студэнтка БДУ, ужо была пахаваная пад целамі. І толькі тое, што яе хлопец трымаўся сам і да апошняга не адпусьціў яе руку, урэшце дазволіла вылезьці з-пад ужо абмяклых целаў. Але зноў перажыць тыя хвіліны, нават ва ўспамінах, яна ня хоча:

“Шчыра кажучы, напраўду ня хочацца. Проста яшчэ раз пра гэта расказваць – гэта чарговым разам усё перажыць. Зразумейце правільна. Вы зараз нагадалі, і я зноў там... Эмацыйна гэта вельмі складана перажываць зноў, ніякага жаданьня. Прынамсі, я гэты дзень другім днём нараджэньня не адзначаю. І стараюся ўвогуле не ўспамінаць той дзень, шчыра кажучы”.

Пасьля пачатку ліўня Аляксандар з жонкай аднымі зь першых скіраваліся ў падземны пераход на “Нямізе”. І гэтае “першынства”, як ён кажа, уратавала:

“Мы якраз уніз спускаліся адны зь першых. І тое, што ўтварылася за намі ззаду, гэта проста было стаўпатварэньне людзей, калі яны пачалі душыць адзін аднаго. То бок, урэшце мы збольшага аказаліся гледачамі, а ня ўдзельнікамі гэтага страшнага відовішча. І відовішча насамрэч было вельмі страшнае і вельмі непрыемнае. Але гэта ня тое, што нехта спэцыяльна ціснуў, проста звычайны эфэкт натоўпу, калі заднія ня ведаюць, што адбываецца наперадзе. У гэтым выпадку было якраз так”. У натоўпу ня розум, а інстынкты

Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі кажа, што паводзіны маладых людзей 30 траўня 1999 году цалкам укладаюцца ў тэорыю натоўпу, які дзейнічае ня розумам, а інстынктамі:

“Можна казаць пра імпульсіўныя дзеяньні досыць вялікай групы людзей. Спужаліся дажджу, рванулі ў мэтро. Вось вам асноўная прычына. Насамрэч – вельмі просты імпульс. У дадзеным выпадку ніякіх правакацый, па ідэі, быць не магло. Гэты інстынкт досыць распаўсюджаны, то бок, людзі пачынаюць калектыўна штосьці рабіць, не абдумваючы магчымыя вынікі. Жаданьне знаходзіцца на “пэрыфэрыі” натоўпу (у тых жа дзяўчат), няведаньне таго, што своечасова трэба перавярнуцца на жывот, калі вакол людзі душаць. Фактычна гэта абумовіла дастаткова вялікую колькасьць сьмяротных вынікаў. Здарылася цісканіна, адзін пасьлізнуўся, другі, кагосьці прыціснулі да лесьвіцы; людзей нашмат больш, чым пераход можа зьмясьціць. З-за гэтага ўсё і адбылося, калі разабрацца”.

Дзяржава “прыкрыла” вінаватых

У Натальлі Навакоўскай восем гадоў таму на Нямізе загінула 16-гадовая дачка Аляўціна. Неўзабаве спадарыня Натальля ўзначаліла грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар сацыяльнай дапамогі “Няміга-99”, юрыдычны адрас якога потым перайшоў да Камітэту дзяржкантролю, і цяпер арганізацыя дзейнічае паўпадпольна. Зрэшты, як кажа жанчына, дзяржава ў сытуацыі зь Нямігай зрабіла ўсё, каб “прыкрыць” вінаватых:

“Я лічу, што ва ўсім вінавата дзяржава. І ня проста дзяржава агулам, а вінаватыя людзі, якія адказваюць за бясьпеку ў дзяржаве. Бо каб стварыць такую сытуацыю, калі склікалі людзей на масавае мерапрыемства і не забясьпечылі іх бясьпеку, то нельга казаць, што вінаваты ва ўсім былі толькі гэтыя дзеці. А менавіта вінаватыя былі тыя, хто за іх адказвае. Мы гэтых людзей утрымліваем, разумееце? Мы ўсё жыцьцё працуем, адлічваем падаткі, на якія жывуць гэтыя людзі. І яны павінны несьці адказнасьць. А яны не нясуць ніякай адказнасьці”. Па гарачых сьлядох Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія адказвалі 30 траўня 1999 года за парадак на менскім сьвяце піва. Начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму Віктара Русака і былога начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна абвінавацілі “ў халатным стаўленьні да службовых паўнамоцтваў”. Аднак справа, якая цягнулася тры гады і разраслася да 30 тамоў, была спыненая 25 сакавіка 2002 году ў зьвязку “са сканчэньнем тэрміну даўнасьці”. Вінаватых у трагедыі не аказалася.

Першы час адказнасьць за трагедыю ўлады часткова ўсё ж прынялі і на свой адрас. На распараджэньне Менгарвыканкаму і мясцовых выканкамаў цягам двух гадоў сваякам загінулых далі права бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце, набыцьця бясплатных мэдыкамэнтаў і вызваленьня ад аплаты камунальных паслугаў. Аднак у 2002-м прэзыдэнцкай пастановай льготы былі скасаваныя – відавочна, на падставе ўсё таго ж “тэрміну даўнасьці”.

Гл. таксама

• Ці зробленыя высновы з трагедыі на Нямізе?

• 30 траўня — сем гадоў трагедыі на “Нямізе”, у якой загінулі 53 чалавекі
XS
SM
MD
LG