Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольныя заўзятары пачынаюць сэзон


Севярын Квяткоўскі, Менск Чаму на беларускіх стадыёнах мала сьцягоў, хто прыходзіць на футбольныя матчы, чым адрозьніваюцца заўзятары ад фанатаў, і хто такія футбольныя хуліганы ў Беларусі? Па адказы на гэтыя пытаньні на менскі стадыён “Дынама” на пачатку беларускага нацыянальнага футбольнага чэмпіянату скіраваўся наш карэспандэнт.

Адзін з шараговых матчаў: менскае “Дынама” гуляе супраць салігорскага “Шахцёра”. Уваход бясплатны, публікі ня надта шмат – некалькі дзясяткаў фанатаў “Шахцёра”. Гэты сэктар ачапілі салдаты. Фанаты “Дынама” сядзяць за брамай.

Пытаюся ў заўзятара: “Вы фанат?”

Спадар: “Не, проста заўзятар”.

Карэспандэнт: “Чаму так мала людзей на трыбунах?”

Спадар: “А... Цёплае надвор’е, многія пазьяжджалі. Пачатак чэмпіянату – ня так цікава”.

Паводле прынятай тэрміналёгіі аматары футболу дзеляцца на заўзятараў і фанатаў. Калі заўзятары – звычайныя, неарганізаваныя аматары футболу, дык фанаты арганізаваныя, яны адрозьніваюцца ад астатніх паводле выгляду і паводзінаў, а таксама маюць своеасаблівую клюбную псыхалёгію.

Паводле аднаго з фанатаў менскага "Дынама", Алеся, у Менску толькі некалькі соцень "прафэсійных" фанаў, якія хутчэй паедуць за сваёй камандай у райцэнтар, чым за мяжу, каб пахвалявацца за зборную.

Пытаюся ў яго, як ён ацэньвае фанацкі рух у Беларусі?

У нас краіна млявая...

Алесь: “У нас краіна млявая. Культурна перажываць за сваю каманду перашкаджаюць праблемы зь міліцыяй: нельга запаліць “фаера”, нельга прыходзіць на стадыён са сьцягамі. Нават дынамаўскі фан-сэктар пры ўсім сваім пастаянстве і арганізаванасьці заўсёды сустракае супраціў з боку міліцыі, якая кіруецца прынцыпам “не пушчаць”.

Зьвяртаюся да аднаго з афіцэраў міліцыі, што кіруюць аховай матчу: “Ці часта ў міліцыі бываюць праблемы з фанатамі?”

Міліцыянт: “Вядома, часта. Перад матчам, у часе матчу”.

Карэспандэнт: “Я бачыў, што перад матчам павялі цэлую групу шахцёрскіх фанатаў”.

Міліцыянт: “Там п’яныя былі”.

Карэспандэнт: “Якая тэндэнцыя?”

Міліцыянт: “Ужо паменела... Трэба ж рабіць высновы, што адна рэспубліка – Беларусь, што ўсе землякі”.

Бойкі фанатаў прызначаюцца там, дзе няма міліцыі

Апроч п’яных боек, існуюць баі паводле правілаў сярод аматараў футболу. Такіх людзей клічуць футбольнымі хуліганамі. У Беларусі гэтыя людзі дзейнічаюць паводле негалосных кодэксаў: рукі мусяць быць чыстымі, без прыладаў для біцьця. Бойкі прызначаюцца ў пэўны час, у пэўным месцы, дзе міліцыі ня будзе дакладна.

Гэта закрытая моладзевая субкультура, якая паведамляе пра свае перамогі адно ў інтэрнэце. Зрэшты, маладым людзям часам даводзіцца біцца і без правілаў. Тэлефаную аднаму з фанаў, каму кулакамі пэрыядычна даводзіцца адстойваць гонар свайго клюбу:

Фанат: “Я бы так паступіў у любой жыцьцёвай сытуацыі што да маіх сваякоў, сяброў і г.д. Калі хтосьці крыўдзіць мой футбольны клюб, я падпішуся пад гэтую справу, і не пакіну сытуацыю беспакаранай. Для мяне клюб – штосьці блізкае і роднае”.

Мой суразмоўца не называе сваё імя, тым ня менш падкрэсьлівае, што часам перасякаецца з прадстаўнікамі варожых клюбаў у жыцьцёвых сытуацыях:

Фанат: “У мяне былі такія сустрэчы ня раз, калі я камунікаваў з заўзятарамі іншых каманд даволі нармальна і спакойна”.

Фанацкі рух яшчэ нядаўна спрабавалі выкарыстоўваць прафашысцкія групоўкі скін-хэдаў, але паводле маіх суразмоўцаў, цяпер у руху палітыкі практычна няма.



XS
SM
MD
LG