Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Корбан: “Прысуд ніяк не паўплывае на далейшую дзейнасьць”


Любоў Лунёва, Менск Cуд Савецкага раёну Менску аштрафаваў Зьмітра Хведарука на 40 базавых велічыняў (1 мільён 240 тысяч рублёў), а Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага — на 30 базавых велічыняў ( 930 тысячаў рублёў) кожнага. Насту Палажанку суд папярэдзіў пра крымінальную адказнасьць.

Маладафронтаўцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаем, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтара году зьняволеньня ў шклоўскай турме паводле такога ж абвінавачаньня.

У суд Савецкага раёну Менску сёньня прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек — палітыкі, грамадзкія дзеячы, актывісты моладзевага дэмакратычнага руху, бацькі абвінавачаных, а таксама Вячаслаў Дашкевіч — бацька лідэра “Маладога фронту”.

Менск, 29.05.2007. На лаве падсудных На лаве падсудных

Паводле прысуду, Зьміцер Хведарук мусіць заплаціць 40 базавых велічыняў штрафу (каля 600 даляраў). Зьміцер нагадаў, што ў дэмакратычным руху — тысячы сяброў з розных незарэгістраваных арганізацыяў.

Зьміцер Хведарук так пракамэнтаваў прысуд:

“Такім чынам улада можа цяпер вельмі добра латаць дзіры ў нашым бюджэце, бо шмат моладзі, якая знаходзіцца ў незарэгістраваным руху. Гэта й “Малады фронт”, і іншыя. Папросту цяпер можна кожнага “абдзіраць” на 8 тысяч даляраў, ці на 500, 100 даляраў — і гэтак далей. Вось такім чынам і папраўляць наш бюджэт, каб працавала гэтая паліцэйская эканоміка ў нашай краіне”.

Алег Корбан мусіць заплаціць 30 базавых велічыняў. Столькі ж — Барыс Гарэцкі і Аляксей Янушэўскі, якога судзілі завочна.

Гаворыць Алег Корбан:

“Прысуд ніяк не паўплывае на далейшую дзейнасьць. Я ўжо залічаны ў Кіеўскі інстытут імя Тараса Шаўчэнкі на міжнароднае права. Буду вучыцца і займацца актыўнай працай у дэмакратычным руху Беларусі. Вучыцца буду на завочным аддзяленьні, а жыць буду тут”.

Барыс Гарэцкі дадаў:

“Такі мінімальны прысуд, безумоўна, зьвязаны з той міжнароднай і грамадзянскай падтрымкай, якая была аказаная справе “Маладога фронту”. Каля будынку суду адбывалася масавая акцыя, беспрэцэдэнтная па сваёй працягласьці.

Учора гэта было сем з паловай гадзінаў бесьперапынага пратэсту супраць незаконнага судзілішча над маладафронтаўцамі. Малюся штодня — і спадзяюся, што Зьміцер Дашкевіч таксама хутка будзе на волі. Безумоўна, і Артур Фінькевіч, і ўсе астатнія палітвязьні, і ў тым ліку, Казулін”.

16-гадовую Насту Палажанку суд папярэдзіў пра крымінальную адказнасьць у выпадку паўторнага зьдзяйсьненьня злачынства.

Наста заявіла “Свабодзе”, што ня лічыць сябе злачынцам:

“Я не разумею, у чым я павінна каяцца і ў каго прасіць прабачэньня. Я думаю, што мая пазыцыя ясная. Я ганаруся тым, што знаходжуся ў “Маладым фронце”.

Кіраўнік місіі АБСЭ Оке Пэтэрсан лічыць, што новы артыкул Крымінальнага кодэксу не адпавядае нормам міжнароднага права й дае магчымасьць уладам перасьледаваць асобных грамадзянаў за іх палітычную актыўнасьць.

“Лічу, што гэты закон ня нядобры. Ён будзе нэгатыўна ўплываць на сытуацыю. Закон не адпавядае нормам АБСЭ. Цяпер я бачу, як яго ўжываюць. Гэта не на карысьць Беларусі”.

На працягу дзесяці дзён пасьля абвяшчэньня прысуду на асуджаных маладафронтаўцаў распаўсюджваецца падпіска пра нявыезд.

Кампутары, дыскі й літаратуру, якую супрацоўнікі КДБ забралі падчас ператрусу, суд сканфіскаваў на карысьць дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG