Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вядзе інтэрнэт-вайну супраць Эстоніі?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Калі ў Эстоніі пераносілі помнік савецкаму воіну, улады разумелі, што будуць вулічныя пратэсты. Разумелі яны і тое, што вайна на вуліцах будзе перанесеная і ў інтэрнэт. Пра гэта піша амэрыканская газэта “New York Times”.

Тое, што ў траўні пачало адбывацца зь інтэрнэтам у Эстоніі, ужо назвалі вайной у віртуальнай прасторы. Эстонскія ўлады вымушаныя абараняць сваю невялікую краіну ад надзвычай вялікага патоку дадзеных, якія ледзь не заблякавалі ўсю віртуальную інфраструктуру Эстоніі. У паштовыя скрыні многіх карыстальнікаў інтэрнэту пачалі сыпацца спамы, сьмецьцевыя запыты, патокі дадзеных з многіх крыніцаў. Так, у ноч з 8 на 9 траўня аб’ёмы трафіку вырасьлі ў многа тысяч разоў.

Былі перагружаныя сайты прэзыдэнта, прэм’ер-міністра, парлямэнту і іншых дзяржаўных установаў, зь перабоямі працуюць сайты некалькіх газэт. Істотна абцяжараная праца самага буйнога банку. “Hansabank” быў вымушаны болей як на гадзіну спыніць абслугоўваньне кліентаў у он-лайне. Яго страты ацэньваюцца як найменей у мільён даляраў.

Міністар абароны Эстоніі Яак Аавікса заявіў, што напады на інтэрнэт зачапілі нацыянальную бясьпеку. Тое. што адбываецца міністар параўноўвае з блякадай марскіх партоў.

На дапамогу ў Талін прыехалі буйныя спэцыялісты ў галіне інфармацыйнай бясьпекі з НАТО, Эўрапейскага Зьвязу, ЗША і Ізраілю.

Многія ў Эстоніі лічаць, што вайна ў віртуальнай прасторы арганізаваная на загад Расеі ці этнічных расейцаў у якасьці адплаты за дэмантаж помніка савецкаму салдату. Таксама там кажуць, што адзін інтэрнэт-адрас, зь якога наладжваліся атакі, належыць супрацоўніку адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна.

Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расейская Фэдэрацыя ня мае дачыненьня да нападаў. Тым часам эстонская паліцыя арыштавала, а пазьней вызваліла 19-гадовага жыхара Эстоніі расейскага паходжаньня, падазраванага ў арганізацыі атакаў. Міністэрства замежных справаў Эстоніі распаўсюдзіла дакумэнт, у якім пералічаныя некалькі інтэрнэт-адрасоў, што належаць кампутарам у расейскіх дзяржаўных органах, якія нібыта бралі ўдзел у нападах.

Аднак, спэцыялісты падкрэсьліваюць, што даказаць гэта практычна не магчыма, бо інтэрнэт ідэальна прыстасаваны для таго, каб праўдападобна адмаўляць усё, што захочаш.

У гэтай гісторыі ёсьць і павучальны момант. Людзі пачынаюць разумець і асэнсоўваць, да якой ступені можа быць неабароненым сучаснае грамадзтва.
XS
SM
MD
LG