Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Хведарук: “У гэтым судзе адбылася перамога беларускага духу”


Радыё Свабода Засуджаныя актывісты “Маладога фронту” зрабілі першыя ацэнкі вынікаў крымінальнага працэсу супраць іх у інтэрвію “Свабодзе”.

Зьміцер Хведарук перакананы, што такі даволі мяккі прысуд – вынік “нейкай гульні ўладаў з Эўропай і Захадам.

“Зараз няма грошай у рэжыму, каб утрымліваць паліцэйскую сыстэму надалей, каб працягваць гэты тэрор беларушчыны. Гэта відавочна, калі скасоўваюць льготы студэнтам і іншым грамадзянам. Уладам патрэбныя нейкія эўрапейскія ці амэрыканскія прэфэрэнцыі.

Зьміцер кажа, што чакаў большага штрафу, але і тая сума, якую яго абавязваюць аплаціць, зьяўляецца вялікай:

“Наконт грошай, сказаць не магу, як буду аплачваць, будзе даволі цяжка аплаціць, бо жыву толькі з маці, спадзяюся на падтрымку”.

Зьміцер перакананы, што прысуд ніяк не паўплывае на ягоную грамадзкую дзейнасьць.

“Нават калі б нас пасадзілі ў турму, гэта ніяк не паўплывала б, яшчэ б больш нас загартавала, умацавала, пераканала ў перамозе. У гэтым судзе учора і сёньня адбывалася моцная перамога беларускага духу, хрысьціянскага духу, і цяпер Беларусь прачнецца іншай. Тыя маладзёны, якія прыходзілі на суд, якія сачылі за падзеямі праз інтэрнэт, я ўпэўнены, што яны будуць адчуваць беларушчыну іначай, чым да гэтага”.

Зьміцер упэўнены, што такі ж настрой у іншых маладафронтаўцаў:

“Ні кроку назад, толькі наперад, гэта надае яшчэ больш гарту, яшчэ больш упэўненасьці, што нашая справа не марная, калі столькі людзей прыходзяць на суд, сьпяваюць беларускія песьні, моляцца, некаторыя нават пачынаюць размаўляць па-беларуску нават з гэтага месца”.

Наста Палажанка таксама задаволеная мяккім прысудам:

“Але больш я задаволеная за тых, хто сядзеў са мной побач на гэтай лаве, бо яны паўнагадовыя ў адрозьненьне ад мяне і рызыкавалі больш... Я буду надалей працаваць з “Маладым фронтам”.

Наста кажа, што цяпер хоча сустрэцца з сябрамі, маладафронтаўцамі, каб падзякаваць кожнаму, хто стаяў гэты час пад судом і выказваў салідарнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG