Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А. Лукашэнка: " Беларусь ня будзе марыянэткай ні ў чыіх руках”</B>


Радыё Свабода Сёньня падчас сустрэчы з дэлегацыяй Сібірскай фэдэральнай акругі Расеі на чале з краснаярскім губэрнатарам Аляксандрам Хлапоніным Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў, якія тычацца двухбаковых дачыненьняў.

Ён паўтарыў, што Беларусь ня будзе часткай ніякай іншай дзяржавы. “Нават калі найбагацейшыя амэрыканцы прапануюць нам стаць 51-м ці 55-м штатам, то мы ніколі на гэта ня пойдзем. Мы ня хочам ні ў склад Польшчы, ні ў склад Літвы, мы ня ўвойдзем у склад Расейскай Фэдэрацыі. Гэта ня трэба і гэта нават шкодна і, калі хочаце, гэта прывядзе да новай Чачэніі на захадзе Расеі”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка і дадаў :”Давайце будзем ісьці паступова, але каб беларусы ня сталі "неграмадзянамі".

Ён адзначыў, што Беларусі “прапаноўваюць увайсьці ў склад Расеі, але з урэзанымі правамі".

Кіраўнік Беларусі абвінаваціў Расею ў фактычнай дэнансацыі саюзнай дамовы. “Чаму сёньня фактычна дэнансуецца Дамова аб стварэньні “саюзнай дзяржавы”? Добра, мы зь Ельцыным яе пісалі, але ратыфікавалі мы яе зь цяперашнім прэзыдэнтам і абменьваліся ратыфікацыйнымі граматамі з прэзыдэнтам Пуціным. Значыць, гэта было прызнана і падтрымана, гэта быў правільны кірунак”, – заявіў беларускі кіраўнік.

Ён таксама абвінаваціў Расею ў невыкананьні пагадненьня зь Беларусьсю аб зьняцьці абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі. "Да канца году будзе канстатаванае 50-працэнтнае невыкананьне пагадненьня з боку Расейскай Федэрацыі", – сказаў Лукашэнка.

Гаворачы пра праблемы саюзнага будаўніцтва, ён адзначыў, што "тут абсалютна нічога не залежыць ад Беларусі". "Мы гатовыя ня проста да дыялёгу, а да самых сур`ёзных стасункаў з Расеяй. Але мы хочам пэўна ведаць – чаго хоча Расея ад Беларусі, якія прычыны той або іншай прапановы, напрыклад, па адзінай валюце", – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы і спытаў: "Чаму мы ставім воз наперадзе каня? Чаму не Канстытуцыя, што прапісана саюзнай дамовай, чаму не Канстытуцыйны акт, у якім і прапісаныя пытаньні адзінай валюты? Чаму раптам выдзіраюць адзін элемэнт?" – спытаў Лукашэнка.

На ягоную думку "нам трэба хутка выходзіць зь існуючай сытуацыі, дэманстраваць, што гэта была памылка, а гэта так і ёсьць, і вяртацца да будаўніцтва саюзу, які зьяўляўся ўзорам таго, як трэба жыць і працаваць”.

Кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што Беларусь гатовая адыграць сваю ролю ў сувязі з плянаваным разьмяшчэньнем элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны у Эўропе. "Гэта недапушчальна, і гэта не каля межаў Расеі, а каля нашых межаў. Мы можам прыняць адэкватныя захады – гэта наша зона адказнасьці", – падкрэсьліў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG