Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Апазыцыя там, дзе моладзь, дзе няма камуністаў"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 29 траўня, аўтоак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Сяргей Самасей, Гародня: “Пытаньне да Радыё Свабода. Ці ёсьць дзе-небудзь у Эўропе такая татальная абавязковая кантрактная сыстэма, як у Беларусі? І тры прапановы. Першая. Правесьці “Экспэртызу Свабоды” на тэму “Як спыніць п’янства ў Беларусі” з запрашэньнем дактароў, сьвятароў, работнікаў асьветы, унутраных спраў. Бо ў лукашэнкаўскай сыстэме гэта ўсяляк замоўчваецца і не прапагандуецца. Другое. У канцы гадзіны а 21 ці 23 перадаваць дзяржаўны гімн Беларускай Народнай Рэспублікі 1918-га года. І трэцяе. Штотыдзень па панядзелках рабіць выніковую перадачу пра галоўныя падзеі за тыдзень у сьвеце і ў Беларусі, бо ня ўсе слухаюць Радыё Свабода штодзённа. Дзякуй за ўвагу”.

Уладзімер Іванавіч: “Добры дзень. Нешта дзіўнае ў Менску зь інтэрнэт-кафэ. Яны зачыняюцца. Інтэрнэт-кафэ “Площадка” на Нямізе і праспэкце Скарыны (цяпер Незалежнасьці) зачынены. Гэта не палітычны ціск?”

Спадар: “Чаму бальшавікі прыйшлі да ўлады? Перад 1917-м годам партыя засяродзілася выключна на палітычнай барацьбе супраць царызму, а не на аддаленых праблемах сацыялістычнага ладу. Партыйныя кіраўнікі абмяркоўвалі, у асноўным, пытаньні барацьбы. Падкрэсьліваю – барацьбы за ўладу. А не пэрспэктывы яе выкарыстаньня. А беларуская апазыцыя дзеліць футра незабітага мядзьведзя. Кажучы словамі Крылова: “Когда в товарищах согласья нет, На лад их дело не идет”. Дзякуй”.

Спадар: “Вось Лукашэнка падпісаў ці падпіша закон аб ільготах. Я, напрыклад, зусім нічога не магу рабіць. Зусім хворы пасьля інсульту. Але ня лечаць. Я б рэкамэндаваў Лукашэнку ўсіх гэтых хворых вывозіць у Курапаты, як Галякост рабіць. Таму што гэтыя людзі толькі эканоміку Лукашэнкі падрываюць, яму жыць не даюць. Так што дапамажыце яму, каб ён усіх хворых у Курапаты зьвёз. А так часам насамрэч здаровыя людзі атрымліваюць ільготы. Чаму ў ваенных і чыноўнікаў ільготы ён не здымае? А зь беднага народу, які атручваўся ўсялякімі цяжкімі працамі, які калека, павінны зьняць?!”

Спадар: “Добры вечар. Вось хацеў такое меркаваньне выказаць: Зноў судовыя ўказы Моладзь нішчаць, як праказу, Каб пры дроце ці пры кратах, Панаваў русыфікатар".

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я ўчора паслухала, як маладыя гавораць у Гомелі пра тое, што ім падабаецца і як ім жывецца. Гэта адказвалі дзеці расейцаў, якія жывуць тут у нас. Прыбалтыка – ворага, Амэрыка – вораг. Гэта ня праўда! Амэрыка – наш прыяцель, нам дапамагае, за намі глядзіць, за ўсімі краінамі глядзіць. У Прыбалтыцы таксама добрыя людзі. Наш вораг – гэта Расея. І Іран – гэта буйнейшы турэмшчык. І раней быў, і цяпер. Гэта дзеці, іх ня трэба пытаць. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадарыня: “Камуністы – гэта не апазыцыя. Вельмі сумняюся, што ў іх прысутнічае нейкая дэмакратыя. Калі б Аляксандр Мілінкевіч аб’яднаўся з камуністамі і БНФ, ён насамрэч перастаў бы быць лідэрам апазыцыі, то бок апазыцыя – гэта тыя, каго судзяць, каго саджаюць у турмы, хто спрабуе рэальна дзейнічаць супраць рэжыму Лукашэнкі. Апазыцыя там, дзе моладзь, дзе няма камуністаў. Мяне зьдзіўляе, чаму Калякін са сваёй партыяй не змагаецца з рэжымам у адзіночку, асобна ад усіх рухаў, як у Расеі. Можна сказаць, што ён ужо праглынуў БНФ разам зь Лябедзькам, Вячоркам, якія не жадаюць часам стаць камуністамі?”

Спадар: “Ад Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якія нядаўна адбыўся ў Менску, ствараецца ўражаньне, што пракамуністычныя Калякін, Лябедзька. Вячорка піхаюць родную Беларусь і шчыра сумленнага беларуса Мілінкевіча на задворкі, бо самі хочуць вызначыцца”.

Мікола Пятровіч Корбут: “Прывітаньне, праменьчык сьвятла ў цёмным царстве! У мяне да Вас пытаньне, на якое я ўжо некалькі год нідзе не магу знайсьці адказ. У Бабруйску ўсе прыгарадныя аўтобусы і нават маршруткі возяць пасажыраў у працоўныя дні па адным кошце, а па суботах, нядзелях і ў сьвяточныя дні на 40-50% даражэй. Гарбату і каву не даюць. Бэнзін і дызэльнае паліва каштуе ва ўсе дні аднолькава, дык за што ж церпіць пасажыр? Праўда, некаторыя работнікі аўтапарку асьцярожна сьцьвярджаюць: “У на свая мафія”. Але пасажырам ад гэтага не лягчэй. Зь вялікай павагай”.
XS
SM
MD
LG