Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: “Я веру, што ў нас будзе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры”


Радыё Свабода Генадзь Бураўкін – удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Я веру ў няспыннасьць жыцьця, у тое, што ніякія фюрэры і “бацькі народаў”, пры ўсёй іхняй харызматычнасьці, хітрасьці і подласьці ня змогуць павярнуць гісторыю назад. Пакалечыць, затрымаць яе разьвіцьцё – могуць; абдурыць і падначаліць сабе даверлівых людзей – могуць; але вярнуць чалавецтва ў каменны век, адвучыць яго ад дасягненьняў прагрэсу, выдраць зь мільёнаў душ зялёныя парасткі справядлівасьці і дабрыні ня ўдасца і ім, бязьлітасным і помсьлівым, нахабным і самаўпэўненым.

Вядома ж, хочацца, каб сьветлы заўтрашні дзень, пара праўды і спагаднасьці надышлі ўжо пры нас і ў нашым родным кутку, але так, на жаль, бывае не заўсёды. Галоўнае, каб такое абавязкова настала (няхай і не пры нас, а пры нашых дзецях і ўнуках), але каб непазьбежна адбылося, сьцьвердзілася, запанавала па Божай і людзкой волі.

Я веру, што наша Бацькаўшчына ўжо ў гэтым стагодзьдзі стане сапраўды вольнай і шчасьлівай, што палітыкі-авантурысты так і не далучаць яе ні да блізкіх, ні да далёкіх імпэрый, што неўзабаве мы ня будзем разгублена і спалохана азірацца ні на хамавітых братоў-суседзяў, ні на самазадаволеных заморскіх дарадцаў-дабрадзеяў, нарэшце пераканаемся і ў майстэрскасьці нашых рук, і ў яснасьці нашага розуму, і ў моцы нашай нацыянальнай еднасьці.

І я, далібог, ня буду крыўдаваць на нашчадкаў, калі некаторыя нашы сёньняшнія надзеі і турботы пададуцца ім наіўнымі і нават сьмешнымі. Хай сабе! Хай толькі ў іх высокіх кабінэтах стольнага Менску сядзяць не малапісьменныя местачковыя выскачкі, а дасьведчаныя выпускнікі лепшых унівэрсытэтаў сьвету зь веданьнем некалькіх замежных моваў, элегантныя і добразычлівыя!

Хай у іх з экранаў тэлевізараў гучаць не прымітыўныя ідэалягічныя даносы і пошлыя бяздарныя анэкдоты, а глыбокія аналітычныя развагі і мілагучныя родныя песьні! Хай матчынай мове будзе ўтульна і хораша і ў залі пасяджэньняў парлямэнту, і ў навуковых лябараторыях, і ў дзіцячых садках, і на эстрадных падмостках, і ў міжнародных цягніках!

Хай сівагаловыя вэтэраны, самаахвярна аддаўшы Радзіме і ўсе свае гады, і ўсе свае сілы, не баяцца больш, што аднойчы бессаромныя валадары –дэмагогі забяруць у іх сумленна заробленыя ільготы і пазьдзіраюць з вуліц шыльды зь імёнамі іхніх легендарных герояў-пабрацімаў!..

Я шчыра веру, што гэта магчыма. І не ў такой ужо далёкай пэрспэктыве. Толькі трэба навучыцца ўсім жорстка патрабаваць і з саміх сябе, і са сваіх лідэраў штодзённага служэньня высокім ідэалам праўды і справядлівасьці, не дапускаць двайной маралі /мне – можна, а іншым – ні ў якім разе/, быць гатовымі трываць нястачы дзеля агульных інтарэсаў, не паўтараць трагічных памылак і працаваць, працаваць, працаваць, перамагаючы ў сабе страх перад тупой сілай ці то ўлады, ці то лёсу, і радзей паўтараць сакральнае беларускае: “Толькі б не было вайны”.

Вайна павінна быць, бяскроўная і бескампрамісная – у душах, у дачыненьнях са злом /хіба яно зьнікла, хіба яно і цяпер не лаўчыцца ўлезьці і ў нашы хаты, і ў нашы думкі, і нават у казані сьвятароў?/, у адстойваньні сваёй годнасьці і права на роўнасьць паміж усімі паселенымі Богам на зямлі народамі...

А яшчэ я веру, што ў нас будзе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па паэзіі. І вельмі хачу, каб ім стаў чараўнік беларускага слова, бліскучы і невычэрпны Рыгор Барадулін. Ён заслужыў такой высокай адзнакі, як бясспрэчна заслугоўваў яе і незабыўны Васіль Быкаў. Ну а калі Нобэлеўскім ляўрэатам стане Ўладзімер Някляеў ці Алесь Разанаў, ці Віктар Жыбуль – радасьць мая будзе ніколькі ня менш узьнёслай і шчырай. Толькі дажыць бы да гэткага сьвята, хоць адным вокам зірнуць на сонечны золак роднай маёй зямелькі!

Я нядаўна бачыў іх зблізку – заўтрашні і ўчарашні дзень Беларусі. Было гэта на традыцыйным “Чарнобыльскім шляху”, калі па вуліцы годна і шырокаплынна мкнула шэсьце ўсьмешлівых, прыгожых дзяўчат і хлопцаў, а з-за вугольляў за імі па-воўчаму цікавілі натрэніраваныя амбалы ў чорнай уніформе. Маніфэстанты не хавалі сваіх сьветлых маладых твараў, а тыя, чорнапрывідныя, наглуха засланялі іх куленепрабівальнымі шлемамі. І заўтрашні дзень Бацькаўшчыны мне бачыўся, вядома ж, яснавокім і сьветлым, а чорныя груганы з дубінкамі у руках наплывалі жахлівым сном з прызабытага ўжо, сямідзесяцігадовай даўнасьці, мінулага.

І я веру, што будучыня наша – вось яна, побач, ня чорная і бязмоўная, а жаўрукова вясновая і звонкагалосая, сьветлая і лагодная, як цёплая вечарына і спакойнае, чыстае неба над галавой...

Вось у такую Беларусь я веру. Дзеля і ў імя такой Беларусі жыву.

Генадзь Бураўкін – паэт і грамадзкі дзеяч, былы прадстаўнік Беларусі ў ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG