Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсаваныя падзяліліся вопытам з моладзьдзю


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў гарадзенскай Уладзімірскай царкве мае адбыцца набажэнства, прысьвечанае ахвярам палітычных рэпрэсій. За іх будуць таксама маліцца ў каталіцкай капліцы на вул.Рэпіна. А ўчора ўвечары ў Горадні зьбіраліся за круглым сталом гісторыкі, моладзь, удзельнікі асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Дні памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў у горадзе наладзілі актывісты “Руху за свабоду”.

Карэспандэнт: “Мы заходзім у гарадзенскае Таварыства беларускай школы, тут адбудзецца круглы стол, прысьвечаны ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Ужо сабралася моладзь, некалькі старэйшых людзей, усяго ў памяшканьні больш за сорак чалавек.

Вядзе сустрэчу гісторык Эдуард Дмухоўскі, а пачынае гутарку за круглым сталом доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Смалянчук: “Іншым разам можна пачуць: у БССР забівалі, і ў Заходняй Беларусі палякі праводзілі рэпрэсіі і таксама рэпрэсавалі беларусаў. Сапраўды, палітыка польскай дзяржавы была палітыкай падаўленьня ўсяго беларускага, гэта безумоўна. Але ўсё ж ставіць на адну дошку нельга, тут зь беларускіх дзеячаў загінулі адзінкі ў трыццатыя гады, у БССР выжылі адзінкі.

Той жа 1939 год быў страшным у гісторыі нашага гораду. Людзі казалі, што расстрэльвалі на тэрыторыі турмы, што расстрэльвалі ў Пышках, у раёне старых жыдоўскіх могілак, непадалёк мосту праз Нёман”.

Дмухоўскі: “Мне ўзгадалася гісторыя маёй сям’і: я ўнук рэпрэсаванага, майму дзеду вельмі пашанцавала, ён адседзеў усяго тры гады, таму што Сталін памер, і дзеда потым выпусьцілі. Але маёй стрыечнай бабулі не пашанцавала, у яе ўсю сям’ю ў 39-40-м гадах узімку вывезьлі, муж ня вытрымаў – памёр, яна засталася з маленькімі дзецьмі, у яе было немаўлятка, іх вывезьлі ў Архангельск, і гэтае дзіця памерла, была зіма. І яна яго хавала ў сьнезе: разумееце, у Архангельску інакш гэта было немагчыма.

У нас зараз ёсьць унікальная магчымасьць пачуць жывыя гісторыі. Я хачу, каб перад намі выступіла Тамара Пятроўна Сьвірыдава”.

Сьвірыдава: “Наш бацька кадравы вайсковец, напачатку вайны трапіў у палон. Там было тры канцлягеры, з кожнага ён уцёк. У 45-м годзе амэрыканцы яго вызвалілі з фашысцкага палону, але літаральна праз тры месяцы ён трапляе ў сталінскія лягеры, яшчэ страшнейшыя. Са сталінскага лягеру ён жывым ужо ня выйшаў. Самае страшнае: мама нашая памерла, нам з сястрой было па чатыры гадкі. Помню, што мы па памыйках лазілі, шукалі ежу. Потым мы трапілі ў страшны дзетпрыёмнік у Стэрлітамаку. Помніцца штосьці страшнае і чорнае. Мы ня ведалі, што мы дзеці ворага народу, але да нас ставіліся як да дзяцей ворага народу. Але мы ўсё-ткі выжылі, нам цяпер па 68 год хутка будзе, мы выжылі ўсім ворагам на злосьць”.

Тамара Пятроўна Сьвірыдава – дачка “ворага народу”: рэпрэсаванага афіцэра Чырвонай арміі, які быў рэабілітаваны толькі ў 1975 годзе. А зараз прафэсар Іван Лепешаў.

Лепешаў: “У кабінэце чэкіст маёр Волкаў выняў пісталет: ты арыштаваны. Пяць з паловай гадоў у сталінскіх лягерах. Як выйшаў, я цэлы год ня мог знайсьці работу, нідзе не давалі, паколькі ў дакумэнце напісана: вярнуўся са зьняволеньня, “вораг народу”.

Дмухоўскі: “Мы толькі пачынаем, я думаю, мы яшчэ будзем зьбірацца, таму што ёсьць гарадзенскія Курапаты, ёсьць сьведчаньні, што існуюць такія месцы. Трэба весьці дасьледчыцкую працу, запрашаю маладых, каму гэта цікава, далучацца да гэтай працы.

Што яшчэ мы зрабілі на сёньняшні дзень? Адбылося набажэнства ў Калоскай царкве, дзе бацюшка маліўся за ўсіх рэпрэсаваных, як ён сказаў: “За всех невинно убиенных богоборческой властью в нашем Отечестве”.





На здымках: успамінае дачка “ворага народу” Тамара Сьвірыдава; моладзь слухае.
XS
SM
MD
LG