Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа прывезьці зь Менску зорка фартэпіяннага джазу?


Дзьмітрый Падбярэзскі, Менск Канцэрты ў Беларусі сапраўдных зорак сусьветнай папулярнай музыкі — рэдкасьць. Сёньня ў канцэртнай залі Белдзяржфілярмоніі выступіць польскі джазавы піяніст Лешак Можджар, зь імем якога зьвязаны фэномэн новай генэрацыі польскай фартэпіяннай музыкі наогул.

Цягам сямі апошніх гадоў Лешак Можджар нязьменна прызнаецца ў Польшчы лепшым джазавым піяністам. У ягоным творчым здабытку каля 40 выдадзеных альбомаў, ягоныя творчыя памкненьні ахопліваюць, з аднаго боку, супрацоўніцтва з выканаўцамі рок-музыкі і нават гіп-гопу, напісаньне музыкі да рэклямы, а зь іншага — імправізацыі на тэмы славутых твораў Шапэна і музыка для тэатру ды кіно. Ён выступаў з многімі славутасьцямі сусьветнай джазавай музыкі, а вяршыняй ягонай кар’еры пакуль зьяўляецца выступ у дуэце з Адамам Маковічам у 2004 годзе на сцэне Карнэгі-хол. Канцэрт у Менску наладжаны зь ініцыятывы Польскага інстытуту і анансуе цэлы цыкл праграм зорак польскага джазу.

Беларускае джазавае фартэпіяна – таямніца

Лешак Можджар прыяжджае ў Беларусь упершыню і, зразумела, ня ведае, наколькі тутэйшая публіка дасьведчаная ў галіне джазу. Але, як высьветлілася, для яго неістотна, у якой краіне выступаць.

“Публіка — гэта перш за ўсё людзі. І гэта мяне найбольш цікавіць, – расказвае Можджар. – Я мушу паказаць ім сваю музыку, і мне здаецца, што калі ў чалавека адкрытае сэрца, я зь ім заўжды паразумеюся”.

У праграме канцэрту прагучаць як уласныя творы піяніста, так і ягоныя імправізацыі на тэмы Шапэна. Менавіта такім чынам Лешак Можджар складае свае праграмы, калі выступае з канцэртамі па ўсім сьвеце. У той жа час беларускае джазавае фартэпіяна зьяўляецца для яго таямніцай.

“На жаль, няшмат чаго ведаю і спадзяюся даведацца больш. Спадзяюся, прывязу з сабой зь Беларусі нейкія дыскі, і мне вельмі прыемна, што атрымаю магчымасьць пазнаёміцца з музыкай гэтага краю”, – гаворыць Можджар.

“У нас з джазавай адукацыяй праблемы"

Што ж можа Лешак Можджар прывезьці з сабой дадому? За выключэньнем выдадзенага два гады таму альбому памерлага ўжо Аркадзя Эскіна, практычна нічога. Чаму ж у Беларусі, вядомай ва ўсім сьвеце моцнай акадэмічнай фартэпіяннай школай, джазавых піяністаў амаль няма? Пра гэта я запытаў у шэф-рэдактара часопісу “Джаз-квадрат” Алеся Астраўцова.

“У прынцыпе ў нас з джазавай адукацыяй наогул праблемы. – разважае Астраўцоў. – У нас ёсьць эстраднае аддзяленьне ва ўнівэрсытэце культуры, але ж менавіта ўхілу на джаз ніхто ня робіць. Калі зьяўляюцца энтузіясты, зьяўляецца і школа, і музыкі. Але на фартэпіяна акрамя Аркадзя Эскіна нікога не было, і зараз мы згубілі вельмі шмат зь ягоным адыходам. Таму што ён выгадаваў некалькі чалавек, і яны дагэтуль іграюць. Калі ёсьць асоба, яна ня можа не падзяліцца зь іншымі”.

Падчас канцэртаў Лешак Можджар вельмі актыўна кантактуе з публікай. Таксама ён вядомы як дасьціпны аўтар уласнага дзёньніку. Вось адзін зь ягоных запісаў: “Закрыты канцэрт для польскіх палітыкаў у нейкім гатэлі. Палітыкі — гэта найгоршая публіка, якую толькі можна сабе ўявіць”.

Слухаць:

Гучыць фрагмэнт імправізацыі на тэму мазуркі соль-мінор Шапэна, (опус 24 №1) у выкананьні Лешака Можджара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG